Учора Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у 29-й Міністэрскай Радзе АБСЕ, якая адбываецца ў Польшчы ў Лодзі. Такім чынам АБСЕ і Польшча, якая старшынюе ў арганізацыі, вырашыла падтрымаць дэмакратычных прадстаўнікоў Беларусі. Удзельнічаў і прадстаўнік рэжыму, Андрэй Дапкюнас, з якім Ціханоўская перасеклася перад пачаткам паседжання.
Святлана Ціханоўская правяла двухбаковую сустрэчу з міністрам замежных справаў і віцэпрэм’ерам Малдовы Нікалаэ Папэску. Цягам апошніх месяцаў адносіны з Малдовай інтэнсіфікаваліся, прадстаўнік Ціханоўскай Анатоль Лябедзька браў удзел у слуханнях у парламенце, і там была афiцыйна створаная група сяброў дэмакратычнай Беларусі, нягледзячы на пратэст малдоўскіх камуністаў. Плануецца візіт Ціханоўскай у Малдову ў першай палове наступнага года.
Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з генеральнай сакратаркай АБСЕ Хельгай Шміт – гэта першая іх афіцыйная сустрэча, хоць раней яны ўжо сустракаліся двойчы, але нефармальна. Гаварылі пра супольныя захады дзеля вызвалення палітвязняў, доступу да турмаў міжнародных прадстаўнікоў, прыцягненне да адказнасці вінаватых у злачынствах. Абмеркавалі стан Марыі Калеснікавай і Алеся Бяляцкага. Ціханоўская прапанавала перазапусціць Маскоўскі механізм АБСЕ.
Таксама беларуская лідарка сустрэлася з генеральным сакратаром Парламенцкай асамблеі АБСЕ Рабертам Мантэлам і прэзідэнткай Парламенцкай асамблеі Маргарэтай Седэрфельт, мела кароткія размовы з міністрамі замежных справаў Літвы, Эстоніі, Аўстрыі, Партугаліі, Бельгіі, Германіі і некаторых краінаў, якія папрасілі не публічыць факт сустрэчы.
У другой палове дня Ціханоўская выступала на дыскусіі, прысвечанай Беларусі, арганізаванай Эстоніяй і ЗША пры падтрымцы 37 краінаў-чальцоў АБСЕ. У сваім выступе яна распавяла гісторыі палітвязняў: Марыі Калеснікавай, Алеся Бяляцкага, Сяргея Ціханоўскага, таксама пра добраахвотніка Паўла Волата і яго маці Наталлі Суславай. Яна заклікала АБСЕ дабівацца доступу да палітвязняў, патрабаваць вываду расійскіх войскаў з беларускай тэрыторыі, падтрымаць перазапуск Маскоўскага механізму ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Майкл Карпентэр, кіраўнік дэлегацыі ЗША, заявіў, што прапанаваныя крокі будуць разгледжаныя і рэалізаваныя.
«Мы павінны былі добра засвоіць, што адзінае, што нам засталося, адзінае, што будзе працаваць супраць тыранаў, – гэта зладжаныя, смелыя, рашучыя дзеянні. Я прашу вас не ўпусціць гэты шанец абараніць будучыню дэмакратыі ў Еўропе. Бо сёння стаўкі як ніколі высокія. І я не ведаю, ці будзе ў нас іншы шанец», – закончыла выступ Ціханоўская.
Пасля Ціханоўскай слова ўзялі прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці і кіраўніца Міжнароднай платформы збору доказаў злачынстваў Лукашэнкі.