Святлана Ціханоўская: «Роўна два гады таму загінуў Раман Бандарэнка. Ён усяго толькі выйшаў ва ўласны двор, каб спытаць незнаёмцаў, навошта тыя зразаюць стужкі з плота. Той ноччу ён ужо не вярнуўся назад у сваю кватэру.
Смерць Рамана дагэтуль не расследаваная афіцыйнымі органамі, якія цынічна называюць сябе праваахоўнымі. Вінаватыя ў яго смерці дагэтуль на волі. Рэжым робіць выгляд, што гэтай жудаснай падзеі ўвогуле не было. Але мы – беларусы – памятаем.
Мы памятаем пра Рому і пра ўсіх нашых герояў. Мы ніколі не забудземся гэтую несправядлівасць і гэты боль. І мы не спынімся, пакуль вінаватыя ў забойствах, збіцці і катаваннях мірных і свабодных беларусаў – не будуць прыцягнутыя да адказнасці.
Я памятаю, як роўна два гады таму ў гэты дзень не магла знайсці словаў пра гэтую трагедыю. Я не магла знайсці слоў падтрымкі для маці Ромы, бо разумела, што любых словаў будзе недастаткова. Сёння іх па-ранейшаму недастаткова, але гэта не значыць, што мы будзем маўчаць».