Святлана Ціханоўская знаходзіцца з працоўным візітам у Рыме. У чацвер яна сустрэлася з міністрам замежных спраў Італіі Луіджы Ды Маё, намеснікам міністра замежных спраў Бэнедэта Дэла Ведова, міністрам працы Андрэа Арланда, а таксама правяла працоўныя сустрэчы з лідарамі асноўных груп італьянскага парламента – Partito Democratico, Forza Italia, Viva Italia, Movimento 5 Stelle. Таксама Ціханоўская выступіла на слуханнях Камітэта па міжнародных адносінах італьянскага парламента, прысвечаных Беларусі.
Галоўная тэма, якая абмяркоўвалася, – як Італія можа дапамагчы беларусам. Ціханоўская заклікала Італію быць больш рашучай у дзеяннях, падтрымаць на ўзроўні ЕС санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі – у траўні будзе разглядацца новы пакет.
Ціханоўская распавяла пра сітуацыю з палітвязнямі, справу Ціханоўскага-Лосіка-Статкевіча, факты катаванняў у турмах. Яна заклікала палітыкаў браць патранаж над палітвязнямі Беларусі і пісаць ім лісты, публічна выступаць у іх падтрымку.
Абмяркоўвалася і тэма перамоў па вывядзенні Беларусі з крызісу і роля Італіі ў гэтым – на ўзроўні канферэнцыі на базе ПА АБРЕ, круглых сталоў з удзелам экспертаў з краін ЕС і не толькі. Ціханоўская: «Вельмі важна, што Італія разумее беларускі народ і можа спрыяць выхаду з крызісу праз перамовы. У Беларусі і Італіі шмат агульнага, і ў нашых краін вялікая будучыня».
Падчас сустрэч Ціханоўская зазначыла важнасць рабочага руху ў Беларусі, неабходнасць арганізацыі стачкі. Ціханоўская адзначыла, што слова «забастоўка» паходзіць ад італьянскага «баста». І зараз беларускія рабочыя змагаюцца за свае правы, нягледзячы на запалохванні, рызыку быць затрыманымі і звольненымі: «Нашая барацьба – гэта рэвалюцыя кантрастаў. Гэта выбар паміж мінулым і будучыняй. Гэта выбар на карысць адкрытасці і супраць ізаляцыі, якую стварае Лукашэнка. Гэта пратэст за справядлівасць і супраць беспакаранасці. І гэта барацьба за перамовы як мірны выхад з крызісу».
У гэтыя дні, пакуль Ціханоўская знаходзіцца ў Рыме, Беларусь не сыходзіць са старонак лакальных і міжнародных газет, гучыць па ўсіх радыёстанцыях і тэлеканалах. Прыкметная вялікая сімпатыя з боку журналістаў, грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў і палітыкаў.