Святлана Ціханоўская: «Канец вясны ў чыноўнікаў атрымалася ператварыць у пекла для выпускнікоў. У шматтысячным чаце многія з іх казалі пра рашэнне з'ехаць з краіны. Такія ад'езды працягваюцца шмат гадоў. І вучоба за мяжой – гэта нармальна. Ненармальна, калі такі выбар – квіток у адзін канец.
Раней маладыя беларусы не вярталіся на радзіму толькі з-за ўзроўню жыцця, з-за таго, што ўжо ўладкаваліся на новым месцы. Цяпер жа хлопцы, напрыклад, не змогуць вярнуцца з-за пагрозы быць прызваным – вучоба за мяжой ужо не нагода для адтэрміноўкі. Незалежна ад полу, вас могуць праверыць на мяжы і арыштаваць, калі знойдуць не тыя фота. Ды і ўвогуле, небяспечна вяртацца ў дыктатуру, дзе трэніруюць войскі для вайны і чакаюць прыбыцця ядзерных боегаловак.
Беларускія ВНУ зараз актыўна супрацоўнічаюць з расійскімі, збіраюцца разам рыхтаваць спецыялістаў для Зімбабвэ – іншай дыктатуры, толькі ў Афрыцы. А толькі нядаўна студэнту можна было па абмене адправіцца амаль у любую краіну, але Беларусь сышла з праеўрапейскага шляху развіцця адукацыі. Чыноўнікі рэжыму адхілілі Балонскую сістэму і замест Гарварда, Кембрыджа і Еля выбралі Зімбабвэ.
Пакуль чыноўнікі працягваюць ствараць перашкоды для адукацыі і шукаць нязгодных, тысячы маладых людзей плануюць пакінуць краіну. Магчыма, нават не падазраючы, што з'едуць назаўжды. Яны не бачаць альтэрнатываў, якія проста павінны быць. Напрыклад, дзяржпадтрымка для вучобы ў прэстыжных ВНУ свету для найлепшых выпускнікоў краіны, высокі ўзровень адукацыі з магчымасцямі міжнароднага абмену, студэнцкае самакіраванне і адсутнасць размеркавання.
Нармальная вышэйшая адукацыя ў сябе дома на ўзроўні найлепшых ВНУ свету – гэта не нешта завоблачнае. Гэта элемэнтарныя разумныя рэчы, якія павінны быць у нашых беларускіх ВНУ. Нашыя дзеці павінны быць упэўненыя ў сваёй будучыні і ў тым, што краіна іх падтрымлівае, а не выкарыстоўвае. І тады яны будуць планаваць сваю будучыню дома, а не ў гасцях».