Сёння саветнік па прававых пытаннях Святланы Ціханоўскай, Леанід Марозаў, атрымаў пацвярджэнне інфармацыі пра тое, што грамадзяне Беларусі, якія пражываюць у Беларусі, могуць падаваць заяўкі на польскія візы па натарыяльна завераных запрашэннях ад сваякоў, якія знаходзяцца пад міжнароднай абаронай у Польшчы.
Леанід Марозаў: «Грамадзяне Беларусі, якія пражываюць у краіне, могуць падаваць заявы на атрыманне польскіх візаў па натарыяльна завераных запрашэннях ад сваякоў, якія знаходзяцца пад міжнароднай абаронай у Польшчы».
Гэтая інфармацыя была пацверджаная грамадзянкай Беларусі з міжнароднай абаронай у Польшчы, якая пражывае ў Познані. Леанід кансультаваў яе па пытаннях афармлення дакументаў для атрымання міжнароднай абароны па гэтым пытанні. Яна падзялілася працэдурай атрымання гасцявой візы для сваякоў, якая ўключае наступныя крокі:
- Падрыхтоўка запрашэння. Напісаць запрашэнне ў свабоднай форме і заверыць яго ў натарыуса. У запрашэнні пазначаюцца пашпартныя дадзеныя заяўніка, нумар PESEL, нумар рашэння аб міжнароднай абароне, адрас пражывання і дадзеныя асобы, якая запрашаецца (ПІБ, пашпартныя дадзеныя, адрас рэгістрацыі, ступень сваяцтва, мэта паездкі, адрас і перыяд знаходжання). Асоба, якая запрашае, таксама можа выказаць гатоўнасць забяспечыць пражыванне і пакрыццё выдаткаў.
- Адпраўка ліста ў консульства. Напісаць электронны ліст у консульства па месцы рэгістрацыі асобы, якая запрашаецца, з тэмай «Запрашэнне для сваяка асобы са статусам міжнароднай абароны». У тэксце ліста прыкласці фота заверанага запрашэння, дакументы, якія пацвярджаюць сваяцтва (напрыклад, пасведчанне аб нараджэнні), копіі карты побыту, пашпарта і прапіскі асобы, якая запрашаецца.
- Чаканне званка з консульства. Пасля адпраўкі ліста консульства звязваецца па тэлефоне (тэлефануюць на польскі нумар, размаўляць можна па-беларуску або па-руску) і прызначае дату для падачы візы. У прызначаны дзень асоба, якая запрашаецца, павінна прынесці арыгінал запрашэння і ўсе неабходныя дакументы.
Гэтая працэдура спрашчае атрыманне польскай візы для беларусаў, у якіх ёсць сваякі з міжнароднай абаронай у Польшчы. Офіс Святланы Ціханоўскай выказвае падзяку Міністэрству замежных справаў Польшчы за падтрымку і садзейнічанне ў забеспячэнні правоў беларускіх грамадзянаў.