Беларускія дэмакратычныя сілы абвясцілі 2022 год годам Скарыны. Пра гэта заявілі Офіс Святланы Ціханоўскай, НАУ, Беларуская Рада культуры і Каардынацыйная рада.
Беларускія дэмакратычныя сілы супольна з урадамі і беларускай дыяспарай Літвы, Чэхіі, Польшчы і іншых краінаў Еўропы плануюць правесці шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Скарыну і яго гістарычнай спадчыне. Ужо сёння, 20 студзеня, у гонар Скарыны прайшлі урачыстыя імшы ў Вільні, Празе, Варшаве, Падуі, Мінску і Полацку. У набажэнстве ў Вільні ўдзельнічала Святлана Ціханоўская
«Разам з Радай Культуры і НАУ, мы вырашылі абвясьціць 2022 год – годам Скарыны. Скарына – гэта тая асоба, якая бясспрэчна яднае беларусаў паміж сабой. І гэта тая асоба, якая яднае нас з суседзямі па Еўропе і сведчыць пра тое, што ў нас багатая агульная гісторыя, што мы поўнавартасныя партнёры сама меней 500 год», – адзначыла Святлана Ціханоўская
У 2022-м спаўняецца 500 гадоў з заснавання першай ва Усходняй Еўропе кнігадрукарні і выдання першай друкаванай кнігі ў Вялікім Княстве Літоўскім – «Малой падарожнай кніжкі» (1522). Францішак Скарына нарадзіўся ў Полацку. Гуманіст, пачынальнік кнігадрукавання на беларускіх землях, беларускі першадрукар, выдавец, пісьменнік і доктар медыцыны. Паміж 1519 і 1521 гадамі Скарына пасяліўся ў Вільні, прывёз туды друкарскае абсталяванне і запас паперы.