Святлана Ціханоўская: «Больш за два гады я размаўляю пра Беларусь з міжнароднымі партнёрамі – і з тымі, хто шчыра хоча дапамагчы, і з тымі, хто не моцна зацікаўлены ў гэтай размове. Канечне, першых значна больш. Але ёсць і другія. Спачатку на сустрэчах з тымі, хто ішоў на кантакт толькі з ветлівасці, я думала: хіба мы, беларусы, мала робім, хіба не заслугоўваем актыўнай падтрымкі? Цяпер я думаю інакш: гэтыя людзі, структуры і арганізацыі яшчэ не паглядзелі ў будучыню і не адкрылі для сябе, што Беларусь – важны палітычны партнёр. Не дыктатарскі рэжым, а дэмакратычная Беларусь.
За гэтыя два гады мне давялося даведацца, што такое realpolitik: гэта падыход, у якім ты вядзеш справы і заключаеш угоды, ахвяруючы каштоўнасцямі. Але калі гаворка заходзіць пра Беларусь і пагадненні з рэжымам, гэты падыход азначае, што пагадненне падпісанае жыццём тысячаў нявінных палітвязняў, памяццю загінулых на пратэстах і на вайне беларусаў. Угода з рэжымам можа задаволіць чыесьці інтарэсы сёння, але яна адкладае нармальнае жыццё людзей у Беларусі, Украіне і ўсёй Еўропе – нават не на заўтра, а хутчэй за ўсё, на гады.
Рэжым у Беларусі нелегітымны, ён гвалтам узяў у закладнікі цэлую дзяржаву. Таму любыя ўгоды з ім толькі падаўжаюць час злачынстваў і небяспекі ваеннай агрэсіі. Пакуль Лукашэнка трымае ўладу, з паветранай прасторы нашай краіны бамбяць Украіну, а жыхароў Беларусі атручвае расійская прапаганда. Ён не можа даць гарантыяў бяспекі, не можа выканаць сваю частку любой «угоды» – у дні, калі ён кажа пра перамовы і свет, Крэмль запускае новыя ракеты з тэрыторыі Беларусі.
Беларусы хочуць жыць у краіне не крызісу, гвалту і страху, а міру, бяспекі і закона. Такая Беларусь можа гарантаваць, што не апынецца суагрэсарам у вайне. Такая Беларусь будзе часткай рэгіянальнай сістэмы бяспекі. Такой Беларусь стане, калі абароніць незалежнасць і дэмакратыю. І мы не просім міжнародных партнёраў дабіцца гэтага за нас – але мы заклікаем не весці ўгодаў з рэжымам, каб не аддаляць гэтую мэту».