• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская: «Лукашэнка па частках прадае нашую краіну Пуціну»

    30 красавіка, 2024

    Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай перад Пастаянным камітэтам па замежных справах і абароне ў Осла:

    «Паважаныя члены Пастаяннага камітэта па замежных справах і абароне,

    Дарагія сябры,

    Для мяне вялікі гонар і прывілей выступаць перад вамі сёння. Я ўпэўненая, што тут я сярод сяброў. З самага пачатку нашай рэвалюцыі Нарвегія падтрымлівала нас у барацьбе за дэмакратыю. Калі гаворка ідзе пра дэмакратыю і правы чалавека, вашую краіну лічаць адным з сусветных лідараў. І мы радыя, што вы нас падтрымліваеце.

    У 2020 годзе беларусы паўсталі супраць тыраніі, супраць несправядлівасці і гвалту.

    Упэўненая, вы памятаеце, як па ўсёй краіне былі масавыя мітынгі. Беларусы наглядна паказалі, што мы хочам, каб нашая краіна была свабоднай, дэмакратычнай і еўрапейскай, а не нейкім ізгоем ці правінцыяй Расіі.

    Як вы ведаеце, я ніколі не была прафесійным палітыкам. Я балатавалася ў прэзідэнты, бо хацела падтрымаць свайго мужа, калі рэжым Лукашэнкі пасадзіў яго ў турму.

    Адзіным маім абяцаннем стала правядзенне свабодных і справядлівых выбараў. І мы можам навочна паказаць, што я перамагла ў тых выбарах. Але нашую перамогу скралі. Дыктатар развязаў жорсткі тэрор, і ён працягваецца да гэтага часу. Ён уцягнуў нашую краіну ў злачынную вайну супраць Украіны і трымае ў закладніках дзевяць мільёнаў беларусаў.

    Нягледзячы на гэта, мы працягваем супраціўляцца. Беларусы дэманструюць непадпарадкаванне і праводзяць дыверсіі. Яны ніколі не пагодзяцца жыць пад тыраніяй або расійскім ярмом.

    У выгнанні мы сфарміравалі альтэрнатыўныя інстытуты ўлады, такія як Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада. Мы працягваем прадстаўляць і абараняць інтарэсы беларускага народа. Таму што Лукашэнка – не прэзідэнт. Ён злачынец, які захапіў уладу і служыць свайму заступніку ў Маскве, а не беларускаму народу.

    І ён павінен адказаць за ўсе здзейсненыя ім злачынствы. А спіс у яго доўгі: злачынствы супраць чалавечнасці, дзяржаўная здрада, захоп рэйса Ryanair, дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей і саўдзел у вайне.

    Нашая місія – місія беларускіх дэмакратычных сілаў – застаецца нязменнай. Нашая мэта – вызваліць Беларусь ад дыктатарскіх і расійскіх кіпцюроў. Рэжым Лукашэнкі павінен быць дэмантаваны. Кожны палітычны вязень павінен быць вызвалены. Злачынцы павінныя быць пакараныя. Нам патрэбныя свабодныя і сумленныя выбары пад міжнародным назіраннем.

    Рэжым Лукашэнкі значна больш уразлівы, чым здаецца. Ён як крэсла, якое стаіць на трох ножках – грошах, рэпрэсіях і Расіі. Упадзе адна ножка – абрынецца ўсё крэсла.

    На жаль, сітуацыя ў Беларусі не становіцца лепшай. Ліквідаваныя палітычныя партыі, СМІ і ініцыятывы грамадзянскай супольнасці. Вымушана ўцяклі з краіны з-за рэпрэсіяў сотні тысячаў людзей. Так Лукашэнка помсціць людзям, якія адважыліся марыць аб свабодзе.

    У абсалютна бесчалавечных умовах да гэтага часу ўтрымліваюцца тысячы палітычных зняволеных. Адзін з іх – мой муж. Мае дзеці не бачылі свайго бацьку ўжо чатыры гады. Ужо год яго трымаюць пад вартай без сувязі са знешнім светам, і я не ведаю, ці жывы ён.

    Нягледзячы на тэрор, беларусы працягваюць супраціўляцца. Ужо не бачна вялікіх мітынгаў, але пратэст працягваецца ў падполлі. Адбываюцца невялікія акты сабатажу, супраціву. А самае галоўнае – людзі не здаліся.

    Пасля таго як рэжым уцягнуў нашую краіну ў злачынную вайну супраць Украіны, стала відавочна, што Лукашэнка больш не прадстаўляе Беларусь. Ён па частках прадае нашую краіну Пуціну ў абмен на палітычную падтрымку.

    Таму зараз так важна ізаляваць рэжым: палітычна, эканамічна, з дапамогай санкцыяў – усімі даступнымі спосабамі. Аднак, ізалюючы рэжым, нельга ізаляваць народ.

    Трэба падзяляць рэжым і народ: менавіта рэжым стаў саўдзельнікам Пуціна. Тым часам беларускі народ змагаецца за дэмакратыю і свабоду і падтрымлівае Украіну.

    Для нас перамога Украіны будзе і нашай перамогай. Але і наадварот, змены ў Беларусі могуць дапамагчы Украіне перамагчы хутчэй. Нашыя лёсы пераплеценыя.

    Дарагія сябры,

    Я хачу падзякаваць нарвежскаму парламенту і вашаму камітэту за магутны голас у падтрымку свабоды і дэмакратыі. Я прашу вас выказацца пра сітуацыю ў Беларусі, падтрымаць нашыя дэмакратычныя памкненні і ізаляваць беларускі рэжым за парушэнні міжнароднага права і правоў чалавека.

    Вы можаце рабіць заявы, прымаць рэзалюцыі па Беларусі. Кожнае дзеянне важна. Я прашу вас звярнуць асаблівую ўвагу на сітуацыю з парушэннем правоў чалавека, палітычнымі вязнямі, удзелам лукашэнкаўскага рэжыму ў вайне і размяшчэннем ядзернай зброі на нашай тэрыторыі.

    Прашу вас падзяляць беларускі рэжым і беларускі народ. Многія беларусы працягваюць змагацца за свабоду як унутры краіны, так і за яе межамі. Беларускі народ не падтрымлівае вайну і выступае супраць дыктатуры.

    З многімі праблемамі сутыкаюцца беларусы за мяжой. Рэжым пазбавіў іх дакументаў і пашпартоў. Многія не могуць вярнуцца дадому, бо іх неадкладна арыштуюць. Яны фактычна становяцца асобамі без грамадзянства.

    Заклікаю вас далучыцца да групы «‎За дэмакратычную Беларусь»‎ у нарвежскім парламенце. Вы таксама можаце далучыцца да нашай кампаніі і стаць хросным бацькам для палітвязня. Больш за 400 парламентарыяў з розных краінаў свету «ўсынавілі»‎ нашых журналістаў, актывістаў і настаўнікаў, якія знаходзяцца за кратамі. Вы можаце выбраць любога палітвязня і распавесці яго гісторыю – людзям у Нарвегіі і па ўсім свеце.

    І нарэшце, я запрашаю вас наведаць Вільню ці Варшаву, сустрэцца з былымі палітвязнямі, журналістамі, актывістамі, – каб зразумець нашую сітуацыю, а таксама асвятліць яе ў вашых СМІ.

    Дарагія сябры,

    Дазвольце мне выказаць глыбокую падзяку за ваш час і ўвагу. Я разумею, што для пераменаў у Беларусі спатрэбіцца час. Але з вашай дапамогай, я ўпэўненая, мы зможам дабіцца іх. І Беларусь, як свабодная і дэмакратычная краіна, зойме сваё заслужанае месца ў еўрапейскай сям’і.

    Дзякуй».

    Апошнія навіны