«29 траўня 2020 года я ў прамым эфіры ўбачыла, як на пікеце затрымліваюць майго мужа Сяргея Ціханоўскага. Прайшоў год, і напярэдадні 29 траўня я хачу звярнуцца да кожнага, хто глядзіць гэтае відэа, як да самой сябе. Лічыце гэта ўнутраным маналогам, які вядзе кожны з нас», – Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў напярэдадні 29 траўня.
У гэты дзень яна заклікала ўсю міжнародную супольнасць падтрымаць беларусаў і правесці Глабальны пікет салідарнасці з Беларуссю. Але – галоўнае – каб самі беларусы падтрымалі адно аднаго.
Кожны можа:
- Аплаціць перадачы палітвязням у фондзе «Краіна для жыцця» або падтрымаць сем’і вязняў сумлення ў фондзе BySol.
- Сабраць паплечнікаў і арганізаваць вулічную акцыю.
- Напісаць ліст тым, каму цяпер немагчыма датэлефанавацца.
- Падтрымаць Сяргея Ціханоўскага ў акцыі «Дзе вашы тапкі, беларусы?» – для гэтага дастаткова пакінуць тапкі ў любым месцы горада, дзе іх заўважаць.
- Насіць белую вопратку ў падтрымку акцыі #ЦветПротивТьмы.
- Друкаваць плакаты, маляваць графіці – як кажуць, «рабі, што можаш, з тым, што маеш, там, дзе ты ёсць».