Ціханоўская прыехала на пахаванне Мадлен Олбрайт, 64-й дзяржсакратаркі ЗША. Летась яны сустракаліся ў Вашынгтоне, і паміж імі завязаліся сяброўскія адносіны.
- Цягам трохдзённага візіту Ціханоўская сустрэлася з:
– дзяржсакратаром Блінкенам і намесніцай дзяржсакратара Шэрман;
– спікеркай Нэнсі Пелосі (3-я асоба ў ЗША пасля прэзідэнта і віцэ-прэзідэнткі)
– прадстаўнікамі Рады па нацыянальнай бяспецы;
– лідарам рэспубліканцаў у Сенаце Мітчам Макконэлам;
– кіраўніком камітэту па замежных адносінах Сената ЗША Робертам Менэндэсам;
– сенатарамі Шахіна, Дурбін, Кунс і іншымі;
– кіраўніком Упраўлення каардынацыі санкцыяў Джымам О’Браянам;
– кіраўніцай USAID Самантай Паўэр.
Таксама Ціханоўская правяла кароткую размову з Білам і Хілары Клінтанамі, якія наведвалі Мінск у 1994 годзе.
На гэтых сустрэчах Святлана Ціханоўская перадала амерыканскім палітыкам пакет дакументаў з доказамі саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны, а таксама інфармацыяй пра лазейкі, фірмы і краіны, якімі карыстаецца рэжым для абыходу санкцыяў.
- Галоўныя вынікі візіту:
– ЗША не прызнаюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі і не збіраюцца аднаўляць з ім дыпламатычныя ці палітычныя кантакты.
– Беларуская грамадзянская супольнасць зможа разлічваць на дапамогу ў межах нядаўна прынятага пакету падтрымкі ў сувязі з агрэсіяй Расіі супраць Украіны. Аб’ём і фармат дапамогі ўдакладняецца.
– ЗША будуць настойваць на прыцягненні да адказнасці Лукашэнкі і яго памагатых у межах міжнародных інстытуцыяў і судоў за рэпрэсіі супраць беларусаў і саўдзел у ваенных злачынствах супраць Украіны. У красавіку ўжо адбылася першая кансультацыйная сустрэча з удзелам міжнародных юрыстаў, адвакатаў і следчых у гэтай справе.
– Будзе створаная працоўная група ці пастаянны канал камунікацыі для дэмакратычных сілаў з тэхналагічнымі кампаніямі, такімі як Microsoft, Google і іншыя, для процідзеяння расійскай і рэжымнай дэзінфармацыі.
– Санкцыйная палітыка будзе накіраваная на далейшую ізаляцыю рэжыму, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні і не выведзеныя расійскія войскі з краіны.
– Разглядаецца блакаванне актываў памагатых рэжыму за мяжой і замарозка валютных рэзерваў Нацбанка да правядзення новых свабодных выбараў.
– Пытанне беспрэцэдэнтнага пераследу прафсаюзаў у Беларусі і арышту яго лідараў будзе ўзнятае на высокім узроўні. На наступным тыдні працягнуцца кансультацыі па санкцыях Міжнароднай арганізацыі працы супраць рэжыму за пераслед прафсаюзаў і рабочага руху.
Акрамя таго, Святлана Ціханоўская выступіла ў тэлевізійных эфірах CNN, Fox News, MSNBC, Sky News, Voice of America. Яна дала прэс-брыфінг для карэспандэнтаў дзяржаўнага дэпартамента, арганізаванага агенцтвам AFP, выступіла перад беларускай і ўкраінскай дыяспарамі, студэнтамі і выкладчыкамі Універсітэта Джорджа Вашынгтона і экспертамі па Усходняй Еўропе ў Інстытуце Brookings.