Сёння Святлана Ціханоўская наведала Нацыянальны архіў Эстоніі. Перад візітам Ціханоўскай Нацыянальны архіў адшукаў унікальныя матэрыялы часоў БНР, якія тычацца адносінаў з Эстоніяй.
Святлане Ціханоўскай паказалі арыгінал граматы аб прызнанні Радай БНР незалежнасці Эстоніі. Беларусь стала адной з першых краінаў, якая прызнала Эстонію, і адкрыла пасольства ў цэнтры Таліна.
Таксама ёсць шмат дакументаў з перапіскай паміж беларускім прадстаўніцтвам у Таліне і ўрадам Эстоніі. Як і цяпер, так і 100 гадоў таму, асноўныя тэмы перапіскі: візы, міграцыя, віды на жыхарства для беларусаў у Эстоніі.
Прапануецца стварыць працоўную групу з навукоўцаў, якія б маглі вывучыць знойдзеныя дакументы і прэзентаваць іх грамадскасці.
«Знойдзеныя дакументы – гэта сведчанне 100-гадовай гісторыі нашых сяброўскіх адносінаў. Важна, што адносіны паміж нашымі народамі застаюцца сяброўскімі, як і раней», – адзначыла Ціханоўская.
Святлана Ціханоўская таксама прывітала ўчорашняе рашэнне Эстоніі не дасылаць пасла ў Мінск, але даслаць дыпламатычнага прадстаўніка ў Вільню, каб будаваць сувязі з дэмакратычнай Беларуссю.