«Сенатар Менендэс, шаноўныя сябры камітэта, дзякуй за магчымасць пагаварыць з вамі пра цяжкае становішча дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі і яго наступствы для рэгіянальнай бяспекі і глабальных інтарэсаў.
Я падзялюся з вамі кароткім каментаром, а таксама папрашу старшыню Менендэса прыняць мае паказанні для публічнай справаздачы.
У 2020 годзе беларусы прагаласавалі супраць Аляксандра Лукашэнкі і выйшлі з пратэстам супраць ягонай адмовы сысці ў адстаўку. Нелегітымны рэжым адказаў беззаконнымі рэпрэсіямі супраць палітычных сілаў, грамадзянскай супольнасці і СМІ. Сістэмныя рэпрэсіі закранулі літаральна ўсе пласты грамадства: жанчынаў і мужчынаў, дзяцей і пенсіянераў, працоўных і настаўнікаў, спартоўцаў і юрыстаў, медыкаў і рэлігійныя суполкі.
Арышты суправаджаюцца гвалтам, катаваннямі і абыходжаннем, якое прыніжае годнасць, што прыраўнянае да злачынстваў супраць чалавечнасці, гэта неаднаразова прызнавалася міжнароднай супольнасцю, у тым ліку ў дакладах экспертаў ААН і АБСЕ.
Рэпрэсіі прывялі да 60 тысячаў адміністрацыйных арыштаў і крымінальных справаў, не менш за 5 тысячаў палітвязняў і сотняў тысячаў беларусаў, якія ўцякаюць з роднай краіны. Тэрміны неверагодна вялікія. Напрыклад, мой муж Сяргей Ціханоўскі атрымаў 20 гадоў турмы, мой уласны тэрмін – 15 гадоў. Мы не можам чакаць заканчэння гэтых тэрмінаў, мы павінны зрабіць усё, каб скончыць з рэжымам і вызваліць людзей.
Імёны многіх палітвязняў сталі сімваламі мужнасці і годнасці – Ігара Лосіка, Марыі Калеснікавай, Паўла Севярынца, Мікалая Статкевіча, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага – і гэта толькі некаторыя з іх. Але тысячы іншых застаюцца нябачнымі і атрымліваюць вельмі мала падтрымкі. Рэпрэсіі закранулі больш за 1500 беларусаў, якія падтрымліваюць Украіну і выступаюць супраць вайны.
Рэжым абыходзіцца з палітвязнямі як з закладнікамі, выкарыстоўваючы іх, каб сеяць страх унутры краіны і гандлявацца за міжнароднае прызнанне. Рэжым падтрымлівае высокі ўзровень тэрору, мяняючы палітычную сістэму, ідэалогію і заканадаўства на неасталінізм. У Беларусі само паняцце салідарнасці па-за законам, рэжым спрабуе разарваць усе гарызантальныя сувязі ў грамадстве.
Тым не менш, беларусы ні на дзень не адмаўляюцца ад змагання. Але зараз мы павінны вырашыць дзве найскладанейшыя задачы: вызваліць Беларусь ад тыраніі і захаваць яе незалежнасць. Дэмакратычныя сілы Беларусі не дэлегуюць гэтую працу – гэта наш абавязак і адказнасць. Але нам неабходная дапамога свету, каб перамагчы ў гэтай бітве.
Няма сумневаў у тым, што незалежная, суверэнная, дэмакратычная Беларусь адпавядае інтарэсам усёй міжнароднай супольнасці. Мы, беларусы, з'яўляемся законнай сілай для ўсталявання дэмакратыі ў сваёй краіне, і гэта па змаўчанні не можа разглядацца як умяшанне ва ўнутраныя справы.
З 2020 года мы назіраем беспрэцэдэнтны паток падтрымкі і салідарнасці. Зараз мы павінны ператварыць гэтую энергію ў міжнародную стратэгію для незалежнай і суверэннай Беларусі.
Самым разбуральным фактарам для дэмакратычных надзеяў беларусаў стала ўмяшанне Расіі ў нашыя ўнутраныя справы. Без дапамогі Крамля Лукашэнка страціў бы ўладу яшчэ да 2020 года. Каб вярнуць пазыку, ён ідзе на незаконныя саступкі Расіі. Гэта ўключае ў сябе пагадненні аб пашырэнні расійскай ваеннай прысутнасці і перадачы эканамічнага і фінансавага кантролю Маскве. Расійскія вайскоўцы свабодна выкарыстоўваюць тэрыторыю Беларусі, што робіць нашую краіну суагрэсарам у вайне супраць Украіны. Каб дагадзіць Маскве і вызваліць месца для рускага міру, Лукашэнка разбурае беларускую нацыянальную ідэнтычнасць, стрыжань душы нашай нацыі і супраціў знешнім пагрозам.
Нарэшце, Пуцін аб'явіў, што Расія размесціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі да 1 ліпеня гэтага года. Гэта ягоны спосаб стрымаць заходнюю падтрымку Украіны, і гэта таксама паказвае Лукашэнку марыянеткай Пуціна. Хтосьці назаве гэта акупацыяй, хтосьці паўзучай анексіяй, але зразумела, што дзеянні Расіі наносяць шкоду беларускім і глабальным інтарэсам. Пакуль Беларусь застаецца пад кантролем Расіі, яна будзе фарпостам яе агрэсіўных праектаў, а гэта непрымальна ні для нас, ні для свету.
Надышоў час для жорсткага адказу на варожыя, каланізатарскія дзеянні Расіі супраць Беларусі. Я заклікаю свет падтрымаць нашае патрабаванне аб поўным вывадзе расійскіх войскаў з Беларусі і поўным спыненні іх удзелу ў вайне. Мы не можам адкладаць пытанне Беларусі да заканчэння вайны. Як мы бачым, дэмакратычная Беларусь рэзка скараціла б шлях да перамогі Украіны. Больш за тое, мы бачым, што дасягненне ўстойлівага міру магчымае ў выніку комплекснага падыходу да стабілізацыі ў рэгіёне. Такі падыход павінен уключаць план Маршала для Украіны, Малдовы і Беларусі, паколькі рэгіянальная бяспека і стабільнасць магчымыя толькі тады, калі ўсе гэтыя краіны будуць вольныя ад кантролю Масквы.
Нам таксама трэба гарантаваць, што ў пасляваенных дамоўленасцях не будзе месца асаблівым інтарэсам Расіі ў Беларусі. Такія ўгоды закладуць аснову для новай нестабільнасці. У дыскусіі пра мір павінны ўдзельнічаць і беларускія дэмакратычныя сілы, якія валодаюць легітымнасцю і думаюць пра нацыянальныя інтарэсы.
Расія адмаўляе і Беларусі, і Украіне ў іх фундаментальным праве на суверэнную дзяржаву. Аднак гэтыя дзве краіны – не канчатковая мэта расійскіх амбіцыяў, а крок на шляху да дэмантажу трансатлантычнага партнёрства. Таму я заклікаю ЗША і краіны-аднадумцы працягваць падтрымліваць Украіну, у тым ліку самай перадавой ваеннай тэхнікай, у яе мужнай барацьбе за права быць сабой і самастойна вызначаць сваю будучыню.
Вайна дала зразумець беларусам, што адносіны з варожай Расіяй мусяць змяніцца. Аб'яднаны Пераходны Кабінет распрацаваў падыход да перагляду адносінаў з Расіяй, які ўключае ў сябе выхад з ваеннага саюза з Расіяй і Дамовы аб Саюзнай дзяржаве. Замест гэтага мы пачалі працаваць над еўрапейскай перспектывай для Беларусі, што будзе ўключаць далучэнне да рэгіянальных ініцыятываў і шырокага партнёрства з суседнімі дзяржавамі. Я заклікаю Кангрэс ЗША падтрымаць гэтую стратэгічную змену для Беларусі.
Кангрэс ЗША заўсёды праяўляў актыўную пазіцыю па Беларусі. У 2021 годзе ў Палаце прадстаўнікоў афіцыйна стартаваў беларускі кокус. Сенатар Шэйхін і сенатар Уікер заснавалі ў Сенаце фракцыю «Свабодная Беларусь». Кангрэс прыняў чатыры ітэрацыі Закона аб дэмакратыі ў Беларусі, а таксама рэзалюцыі, якія ацэньваюць і асвятляюць падзеі ў Беларусі. Зараз надышоў зручны момант для абнаўлення Закона аб дэмакратыі ў Беларусі з улікам ролі Лукашэнкі ў вайне і прапановай адпаведнай палітыкі для ўрада ЗША.
Лукашэнка пазбавіўся мандата прадстаўляць беларускі народ. Тым не менш, ён і Пуцін успрымаюць адсутнасць поўнага непрызнання як зялёнае святло для рэалізацыі сваіх незаконных амбіцый, пры гэтым атрымліваючы асалоду ад сваёй беспакаранасці. Я заклікаю ЗША цалкам адмовіцца ад прызнання Лукашэнкі і ягонага рэжыму як падкантрольных замежным сілам на шкоду самой дзяржаўнасці Беларусі. Гэты працэс павінен суправаджацца ўсё большым прызнаннем дэмакратычных сілаў.
Санкцыі ЗША супраць рэжыму Лукашэнкі паказалі свой уплыў. Гэты рычаг павінен быць узмоцнены шляхам закрыцця шчылінаў і паляпшэння каардынацыі з ЕС, Вялікабрытаніяй і Канадай.
Рэжым замешаны ў мностве злачынстваў і павінен несці адказнасць за злачынствы супраць чалавечнасці і за саўдзел у ваенных злачынствах ва Украіне. Лукашэнка зрабіў магчымай вайну супраць Украіны. Напад на Кіеў і Бучу быў здзейснены з Беларусі. Ён застаецца адзіным саюзнікам Расіі, выконваючы ўсе просьбы Пуціна і жорстка заціскаючы любыя формы пратэсту беларусаў супраць вайны. Лукашэнка заслугоўвае таго, каб сядзець побач з Пуціным перад трыбуналам за здзейсненыя злачынствы.
Нарэшце, я хачу паўтарыць неабходнасць не проста трымаць Беларусь у парадку дня, але зрабіць гэтую ўвагу практычнай, засяродзіць міжнародныя намаганні на тым, каб адабраць прастору і рэсурсы ў рэжыма. Супрацоўніцтва з ЗША ў гэтай сферы аказалася дзейсным, і яго можна яшчэ больш нарасціць, асабліва калі гаворка ідзе пра ААН і Раду Бяспекі.
На заканчэнне я хацела б выказаць падзяку Злучаным Штатам, народу і ўраду ЗША за дзесяцігоддзі вашай прынцыповай і шчырай падтрымкі дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі. Сусветнае лідарства ЗША ў гэтых пытаннях заўсёды грала вырашальную ролю. Мы падзяляем адны і тыя ж каштоўнасці і памкненні, і мы павінны працягваць гэтую барацьбу разам.
Дзякуй».