«Сёння роўна тры гады з таго дня, калі рэжым выкраў сям'ю Бабарыкаў. Бацька і сын былі затрыманыя ў адзін дзень і дагэтуль знаходзяцца за кратамі. На гэты момант пра Віктара Бабарыку нічога не вядома з 25 красавіка, а Эдуард амаль паўтара года знаходзіўся ў СІЗА нават без абвінавачання.
Яны апынуліся за кратамі толькі за тое, што хацелі зрабіць Беларусь краінай, якой можна ганарыцца. У якой людзі маглі б спакойна жыць і працаваць, не баючыся сілавікоў, беспрацоўя і дэфіцыту.
Мяне заўсёды натхняў прыклад такіх моцных беларускіх сем'яў, як Бабарыкі, сёстры Калеснікавы, сям'я Лосікаў і іншыя. Менавіта дзякуючы такім гісторыям верыш у сапраўднае каханне, веру адно ў аднаго і ўзаемадапамогу. Яны вераць і любяць настолькі, што гатовыя праходзіць любыя выпрабаванні, каб падтрымаць свайго блізкага чалавека.
Лукашэнка любіць казаць пра каштоўнасць сям'і, але сам дзеліць сем'і адну за адной. Але Беларусь – краіна моцных сем'яў, якія так проста не зламаць дыктатару».