ВІЗІТ У СЛАВЕНІЮ. 28-29 жніўня Святлана Ціханоўская ўдзельнічала ў міжнародным форуме ў славенскім Бледзе. Падчас форуму беларуская лідарка сустрэлася з прэзідэнткай Славеніі, прэм’ер-міністрам Балгарыі, міністаркай замежных справаў Славеніі, міністрам замежных справаў Славакіі, міністаркай замежных справаў Канады, міністрам замежных справаў Паўночнай Македоніі. На сустрэчах Святлана Ціханоўская распавядала пра праект пашпарта новай Беларусі і заклікала краіны падтрымаць гэтую ініцыятыву. Таксама яна прапанавала, каб пытанне Беларусі было ўзнятае на сустрэчах «Бухарэсцкай дзявяткі», і ўдзел у іх маглі ўзяць прадстаўнікі дэмакратычнай Беларусі. Беларуская лідарка заклікала працягваць падтрымліваць беларускіх уцекачоў, незалежныя медыя і грамадзянскую супольнасць.
БЕЛАРУСЬ-ЛІТВА. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа не стаў уносіць у Сейм папраўкі, якія прадугледжваюць ураўноўванне абмежаванняў супраць беларусаў і расіян. Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка пракаментаваў: «За апошнія тыдні мы правялі вялікую колькасць сустрэчаў і размоваў з літоўскімі палітыкамі і, здаецца, нашую пазіцыю пачулі. Мы працягваем камунікацыю з урадам і Сеймам Літвы і будзем разам шукаць такое вырашэнне сітуацыі, якое б не біла па беларусах, якія не нясуць адказнасць за злачынствы рэжыму».
ДЗЕНЬ ВЕДАЎ. 1 верасня, у Дзень ведаў, Святлана Ціханоўская звярнулася да настаўнікаў, бацькоў і школьнікаў: «Паважаныя настаўнікі, вучыце дзяцей думаць і выказваць свой пункт гледжання. Мамы і таты, не хавайце праўду. Нават маленькія дзеці здольныя зразумець, што тое, што адбываецца вакол – гэта ненармальна. Дарагія вучні, памятайце: гэта вам вырашаць, якой павінна быць краіна і якім павінен быць свет».
У дзень пачатку навучальнага года да беларусаў звярнулася і дарадца Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова: «Вельмі важную ролю граюць самаадукацыя і нефармальныя зносіны. Інтэрнэт дае магчымасці для трансгранічнай камунікацыі і анлайн-адукацыі ў самых розных сферах. У сувязі з гэтым новая беларуская эміграцыя – незалежныя медыя, дзеячы культуры, навукі і адукацыі – сёння нясуць адказнасць за стварэнне якаснага адукацыйнага кантэнту анлайн, які быў бы даступны для дзяцей і моладзі ў Беларусі».
Да Дня ведаў каманда Офіса па адукацыі падрыхтавала гайд са спісам анлайн-платформаў і YouTube каналаў, якія дапамогуць у вучобе школьнікам усіх узростаў. Гэты гайд не толькі дапоўніць адукацыйную праграму, але і дапаможа дзецям пашыраць веды ў розных напрамках. Спампаваць гайд магчыма па спасылцы.
БАНКАЎСКАЯ ТАЯМНІЦА Ў БЕЛАРУСІ. Святлана Ціханоўская пракаментавала ўказ Лукашэнкі аб стварэнні аўтаматызаванай сістэмы апрацоўкі інцыдэнтаў (АСАІ) у Нацбанку: «Любую банкаўскую аперацыю рэжым можа назваць «нядобранадзейнай». Беларусы, я заклікаю вас абараніць сябе і свае зберажэнні: здымайце зарплату цалкам, захоўваеце грошы ў наяўных, пераводзьце рублі ў валюту. Калі ласка, паклапаціцеся пра сваю фінансавую бяспеку. Не давайце рэжыму магчымасці ўзмацняць і без таго татальны кантроль за вашым жыццём».
Таксама ўказ Лукашэнкі пракаментавала дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр: «У любым дэмакратычным грамадстве для таго, каб атрымаць доступ да ахоўваемай законам таямніцы, неабходна прайсці судовую працэдуру. Гэта служыць своеасаблівай гарантыяй ад самавольства сілавых структур і выкарыстання гэтых звестак у неправамерных мэтах. Стварэнне такой сістэмы стане інструментам для далейшага ўзмацнення жорсткасці палітычнага ціску і ўзмацнення тэрору супраць беларусаў».
ВІЗІТ У АЎСТРЫЮ. Беларуская лідарка выступіла на Еўрапейскім форуме ў аўстрыйскім Альпбаху. На панэльнай дыскусіі Ціханоўская заклікала міжнародную супольнасць дапамагаць беларусам, выпрацоўваць механізмы прыцягнення памагатых рэжыму Лукашэнкі да адказнасці, а таксама разгледзець уключэнне дэмакратычнай Беларусі ў еўрапейскія структуры і праграмы.
ЗАКРЫЦЦЁ МЕЖАЎ. Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка пракаментаваў магчымае закрыццё межаў паміж Беларуссю, Польшчай і краінамі Балтыі: «Мы ў кантакце з Польшчай і балтыйскімі краінамі, і настойваем на тым, каб пасажырскі рух паміж нашымі краінамі не спыняўся так доўга, наколькі гэта магчыма. Нельга, каб беларусы трапілі ў ізаляцыю праз бяздумную палітыку Лукашэнкі».
БЕЛАРУСЬ-УКРАІНА. Дарадца Святланы Ціханоўскай па міжпарламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька, прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па замежных справах Валер Кавалеўскі і кіраўнік Місіі дэмакратычных сілаў ва Украіне Генадзь Манько наведалі Украіну. Яны сустрэліся з дарадцам Офіса прэзідэнта Міхаілам Падаляком, прадстаўнікамі Вярхоўнай Рады Украіны і перадалі аўтамабіль для медычнай роты палка Каліноўскага.
Таксама на гэтым тыдні Анатоль Лябедзька і Міхаіл Падаляк правялі сумесны эфір, дзе абмеркавалі перспектывы развіцця беларуска-ўкраінскіх адносінаў, сітуацыю ў Беларусі і прававыя праблемы беларусаў ва Украіне.
СУСТРЭЧА З ПРАДСТАЎНІКАМІ БЕЛАРУСКІХ БІЗНЭС-АРГАНІЗАЦЫЯЎ. 1 верасня Офіс Святланы Ціханоўскай у Вільнюсе наведалі прадстаўнікі АВВА, BEROC і Imaguru – найбуйнейшых беларускіх арганізацый, якія займаюцца падтрымкай і даследваннем прыватнага беларускага бізнэсу. На сустрэчы абмеркавалі праблемы беларускага бізнэсу, якія зараз існуюць у розных краінах, а таксама ўнутры Беларусі.
РАШЭННЕ НОБЕЛЕЎСКАГА ФОНДУ. Святлана Ціханоўская пракаментавала рашэнне шведскага Нобелеўскага фонду адклікаць запрашэнні паслам Лукашэнкі і Расіі: «Гэта знак салідарнасці з беларускім і ўкраінскім народамі. Я бачу ў гэтым рашэнні фонду прынцыповую падтрымку тых каштоўнасцяў, для аховы якіх i стваралася ініцыятыва. І прапаную запрасiць на iмпрэзу жонку Алеся Бяляцкага – Наталлю Пінчук, а таксама прадстаўнікоў вольнай Беларусі».
БЕЛАРУСЫ – ПРА ПРАЦУ ДЭМСІЛАЎ. Месяц таму каманда Офіса Святланы Ціханоўскай запусціла ананімнае інтэрнэт-апытанне. Мы цікавіліся думкамі беларусаў пра працу дэмсілаў: чым незадаволеныя, якія кірункі падтрымліваюць і што хацелі б палепшыць. Вы можаце ўбачыць вынікі апытання па спасылцы.
МАГЧЫМАСЦІ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ. Выйшаў новы выпуск дайджэсту «Асвета», дзе сабраныя міжнародныя магчымасці для беларускіх студэнтаў і даследчыкаў.