Святлана Ціханоўская выступіла на канферэнцыі Words Matter у Осла:
«Паважаны старшыня Фін-Ярле Родэ,
Паважаная Жакі Торнтан,
Дарагія сябры!
Словы маюць значэнне. Я не магу не пагадзіцца з назвай гэтай канферэнцыі.
Словы сапраўды маюць значэнне. Словы могуць прабіць сцены, зрынуць тыранаў і змяніць наш свет. Але словы таксама здольныя параніць, выклікаць нянавісць, апраўдваць тэрор і распаўсюджваць хлусню.
Жыць пры дыктатуры – гэта ўсё роўна, што жыць у хлусні. Вам хлусяць у школе. Вам хлусяць ва ўрадзе. Вам хлусяць па тэлевізары.
Вам хлусяць, што мы жывем у самай лепшай, самай мірнай, стабільнай і свабоднай краіне ў свеце… хаця вашыя лепшыя сябры сядзяць у турме, а ў вашай бабулі ледзь хапае грошай на жыццё.
Праз нейкі час ужо не можаш адрозніць праўду ад хлусні. А калі пачынаеш задаваць пытанні, табе пагражаюць, кідаюць у турму, аб’яўляюць ворагам дзяржавы…
Для тых, хто адмаўляецца жыць па правілах дыктатараў у хлусні, прыдумляюць ярлыкі. Палітычных апанентаў называюць тэрарыстамі. Суседнія краіны – фашыстамі. Журналістаў – прусамі і прастытуткамі. Праваабаронцаў – экстрэмістамі. А тых, хто ўцякае ад палітычных пераследаў, – «беглымі».
Для беларускага дыктатара я тэрарыстка і экстрэмістка, якая спрабавала захапіць уладу. Але чатыры гады таму я была звычайнай хатняй гаспадыняй, якая выхоўвае дваіх выдатных дзяцей, і не цікавілася палітыкай.
Мяне прыгаварылі да 15 гадоў пазбаўлення волі толькі за тое, што я вырашыла падтрымаць свайго мужа Сяргея Ціханоўскага.
Гэта ён адмовіўся жыць у хлусні. Ён запусціў свой блог на YouTube, ездзіў па краіне і расказваў праўду пра праблемы людзей – беднасці, карупцыі, несправядлівасці.
Ён казаў праўду пра дыктатуру, якая кіравала нашай краінай 26 гадоў. У нейкі момант ён вырашыў кінуць выклік дыктатару. І яго тут жа пасадзілі ў турму.
Каб падтрымаць мужа, я вырашыла вылучыць сваю кандыдатуру на выбарах прэзідэнта. Дыктатар зарэгістраваў мяне, не ўспрыняўшы ўсур’ёз. «Ніхто не прагаласуе за жанчыну», – казаў ён. Але людзі прагаласавалі за мяне. Людзі прагаласавалі за праўду.
Канешне ж, дыктатар адмовіўся прызнаць вынік выбараў, і сотні тысячаў людзей выйшлі на вуліцы.
Гэта быў момант абуджэння ўсёй нацыі. Беларусы адмовіліся жыць у хлусні. Беларусы ўсвядомілі сваю сілу. І зразумелі, што нам не патрэбна, каб начальства вырашала, што нам рабіць і як нам думаць.
Гэта такая палёгка, калі можна адкрыта сказаць, што белае – гэта белае, а чорнае – гэта чорнае. Беларусь – гэта Еўропа, а не Расія. А Лукашэнка – дыктатар, а не прэзідэнт.
Насамрэч называць рэчы сваімі імёнамі – гэта прывілей. Калі жывеш у дэмакратыі, гэтага не адчуваеш. Бо свабода слова як паветра. Чалавек задыхаецца толькі тады, калі яго не застаецца.
Дыктатары любяць мяняць словы і іх значэння. Яны любяць называць рэчы тым, чым яны не з’яўляюцца. Напрыклад, словы «парламенцкія выбары».
У дэмакратычных і дыктатарскіх рэжымах яны азначаюць супрацьлеглыя рэчы. У дэмакратычных краінах людзі выбіраюць сваіх прадстаўнікоў.
Але ў дыктатурах гэта ўсяго толькі рытуал, працэс прызначэння чыноўнікаў, якія нічога не вырашаюць, а проста паднімаюць руку, калі трэба.
Або вазьміце вайну Расіі супраць Украіны. Яны не называюць вайну вайной. Яны называлі яе дэнацыфікацыяй, ваеннай ці нават міратворчай аперацыяй. Дыктатары спадзяюцца, што за сваёй хлуснёй яны змогуць схаваць праўду і адысці ад адказнасці за свае злачынствы.
Таму словы, якія мы выбіраем, маюць значэнне – вялікае значэнне. Мова фармуе рэальнасць. І патрэбная смеласць, каб зваць рэчы сваімі імёнамі.
Дыктатары ўсяго свету вучацца адно ў аднаго. Яны аб’ядноўваюцца. Яны спрабуюць здушыць праўду з дапамогай рэпрэсіяў, з дапамогай страху і тэхналогіяў.
Дыктатары паспяхова распаўсюджваюць сваю прапаганду праз інтэрнэт і сацыяльныя сеткі, а яны ж былі створаныя для служэння свабодзе слова і дэмакратыі. Праз інтэрнэт дыктатары навучыліся адсочваць апанентаў і сеяць страх.
У Беларусі, калі КДБ арыштоўвае актывістаў ці журналістаў, іх збіваюць ці катуюць перад камерай, а пасля запісваюць так званыя «пакаяльнае» відэа, у якіх людзі прызнаюцца ў злачынствах, якіх ніколі не здзяйснялі. Затым гэтае відэа выкладваюць на YouTube і рэкламуюць яго.
У руках дыктатараў сацсеткі сталі зброяй для сеяння тэрору. Таму, калі мы гаворым пра барацьбу з тыраніяй ва ўсім свеце, вельмі важна, каб на нашым баку былі тэхналагічныя кампаніі. Каб яны служылі праўдзе, а не дыктатарам з іх нянавісцю і хлуснёй.
Дарагія сябры,
Пакуль мы гаворым, за кратамі знаходзяцца тысячы палітычных зняволеных. Сярод іх журналісты і блогеры, студэнты і пенсіянеры. Нават лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, пісьменнік і праваабаронца Алесь Бяляцкі. Усе яны розныя людзі, але іх яднае адно: яны вырашылі жыць па праўдзе.
Сярод іх і мой муж. Мае дзеці, якіх я зараз бачу толькі па выходных, пытаюцца мяне, калі дадому вернецца іх тата. Я да гэтага часу не ведаю, як растлумачыць ім, што іх бацьку прыгаварылі да 18 гадоў пазбаўлення волі.
Я не хачу, каб яны забыліся на яго голас і твар, таму часам мы глядзім яго канал на YouTube, з якога ўсё і пачалося.
Я не атрымлівала вестак ад мужа ўжо больш за год і не ведаю, ці жывы ён.
Але я радая, што распачатая ім справа працягваецца. Я радая, што рэвалюцыя, якая пачалася чатыры гады таму, найперш у свядомасці людзей, працягваецца дагэтуль.
Калі людзі аднойчы вырашаюць жыць па праўдзе, іх ужо не змяніць. І гэта дае мне надзею, аптымізм і ўпэўненасць у тым, што мы пераможам.
Каб перамагчы ў гэтай бітве, нам патрэбныя саюзнікі, і я ведаю, што ў гэтай зале іх багата.
Будзьце голасам тых, у каго голас адабралі. Кажаце за тых, хто казаць не можа. Расказвайце іх гісторыі і абараняйце іх інтарэсы тут, у Нарвегіі, і на міжнароднай арэне. Падтрымлівайце тых, хто змагаецца за свабоду і пакутуе за праўду.
Падтрымлівайце Беларусь і Украіну. Абедзве нашы краіны змагаюцца за тыя самыя каштоўнасці, якімі так шануе дэмакратычны свет. Барацьба за свабоду глабальная. І пакуль вольнымі не стануць усё, вольным не будзе ніхто.
У нашым свеце не павінна быць месца нянавісці. Нам трэба супрацьдзейнічаць усім тыранам, якія з дапамогай страху і нянавісці спрабуюць падзяліць нас.
І словы, якія я хачу сказаць вам, – гэта словы падзякі. Таму што важна не толькі тое, што мы гаворым, але і тое, што мы робім. І кожны, і кожная з нас можа змяніць сітуацыю сваімі дзеяннямі.
Дзякуй, што вы з намі!»