Святлана Ціханоўская выступіла на адкрыцці Міжнароднага саміту гарадоў і рэгіёнаў у Кіеве. У адкрыцці саміту ўдзельнічалі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, спікер Вярхоўнай Рады Руслан Стэфанчук, прэм’ер-міністарка Украіны Юлія Свірідэнка, прадстаўнікі ўрада, рэгіёнаў, гарадоў, міжнародных арганізацыяў і партнёрскіх краінаў.
У сваёй прамове Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што перамога Украіны мае вырашальнае значэнне і для будучыні Беларусі. Яна адзначыла, што галоўны ўнёсак свабоднай Беларусі ў бяспеку Украіны ў будучыні — гэта гарантыя, што больш за тысячу кіламетраў супольнай мяжы будуць бяспечнымі.
«Для мяне не стаіць пытанне, ці пераможа Украіна. Адзінае пытанне — калі. І гэта залежыць ад таго, колькі мы робім, каб наблізіць гэты момант. Украіна змагаецца за сябе і за ўсе народы, якія занадта доўга жылі ў цені імперыі. Яна змагаецца за права жыць у міры. І лёс маёй краіны, Беларусі, таксама залежыць ад поспеху Украіны.
Я веру, што перамога Украіны адкрые шлях да свабоднай Беларусі.
Я ўбачыла велізарную цану, якую Украіна заплаціла і працягвае плаціць кожны дзень за нашу агульную будучыню. Таму галоўнае, што Беларусь можа і павінна даць Украіне ў будучыні, — гэта бяспека. Гарантыя таго, што больш за тысячу кіламетраў супольнай мяжы будуць бяспечнымі. Што Беларусь ніколі больш не стане плацдармам для агрэсіі. Што расійскія танкі ніколі больш не пройдуць праз Беларусь на Чарнігаў, Жытомір, Роўна ці Кіеў.
Я перакананая: калі Беларусь стане свабоднай, нашы гарады і рэгіёны з абодвух бакоў мяжы адновяць партнёрства і супрацоўніцтва. І гэта ўжо не пытанне, ці адбудзецца гэта. Пытанне толькі — калі».
