• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Дайджэст Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі, Красавік 2023 / Выпуск 6

    19 красавіка, 2023

    Дасылайце, калі ласка, інфармацыю пра ўсё, што тычыцца адукацыі ў Беларусі, у наш бяспечны і ананімны чат-бот @eduOST_bot. Паведамляйце нам навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўнага ведамства датычна рэпрэсій і розных формаў ціску з боку кіраўніцтва, пішыце нам пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія здаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі. Таксама запрашаем вас дзяліцца сваімі ідэямі і прапановамі па рэфармаванні сістэмы адукацыі.

    У нас з’явіўся сайт www.asvetaby.org, на якім можна знайсці ўсе выпускі дайджэста «Асвета» на беларускай, рускай і англійскай мовах.

    • Міжнародныя магчымасці

    – Дарагія чытачы! Звяртаем Вашу ўвагу, што ў асобным дадатку Падтрымка на 2023 год прадстаўлены вялікі агляд актуальных міжнародных магчымасцяў на цэлы год наперад. Агляд не дублюе магчымасці, уключаныя ў гэты выпуск.

    – Адкрыты прыём заявак на ўдзел у праграме «SCIENCE AT RISK Emergency Office», накіраванай на падтрымку навукоўцаў, студэнтаў і выпускнікоў, навуковых супрацоўнікаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій у Беларусі. Удзельнікі праграмы змогуць атрымаць у супрацоўнікаў еўрапейскіх універсітэтаў кансультацыю па пошуку акадэмічных праграм, падачы заявак на гранты, наладжванні акадэмічных сувязяў і адаптацыі да новых умоў; прайсці курс замежнай мовы для атрымання навыкаў, неабходных для працы ў акадэмічным асяроддзі. Падрабязная інфармацыя і форма заявы знаходзяцца на сайце.

    – Каледж імя Імрэ Кертэса ў Ене запрашае кандыдатаў на стажыроўку для правядзення самастойных даследаванняў у сферы гісторыі, сацыялогіі, антрапалогіі, паліталогіі, філасофіі, літаратуры, лінгвістыкі па тэмах, звязаных з Цэнтральнай ці Усходняй Еўропай. Працягласць стажыроўкі ад 3 да 12 месяцаў. Удзельнікі праграмы атрымаюць штомесячную стыпендыю ў памеры ад 3000 да 5000 еўра ў залежнасці ад кваліфікацыі ўдзельніка, а таксама месца для працы над даследаваннямі і дапамогу ва ўладкаванні ў Ене. Апошні тэрмін падачы заяўкі на стажыроўку ў 2023–2024 гг. – 30 красавіка 2023.

    – Міжнародны фонд дапамогі дзецям «ЮНІСЭФ» у межах праграмы стажыроўкі прапануе студэнтам і выпускнікам ВНУ апошніх двух гадоў магчымасць атрымаць практычны досвед працы ў філіялах «ЮНІСЭФ» розных краін. Працягласць стажыроўкі складае ад 6 да 26 тыдняў. Стажыроўкі могуць прадугледжваць як частковую, так і поўную занятасць. Стажорам штомесяц выплачваецца стыпендыя, аказваецца візавая падтрымка, а таксама можа быць прадастаўлена аднаразовая выплата на аплату праезду і атрыманне візы. Прапанова актуальная на працягу ўсяго года. Таксама на сайце «ЮНІСЭФ» можна азнаёміцца з вакансіямі ў гэтай арганізацыі.

    – Брыстальскі ўніверсітэт абвяшчае конкурс на атрыманне стыпендый «Think Big» для ўсіх жадаючых атрымаць ступень магістра. Стыпендыя памерам ад 6500 да 26 000 фунтаў стэрлінгаў у год можа быць выкарыстана толькі для аплаты навучання. Кандыдаты таксама маюць права на атрыманне стыпендыі на пражыванне ў памеры 3000 фунтаў стэрлінгаў на працягу першага года навучання. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 24 красавіка 2023 года.

    – Цюрыхскі ўніверсітэт прапануе вакансію суіскальнікам ва ўзросце да 45 гадоў, з доктарскай ступенню ў сферы гісторыі Усходняй Еўропы. Для атрымання дадатковай інфармацыі неабходна звязацца з прафесарам Свенья Гольтэрман: svenja.goltermann@fsw.uzh.ch. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 10 траўня 2023.

    – Дэпартамент палітычных і сацыяльных навук Еўрапейскага ўніверсітэцкага інстытута (EUI) у Фларэнцыі запрашае даследчыкаў з доктарскай ступенню ў сферы сацыяльных навук, якія падвергліся пераследам у сваёй краіне або прыпынілі даследаванні праз вайну, прыняць удзел у канферэнцыі, якая адбудзецца 12 чэрвеня 2023 г. у гібрыдным рэжыме. Канферэнцыя стане платформай для прэзентацыі сваіх даследаванняў і абмеркавання прычын, па якіх даследчыкі не змаглі працягнуць працу ў сваёй краіне. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 30 красавіка 2023 года.

    – Дэпартамент публічнай гісторыі Інстытута гісторыі Хагенскага завочнага ўніверсітэта прапануе стыпендыі для атрымання доктарскай ступені. Удзельнікі, якія прайшлі адбор, будуць працаваць над праектам: «Лічбавыя гісторыі гвалту ў 21 стагоддзі: сумесныя публічныя сферы і аўтабіяграфічныя апавяданні ў ваенны час у Расіі, Беларусі і Украіне», які пачнецца 1 лістапада 2023 года. Заяўкі прымаюцца ад кандыдатаў, якія маюць досвед працы ў сферы медыя і камунікатыўных даследаванняў, антрапалогіі, гісторыі, сацыялогіі і культуралогіі і валодаюць нямецкай мовай на момант пачатку праграмы на ўзроўні B2. Стыпендыі будуць давацца з лістапада 2023 года з першапачатковай працягласцю два гады. Дактаранты атрымаюць пакет фінансавання ў памеры 1450 еўра, які складаецца з базавай стыпендыі ў памеры 1350 еўра і дапамогі на даследаванні ў памеры 100 еўра. Больш за тое, можа быць прадастаўлена субсідыя на медыцынскае страхаванне ў памеры да 100 еўра і сямейная дапамога. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 31 траўня 2023.

    – Цэнтр перспектыўных даследаванняў у Сафіі (CAS Sofia) абвесціў пра прыём заявак на стыпендыі 2023-2024 гг. ад фонду Герды Хенкель для правядзення грунтоўных даследаванняў у сферы сацыяльных і гуманітарных навук. Працягласць стыпендыяльнай праграмы – 5 месяцаў. У яе межах кандыдаты атрымаюць штомесячную стыпендыю ў памеры 850 еўра (абкладаецца падаткам у памеры 10%) для пакрыцця выдаткаў на пражыванне; таксама стыпендыя пакрывае выдаткі на праезд з краіны пражывання ў Сафію і назад, выдаткі на візу і страхоўку (да 800 еўра); выдаткі на навуковую паездку за мяжу ў перыяд стажыроўкі – да 1200 еўра (аднаразовая дапамога) і выдаткі на правядзенне даследавання (100 еўра на месяц). Для ўдзелу ў праграме неабходна мець ступень кандыдата навук і валодаць англійскай мовай. Апошні тэрмін падачы заяўкі на летні семестр – 31 ліпеня 2023 года.

    – Еўрапейскі Саюз у межах праграмы «EU4Belarus — SALT-II (Support for Advanced learning and training)» абвясціў прыём заявак на атрыманне фінансавай падтрымкі ў памеры да 1450 еўра на вывучэнне адной з еўрапейскіх моў (на выбар суіскальніка) і здачы па ім іспыту. Праграма прызначана для беларускіх студэнтаў-палітвязняў. Больш падрабязна па крытэрах адбору ўдзельнікаў і ўмовах праграмы — на сайце арганізатара.

    – Літоўскі Фонд падтрымкі адукацыйных абменаў прапануе дзяржаўныя стыпендыі і гранты грамадзянам Беларусі для атрымання ступені магістра ці інтэграванага навучання (максімум два апошнія гады інтэграванага навучання) у вышэйшых навучальных установах Літвы на 2023 год. Памер стыпендыі складае 490 эўра на месяц, грант пакрывае выдаткі на навучанне. Апошні тэрмін падачы заяўкі –  22 траўня 2023.

    – Літоўскі Фонд падтрымкі адукацыйных абменаў прапануе штомесячную стыпендыю і грант на пакрыццё выдаткаў на навучанне ва ўніверсітэтах Літвы на працягу 1-2 семестраў. Памер стыпендыі складае 490 еўра на месяц для студэнтаў і 980 еўра на месяц для аспірантаў. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 08 траўня 2023.

    – Фонд Фрыдрыха Эберта прапануе стыпендыі на навучанне па праграмах магістратуры ў летнім семестры 2024 г. Студэнты будуць атрымліваць штомесячную стыпендыю ў памеры ад 830 да 850 еўра ў залежнасці ад праграмы навучання. Таксама пакрываюцца выдаткі на медыцынскае страхаванне, студэнты з дзецьмі змогуць атрымаць сямейную дапамогу ў памеры 276 еўра. Адным з крытэраў адбору з'яўляецца веданне англійскай і нямецкай моў. Апошні тэрмін падачы заяўкі –  31 траўня 2023.

    – Урад Славацкай Рэспублікі ў межах нацыянальнай стыпендыяльнай праграмы для замежных студэнтаў усіх узроўняў навучання прапануе штомесячныя стыпендыі тэрмінам да 10 месяцаў для навучання ці ўдзелу ў навуковых даследаваннях у акадэмічных установах Славакіі. Памер стыпендыі для студэнтаў складае 400 еўра, для аспірантаў і выкладчыкаў ад 734 да 1050 еўра (у залежнасці ад вучонай ступені). Апошні тэрмін падачы – 30 красавіка 2023.

    – У межах сумеснай праграмы вядучых акадэмічных устаноў ЕС і ЗША, уключна з Інстытутам Макса Планка, Тэхнічным універсітэтам Мюнхена, Аўгсбургскім універсітэтам, студэнтам, у якіх ужо ёсць ступень бакалаўра і якія жадаюць працягнуць адукацыю па юрыдычнай спецыяльнасці, прапануецца стыпендыя Мюнхенскага цэнтра права інтэлектуальнай уласнасці (Munich Property Law Center, MIPLC). У межах стыпендыяльнай праграмы пакрываецца кошт навучання ў памеры 32.850 еўра. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 30 красавіка 2023 года.

    – Форум Эйнштэйна і Фонд Вітэнштэйна прапануюць стыпендыі для замежных студэнтаў, якія жадаюць праводзіць даследаванні ў сферы гуманітарных, сацыяльных або прыродазнаўчых навук. Стыпендыяты будуць жыць у летнім доме Альберта Эйнштэйна ў Капуце (Германія) на працягу 5-6 месяцаў і атрымаюць грант у памеры 10 000 еўра. Патрабаванні да суіскальнікаў: узрост да 35 гадоў, дыплом аб вышэйшай адукацыі ў сферы гуманітарных, сацыяльных або прыродазнаўчых навук, прапанова міждысцыплінарнага праекта, які не звязаны з папярэднімі даследаваннямі, добрае валоданне англійскай мовай. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 15 траўня 2023.

    – У лютым 2023 г. фонд «Ротары» (The Rotary Foundation) адкрыў конкурс на ўдзел у праграме «Rotary Peace Fellowship» на 2024-2025 гг. для атрымання ступені магістра ў сферы вывучэння свету і развіцця ў шасці вядучых універсітэтах свету. Стыпендыя пакрывае пражыванне і харчаванне, транспартныя выдаткі, медыцынскае страхаванне, розныя выдаткі на навучанне ды інш. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 15 траўня 2023 года.

    – Гарвардскі ўніверсітэт прапануе стыпендыю для навучання на праграме «The Harvard MBA». Стыпендыя пакрывае 75% кошту навучання, а таксама выдаткі на праезд і пражыванне. Кандыдаты могуць падаць заяўку на атрыманне стыпендыі толькі пасля атрымання прапановы па залічэнні на праграму «The Harvard MBA». Апошні тэрмін падачы заяўкі – 31 траўня 2023.

    – Працягваецца прыём заявак на ўдзел у праграме падрыхтоўкі студэнтаў з Беларусі да паступлення ў амерыканскія ўніверсітэты для атрымання ступені магістра ці доктара (Graduate Students Advising Program). Бясплатны 5-месячны анлайн-курс з удзелам 10 трэнераў па 15 розных тэмах дае поўнае разуменне працэсу паступлення на праграмы магістратуры ці дактарантуры ў навучальныя ўстановы ЗША. Для адабраных удзельнікаў прадастаўляюцца дадатковыя магчымасці: бясплатны доступ на анлайн-платформы самападрыхтоўкі па англійскай мове (Kuder, Magoosh, Peterson's); магчымасць здаць бясплатна іспыт Duolingo; для найбольш актыўных удзельнікаў – бясплатная здача TOEFL, GRE, GMAT. Паспяховае завяршэнне Graduate Student Advising Program з'яўляецца адным з крытэрыяў заяўкі на праграму Opportunity, якая прадугледжвае фінансавую падтрымку ўрада ЗША для паступлення.

    – Упсальскі ўніверсітэт праводзіць ананімнае апытанне беларускіх навукоўцаў (магістраў, аспірантаў, кандыдатаў і дактароў навук). Апытанне заклікана ацаніць прафесійныя патрэбы беларускіх вучоных у сучасных умовах у краіне і за мяжой. Адказы ўдзельнікаў апытання дапамогуць у распрацоўцы стратэгіі дзейнасці шведскіх універсітэтаў, накіраванай на супрацоўніцтва з беларускімі навукоўцамі.

    • Грамадзянская супольнасць і адукацыя

    – Пачаўся прыём заявак на ўдзел у XI Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які адбудзецца з 22 па 24 верасня 2023 г. у Гданьску (Польшча). На Кангрэсе будзе дзейнічаць 14 панэляў па розных тэматычных напрамках у такіх сферах сацыяльна-гуманітарных навук як гісторыя, міжнародныя адносіны і паліталогія, сацыялогія, мовазнаўства, літаратуразнаўства ды інш. Кангрэс з'яўляецца прадстаўнічай штогадовай навукова-экспертнай падзеяй, у якой бяруць удзел вядомыя навукоўцы з Беларусі ды іншых краін, кола навуковых інтарэсаў якіх звязана з Беларуссю. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 15 траўня.

    – «Вольны прафсаюз БДУ» – нефармальнае студэнцкае аб'яднанне БДУ – апублікаваў паведамленне пра тое, што ён займаецца аказаннем разнастайнай дапамогі беларускім студэнтам як у Беларусі, так і за мяжой. Для звароту па дапамогу неабходна звязацца праз чат-бот арганізацыі: @VolnyBSU_bot .

    – «Цэнтр новых ідэй» апублікаваў вынікі даследавання «Народнага апытання», якое прадстаўляе меркаванне пратэстна настроеных беларусаў па цяперашняй сістэме адукацыі ў Беларусі і па яе магчымых рэформах. Згодна з вынікамі, сярод апытаных распаўсюджанае меркаванне па неабходнасці правядзення рэформаў цяперашняй сістэмы адукацыі з удзелам выкладчыкаў і экспертаў. Адметна, што большасць апытаных хацела б павелічэння колькасці беларускамоўных школ. Усе вынікі даследавання – па спасылцы.

    • Рэпрэсіі

    – Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю паведаміў, што супраць затрыманага раней педагога Яўгена Лівянта і яго калегаў узбуджана 6 крымінальных спраў па выніках праверкі дзейнасці заснаванага імі рэпетытарскага цэнтра «100 балаў». Паводле паведамлення, злачынства ў тым, што выкладчыкі супрацоўнічалі з цэнтрам у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў з мэтай выплаты цэнтрам меншай сумы падаткаў, чым пры іншым спосабе найму.

    – Супраць кіраўнікоў недзяржаўнай кампутарнай акадэміі «Крок» заведзена крымінальная справа. У выніку праведзеных сілавікамі 37 ператрусаў ім ставяць у віну ўхіленне ад выплаты падаткаў на суму 1,6 млн. руб. Сама акадэмія апублікавала паведамленне, у якім сцвярджае, што заняткі праводзяцца ў штатным рэжыме і адукацыйнаму працэсу нішто не пагражае.

    – Затрымана кандыдат навук, дацэнт кафедры тэорыі і практыкі перакладу БДУ Аксана Улановіч. Згодна з відэа, апублікаваным на праўладным канале, віна жанчыны, на думку сілавікоў, заключаецца ў тым, што яна напісала ў чат-бот канала «Беларусь галаўнога мозгу». Улановіч супрацоўнічае з некалькімі ўніверсітэтамі ў якасці выкладчыка, з'яўляецца аўтарам больш за 150 навуковых публікацый, арганізатарам шэрагу канферэнцый, у т.л. міжнародных.

    – 4 красавіка супрацоўнікі КДБ затрымалі некалькіх студэнтаў першага курса Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Прычынай затрымання сталі іх каментары да відэатрансляцыі адкрытага ўрока з удзелам А. Лукашэнкі, які праводзіўся 1 верасня.

    • Палітыка рэжыму

    – У адміністрацыі Лукашэнкі адбылася нарада з удзелам дэканаў юрыдычных факультэтаў розных ВНУ краіны, прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі і Генеральнай пракуратуры, на якой абмяркоўваліся спосабы ўздзеяння на вучняў, з мэтай прадухілення іх удзелу ў пратэстнай дзейнасці. На думку арганізатараў сустрэчы, апошнім часам пачасціліся выпадкі ўдзелу студэнтаў у «тэрарыстычнай» і «экстрэмісцкай» дзейнасці. У якасці прыкладу такой дзейнасці прадстаўнікі рэжымнай адміністрацыі прывялі акцыю беларускіх падпольшчыкаў на аэрадроме ў Мачулішчах па вывядзенні са строю расійскага ваеннага самалёта.

    – У гэтым годзе на факультэце журналістыкі БДУ будзе значна скарочаны набор, а платных месцаў для навучання ўжо не будзе. Гэта азначае, што выпускнікі ўжо не змогуць пачаць працаваць у недзяржаўных СМІ і іншых арганізацыях, не адпрацаваўшы 2 гады па размеркаванні ў дзяржаўных СМІ. Адметна, што навучанне будзе весціся ўсяго па дзвюх спецыяльнасцях: «журналістыка» ды «інфармацыя і камунікацыя». Навучанне па спецыяльнасці «міжнародная журналістыка», якое яшчэ праводзілася ў 2022 г., скасавана.

    – 31-гадовы кандыдат хімічных навук, дацэнт Аляксандр Зураеў стаў дэканам хімфака БДУ, месца якога перад ім займаў доктар хімічных навук, член-карэспандэнт НАН РБ, прафесар Дзмітрый Свірыдаў. Як аспірант Аляксандр Зураеў атрымліваў прэзідэнцкую стыпендыю, а саму кандыдацкую дысертацыю абараніў датэрмінова. Вядома, што Зураеў з'яўляецца сынам былога камандзіра спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» Віктара Зураева, які атрымаў узнагароду ў жніўні 2020 г., калі байцы «Алмаза» ўдзельнічалі ў разгоне мірных пратэстаў.

    – Рэжым прыняў рашэнне вывесці з афіцыйнага ўжывання гістарычную беларускую лацінку, якую з 2012 г. па ўзгадненні з ААН выкарыстоўвалі для транслітарацыі беларускіх геаграфічных назваў. Згодна з новай пастановай, транслітарацыя беларускіх назваў зараз будзе ажыццяўляцца як і ў Расіі – з улікам правілаў англійскай мовы. Акрамя таго, першакрыніцай для транслітарацыі цяпер можа быць расейскамоўны варыянт беларускай геаграфічнай назвы, хаця раней для гэтага выкарыстоўваўся выключна беларускамоўны варыянт назвы.

    – Ваенрук гомельскай школы №59 Дзмітрый Уклейка прывёў групу школьнікаў у «Рускі дом» для ўскладання кветак ля партрэта загінулага расейскага вайсковага праўладнага блогера Уладлена Татарскага. Характэрна, што сапраўдная мэта паходу ў «Рускі дом» дзецям не паведамлялася. Акцыя была прымеркавана да Дня яднання народаў Расіі і Беларусі.

    Апошнія навіны