«Сёння падчас візіту я даведалася, што апеляцыю па справе майго мужа Сяргея Ціханоўскага адхілілі. Я не здзіўленая гэтаму, веры ў правасуддзе ў такіх «судах» даўно няма – і ў нас ёсць больш за 1215 доказаў гэтаму.
Сяргея я не бачыла ўжо два гады – з 29 траўня 2020 года. На мінулым тыдні я запісвала відэа да гэтай даты – і калі яно было гатовае, я села з дачкой яго глядзець. Яна глядзела на тату і плакала. Я разумею, чаму. Але я чытаю паведамленні беларусаў пра Сяргея пад гэтым відэа – і яны грэюць сэрца. І калі вам таксама не хапае Сяргея – адкрыйце новы фільм «Краіны для жыцця», у ім сябры і знаёмыя распавядаюць шмат кранальных і важных дэталяў пра Сяргея.
Ці хочацца мне кагосьці абвінаваціць у тым, што зараз усё вось так? Часам узнікае такое пачуццё – але я разумею, што гэта хутчэй ад стомленасці і расчаравання, што наш шлях апынуўся даўжэйшым, чым нам хацелася б. Напэўна, ён першапачаткова быў такім – але нам не хацелася гэтага заўважаць.
Але за гэтыя два гады мы не сталі любіць дыктатуру, Лукашэнку і здзеклівае стаўленне да людзей. Мы выбралі будучыню, а не мінулае – ужо назаўжды. Значыць, у нас няма іншага варыянту, акрамя як да яе прыйсці. І па дарозе стаць больш дарослымі і смелымі як нацыя. Таму што палітвязні зараз праходзяць менавіта такі шлях, а адна з нашых галоўных задачаў – быць побач».