Яна распавяла пра выкраданне Пратасевіча, рэпрэсіі і катаванні над палітвязнямі ў Беларусі: «Рэжым ператварыў нашу цудоўную краіну ў велізарны турэмны лагер з амаль 500 палітычнымі вязнямі – і яшчэ сотні людзей, хутчэй за ўсё, папоўняць гэты спіс. Беларусы, якія змагаюцца з адчаем і лаянкай у турмах, ідуць на крайнія меры: за апошнія тыдні мы даведаліся пра некалькі спробаў суіцыду і смерці».
Ціханоўская заклікала сусветных лідараў:
– падтрымаць рэпрэсаваных беларусаў і іх сем'і, незалежныя СМІ і праваабаронцаў;
– расследаваць злачынствы рэжыму і ўзмацніць яго эканамічную ізаляцыю: «Эканамічныя санкцыі – гэта не панацэя, але яны неабходныя для ўзмацнення ціску, асабліва ў канкрэтных сектарах эканомікі, як нафта і нафтапрадукты, калійная, сталеліцейная і дрэваапрацоўчая прамысловасць. Санкцыі таксама павінны распаўсюджвацца на дзяржаўную прапаганду»;
– развіваць агульны План дапамогі ЕС і распрацоўваць нацыянальныя планы для падтрымкі дэмакратычнай Беларусі;
– правесці канферэнцыю аб вырашэнні крызісу ў Беларусі і абмеркаваць пытанне Беларусі на G7 і Саміце ўсходняга партнёрства – і запрашаць на любыя падобныя мерапрыемствы беларускія дэмакратычныя сілы, а не прадстаўнікоў рэжыму;
– не дапусціць сітуацыі гандлем палітвязнямі і памятаць, што вырашыць крызіс можна толькі правядзеннем новых сумленных выбараў.
Поўны тэкст выступу – на сайце Святланы Ціханоўскай.
На форуме таксама выступіла літоўская прэм'ер-міністр Інгрыда Шыманітэ, якая заявіла, што адзіны шлях для Беларусі – спыненне катаванняў, вызваленне палітвязняў, дыялог з грамадзянскай супольнасцю і новыя прэзідэнцкія выбары ў гэтым годзе.