• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Дамова аб супрацоўніцтве Еўрапарламента і дэмакратычных сілаў, Фонд падтрымкі палітзняволеных. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 29 красавіка-5 траўня 2024

    06 мая, 2024

    ДАМОВА АБ СУПРАЦОЎНІЦТВЕ ЕЎРАПАРЛАМЕНТА І ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛАЎ

    На гэтым тыдні падчас працоўнага візіту на Мальту Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнткай Еўрапейскага парламента Рабертай Метсолай. Вынікам сустрэчы стала падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве паміж Еўрапарламентам і беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Еўрапейскі Парламент упершыню падпісаў дакумент такога кшталту не з афіцыйным урадам.

    ФОНД ПАДТРЫМКІ ПАЛІТВЯЗНЯЎ

    Па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай у Нарвегіі стварылі Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі беларускім палітзняволеным і іх сем’ям. Падтрымка будзе ўключаць  медычную, матэрыяльную і псіхалагічную дапамогу, а таксама рэабілітацыю для асобаў, якія зазналі палітычныя рэпрэсіі ад рэжыму.

    Таксама беларуская лідарка пракаментавала сітуацыю з палітвязнямі, якіх утрымліваюць у рэжыме інкамунікада: «Для таго, каб гаварыць пра палітвязняў, не патрэбныя нагоды. Ужо 443 дні мы не маем вестак ад Марыі Калеснікавай. 449 дзён – ад Максіма Знака. 448 – ад Мікалая Статкевіча. Ад Віктара Бабарыкі – 452 дні. 438 дзён – ад Ігара Лосіка. 421 дзён я нічога не ведаю пра лёс майго мужа Сяргея. У сітуацыі, калі іх катуюць і не аказваюць аніякай дапамогі, гэта не толькі палітычнае, але і гуманітарнае пытанне!»

    ВІЗІТ У НАРВЕГІЮ

    Падчас працоўнага візіту ў Нарвегію Святлана Ціханоўская сустрэлася са спікерам Парламента Масудам Гарахані, міністрам замежных справаў Эспэнам Бартам Эйде, мэрам Осла Аннэ Ліндбу і міністаркай культуры Нарвегіі Любнай Яфэры.

    Акрамя таго, беларуская лідарка выступіла з прамовай перад Пастаянным камітэтам па замежных справах і абароне Нарвегіі, правяла брыфінг для экспертнай супольнасці ў Нарвежскім інстытуце па замежных справах, выступіла на канферэнцыі Words Matter. Таксама дала інтэрв’ю шэрагу нарвежскіх і міжнародных СМІ, у тым ліку BBC.

    ВІЗІТ НА МАЛЬТУ

    Падчас працоўнага візіту на Мальту беларуская лідарка падпісала дамову аб супрацоўніцтве з прэзідэнткай Еўрапейскага Парламента Рабертай Метсолай, а таксама сустрэлася з шэрагам ключавых палітыкаў дзяржавы: прэзідэнткай Мальты, міністрам замежных справаў і спікерам Парламента. Мальта стала 26-й краінай ЕС, якую наведала Святлана Ціханоўская. Апошняя краіна Еўрасаюза, якая пакуль не прыняла Ціханоўскую – Венгрыя.

    ДЗЕНЬ СВАБОДЫ ПРЭСЫ

    3 траўня, у Сусветны дзень свабоды прэсы, Святлана Ціханоўская адзначыла: «Рэжым старанна знішчае «чацвёртую ўладу» – бо першыя тры ён ужо падпарадкаваў сабе. У барацьбе за свабоду слова і дэмакратычныя каштоўнасці, журналістыка – адзін з найважнейшых інстытутаў. І мы павінныя яго зберагчы». 

    ДЗЕНЬ ПРАЦЫ

    Па ўсім свеце Дзень працы сімвалізуе барацьбу за правы працоўных і адстойванне сацыяльнай справядлівасці. Святлана Ціханоўская: «У Беларусі мы сутыкаемся з трагічнай іроніяй: абвясціўшы 1 траўня святочным днём, улада актыўна душыць незалежныя прафсаюзы і абмяжоўвае правы рабочых. Два гады таму ўлады ліквідавалі Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў і яго сяброўскія арганізацыі. Лепшы спосаб адсвяткаваць сёння 1 траўня – гэта працягнуць іх традыцыю барацьбы за правы працоўных. Не дазваляйце ўшчамляць вашыя правы нават у дробязях».

    СВАБОДА РЭЛІГІІ І ПЕРАКАНАННЯЎ БЕЛАРУСАЎ

    29 красавіка, падчас працоўная паездкі ў Нарвегію, Святлана Ціханоўская наведала Нарвежскі Хельсінкскі камітэт. У гэта ж дзень. Міжнародная панэль парламентарыяў за свабоду рэлігіі і перакананняў, якая дзейнічае на базе Камітэта, запусціла працэс падпісання ліста ў абарону свабоды рэлігіі і перакананняў беларусаў.

    ПАРАДЫ ПА ЛІЧБАВАЙ БЯСПЕЦЫ

    У апошні час назіраецца падвышаная актыўнасць фішынгавых махляроў, якія дасылаюць лісты з падробленых адрасоў, падобных на кантакты Офіса Святланы Ціханоўскай. Каманда Офіса падрыхтавала карткі, у якіх расказваецца, што такое фішынг, як яго распазнаць і абараніцца. 

    МЕДЫЯ

    Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю BBC (Міжнароднае), NRK (Нарвегія), Global News (Канада), Kathimerini Newspaper (Грэцыя).

    Апошнія навіны