Учора, 31 траўня, падчас працоўнага візіту ў Ратэрдам Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнткай Малдовы Маяй Санду. Гэта першая сустрэча дзвюх лідарак.
Ціханоўская выказала падтрымку Маі Санду ў сувязі з эканамічнымі і сацыяльнымі выклікамі: Малдова прыняла больш за сотню тысячаў уцекачоў з Украіны, у тым ліку беларусаў. У сваю чаргу прэзідэнтка Малдовы выказала падтрымку беларускаму дэмакратычнаму руху.
На сустрэчы абмеркавалі:
– магчымыя сцэнары развіцця канфлікту ў рэгіёне, рызыкі эскалацыі вайны і неабходнасць рашучых дзеянняў з боку міжнароднай супольнасці для дапамогі Украіне;
– сітуацыю з беларускімі кампаніямі, якія працягваюць працу ў Малдове. У тым ліку, IT-кампаній, якія рэлакаваліся з Украіны з-за вайны;
– запуск парламенцкай групы сяброў Беларусі. У найбліжэйшы час прадстаўнікі Ціханоўскай адправяцца ў Малдову для правядзення працоўных сустрэчаў.
Раней прадстаўнік Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька правёў перамовы з парламентам Малдовы пра сумесную працу з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
Святлана Ціханоўская і Мая Санду дамовіліся працягваць супрацоўніцтва. «Спадзяюся, гэта будзе добрым пачаткам новай часткі адносінаў паміж Беларуссю і Малдовай», – адзначыла Святлана Ціханоўская.