• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Імпрэза для беларусаў у Варшаве, размова з палком Каліноўскага, візіт у Аўстрыю і Бельгію. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай за 5-11 чэрвеня 2023

    12 чэрвеня, 2023

    5 чэрвеня з’явілася інфармацыя, што ў РАУС горада Ліды раптоўна памёр Дзмітрый Сарокін. Трагедыя адбылася яшчэ ў чацвер, 1 чэрвеня, а сілавікі па-ранейшаму ўсё хаваюць і спрабуюць «замяць» чарговае самавольства. Святлана Ціханоўская выказала спачуванні родным і сябрам Дзмітрыя. 

    СХОД БЕЛАРУСКІХ ІНІЦЫЯТЫВАЎ. 14 чэрвеня ў Варшаве адбудзецца адкрытая сустрэча беларусаў замежжа, якую арганізоўваюць Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб'яднаны Пераходны Кабінет, Каардынацыйная рада, Беларускі Моладзевы Хаб. Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з гэтай нагоды: «Усім нам важна не губляць сувязі адно з адным, не аддаляцца, а наадварот шукаць аднадумцаў і будаваць новыя супольнасці. Знаёміцца з людзьмі, якія ствараюць праекты, ініцыятывы, дзеляцца ідэямі – і далучацца да іх. 14 чэрвеня ў вас будзе такая магчымасць. Мы арганізоўваем адкрытую імпрэзу для беларусаў у Варшаве». А кіраўнік аддзела па знешніх сувязях Данііл Гаркавы распавёў у відэа, якія актыўнасці чакаюць удзельнікаў імпрэзы.

    Імпрэза «Яднайся!» пройдзе па адрасе: Варшава, пл. Канстытуцыі 6, Беларускі Моладзевы Хаб. Больш інфармацыі на сайце jadnajsia.org. Калі ў вас ёсць нейкія пытанні – пішыце іх у @AskOffice_Bot.

    АДКАЗНАСЦЬ ДЛЯ ПАМАГАТЫХ РЭЖЫМУ. 12 чэрвеня ў Вільні праходзіць міжнародная Канферэнцыя «Адказнасць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці і міграцыйны крызіс: перспектывы міжнароднага правасуддзя», якую арганізоўвае міністэрства юстыцыі Літвы сумесна з Law and Democracy Centre. У Канферэнцыі прымуць удзел Святлана Ціханоўская, прадстаўнікі Офіса і Аб'яднанага Пераходнага Кабінета.

    ВІЗІТ У АЎСТРЫЮ. 5-7 чэрвеня Святлана Ціханоўская знаходзілася з працоўным візітам у Вене, дзе сустрэлася з прэзідэнтам, міністрам замежных справаў, міністаркай па еўрапейскіх справах, Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека, амбасадарам ЗША пры АБСЕ. Таксама беларуская лідарка выступіла на канферэнцыі па правах чалавека ў Вене, дзе адзначыла, што рэжым спрабуе ўзмацніць рэпрэсіі, прыкрываючыся вайной, з-за чаго сітуацыя ў Беларусі пагаршаецца, нягледзячы на ўсе існыя міжнародныя механізмы.

    РАЗМОВА З ПАЛКОМ КАЛІНОЎСКАГА. 7 чэрвеня Святлана Ціханоўская правяла размову з прадстаўнікамі палка Каліноўскага і дэпутатамі Вярхоўнай Рады Украіны.

    ВІЗІТ У БРУСЕЛЬ. 8 чэрвеня Святлана Ціханоўская выступіла разам з прэзідэнткай Еўрапарламента Рабертай Мецолай на саміце жанчын-палітычных лідарак. У сваёй прамове яна адзначыла, што: «Барацьба беларускіх жанчын, якая пачалася ў 2020 годзе, не скончылася. Перамога беларусаў над дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі непазбежная. Перамога Украіны над расійскім рэваншызмам – пытанне часу і нашай салідарнасці. Перамога дэмакратыі над тыраніяй – нашая агульная задача і абавязак».

    ПАМЯЦІ ГЕРОЯЎ. 9 чэрвеня Святлана Ціханоўская наведала выставу ў Сейме Літвы, прысвечаную памяці беларусаў, якія змагаліся і загінулі ва Украіне. Там з хвіліны маўчання пачалася цырымонія ўручэння медалёў. Беларуская лідарка ўручыла ўзнагароды «Гонар і годнасць» ад імя Аб'яднанага Пераходнага Кабінета родным беларускіх герояў, якія загінулі ва Украіне, – Міраслава Лазоўскага (Мыш), Васіля Парфянкова (Сябро), Івана Марчука (Брэст), Змітра Рубашэўскага (Ганс) і Паўла Суслава (Волат).

    РЭАКЦЫЯ НА ПАДРЫЎ ДАМБЫ ВА УКРАІНЕ. Святлана Ціханоўская звярнулася да ўкраінцаў і ўкраінак: «Я не магу нават уявіць, што вы цяпер адчуваеце. Маё сэрца з кожным з вас, трымайцеся». Таксама яна асудзіла дзеянні Расіі: «Расія чарговы раз паказала свету, што стварае пагрозу ўсяму жывому. Гэты і іншыя выпадкі не застануцца без увагі міжнароднай супольнасці. Расія павінна заплаціць за свае злачынствы ва Украіне». 

    БЕЛАРУСЬ-ЛАТВІЯ. Пры пасярэдніцтве прадстаўніка Офіса Віталя Малчанава і дарадцы Святланы Ціханоўскай па міжпарламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоля Лябедзькі, у Латвіі была створаная парламенцкая група «За дэмакратычную Беларусь».

    РАДА БЯСПЕКІ ААН. 6 чэрвеня Генеральная Асамблея ААН сказала рашучае «не» рэжыму Лукашэнкі на выбарах у Раду Бяспекі ААН. Святлана Ціханоўская пракаментавала: «153 дзяржавы прагаласавалі супраць дыктатуры і беззаконня ў Беларусі. Гэта адзнака міжнароднай супольнасці таму, як рэжым Лукашэнкі парушае правы чалавека, міжнароднае права, распачынае ўзброеную агрэсію супраць Украіны і размяшчае чужую ядзерную зброю на тэрыторыі нашай краіны. Беларусь абавязкова будзе абраная ў Раду Бяспекі ААН – калі мы вызвалім яе ад дыктатуры, няпрошанай ваеннай прысутнасці і залежнасці ад чужых інтарэсаў, і пабудуем дэмакратычную краіну». 

    МАГЧЫМАСЦІ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ. Выйшаў новы выпуск дайджэсту «Асвета», дзе сабраныя міжнародныя магчымасці для беларускіх студэнтаў і даследчыкаў. 

    РАЗМОВЫ З БЕЛАРУСАМІ. У панядзелак, 5 чэрвеня, Святлана Ціханоўская правяла штотыднёвыя асабістыя размовы з беларусамі. Прачытаць пра тое, што такое асабістыя размовы і як яны праходзяць можна тут.

    ВАЛАНЦЁРЫ ОФІСА. 9 чэрвеня адбылася сустрэча валанцёраў Офіса і прэс-сакратаркі Святланы Ціханоўскай Ганны Красулінай. На сустрэчы яна распавяла пра асаблівасці працы з медыя: чаму гэтая праца важная, што ў гэтым кірунку робіць Офіс, як інтэрв’ю Святланы Ціханоўскай дапамагаюць Беларусі і іншае. 

    ЭКСПЕРТНЫЯ ДЫСКУСІІ. 8 чэрвеня Офіс Святланы Ціханоўскай і Оксфардская абсерваторыя па Беларусі правялі экспертную дыскусію на тэму: «Устойлівыя аўтакратыі: чаму мы можам навучыцца з іх паразаў?» Аналітычныя брыфы па выніках папярэдніх вэбінараў вы можаце прачытаць тут.

    МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю EUObserver (Міжнароднае), Monocle (Вялікабрытанія), Pravda (Славакія), SME (Славакія), Dennik N (Славакія), RTVS (Славакія), Podkasty (1, 2) (Славакія).

    Апошнія навіны