ВІЗІТ У ШВЕЦЫЮ. 11-12 верасня Святлана Ціханоўская знаходзілася з працоўным візітам у Стакгольме. Яна выступіла з прамовай на мітынгу ў цэнтры Стакгольма, а таксама перад дэлегацыямі АБСЕ і ПАРЕ. Падчас візіту беларуская лідарка сустрэлася з прэм’ерам, міністрам замежных справаў, міністрам абароны, спікерам Рыксдага і групай за дэмакратычную Беларусь. Таксама Святлана Ціханоўская атрымала прэмію Анны Лінд.
ЕЎРАПАРЛАМЕНТ. 12-13 верасня ў Еўрапарламенце прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Беларусі.
12 верасня адбыліся дэбаты на тэму сітуацыі ў Беларусі, удзел у якіх узяў дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька. Падчас дэбатаў Пятрас Аўштравічус прадставіў праект рэзалюцыі. Еўрадэпутаты падкрэслілі важнасць супрацы з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю, візавай падтрымкі беларусаў унутры краіны і спрашчэння легалізацыі для беларусаў за мяжой.
13 верасня Беларуская лідарка выступіла ў Еўрапарламенце. Яна заклікала еўрадэпутатаў падтрымаць еўрапейскі выбар Беларусі, расказала гісторыі палітвязняў і паказала новы беларускі пашпарт. Пасля выступу Ціханоўскай адбылося галасаванне наконт прыняцця рэзалюцыі, распрацаванай Пятрасам Аўштравічусам. Рэзалюцыю па Беларусі падтрымалі больш за 450 еўрадэпутатаў, у выніку – яна прынятая. Рэзалюцыя прызнае ўдзел рэжыму ў вайне, заклікае да міжнароднага расследавання злачынстваў Лукашэнкі і падтрымкі прафесійных і акадэмічных праграмаў для беларусаў.
У Еўрапарламенце адкрылася выстава беларускай мастачкі Ксішы Анёлавай, прысвечаная беларускім палітзняволеным. Усяго мастачкай зроблена больш за 600 іх выяваў, а праца працягваецца – пакуль усе палітвязні не стануць вольнымі.
Таксама Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнткай Еўрапарламенту Рабертай Мецолай і абмеркавала фарматы супрацы паміж дэмакратычнай Беларуссю і Еўрапраламентам. Дамовіліся правесці ў снежні шэраг мерапрыемстваў па Беларусі.
КАНФЕРЭНЦЫЯ КАЛІНОЎСКАГА. 13 верасня ў Еўрапарламенце адбылася Канферэнцыя Каліноўскага, арганізаваная Офісам Святланы Ціханоўскай у кааперацыі з Цэнтрам «Еўрапейскі Дыялог». На Канферэнцыі абмяркоўваліся перспектывы еўраінтэграцыі Беларусі, праблему беларускіх палітвязняў і пагрозы незалежнасці з боку Расіі. У панэльных дыскусіях удзельнічалі прадстаўнікі Офіса, Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, беларускіх палітычных, грамадскіх і праваабарончых ініцыятываў, а таксама дэпутаты Еўрапарламента. Паглядзець як прайшла Канферэнцыя можна па спасылцы.
На адкрыцці з прамовай выступіла Святлана Ціханоўская. Яна адзначыла крокі, якія трэба распачаць ужо зараз, каб пачаць шчыльнае супрацоўніцтва паміж дэмакратычнай Беларуссю і Еўрапарламентам: падпісаць мемарандум аб супрацы, распрацаваць стратэгію па вырашэнні беларускага крызісу, аказваць сістэмную дапамогу беларусам.
Падчас канферэнцыі дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька прапанаваў Еўрапарламенту і Еўрасаюзу стварыць фонд, са сродкаў якога беларускія палітзняволеныя маглі б атрымліваць фінансавую падтрымку.
ЛЕГАЛІЗАЦЫЯ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ ЗА МЯЖОЙ. Што зараз рабіць беларусам, у якіх сканчаецца тэрмін дзеяння пашпарту ці ён ужо пратэрмінаваны? У некаторых замежных краінах існуе магчымасць атрымаць пашпарт замежніка. Народныя Амбасады Беларусі разам з Офісам Святланы Ціханоўскай і Аб'яднаным Пераходным Кабінетам зрабілі сайт pashpart.org, дзе размясцілі шмат карыснай інфармацыі – ад спіса краінаў, дзе можна атрымаць пашпарт замежніка, па дэтальную інструкцыю аб тым, як гэта правільна зрабіць.
МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ ДЭМАКРАТЫІ. 15 верасня, у міжнародны дзень дэмакратыі, Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў: «Кожны дзень беларусы беражліва ахоўваюць парасткі дэмакратыі ў сабе. Калі ідуць па цэнтры Мінска і ўключаюць у навушніках песні «Акіяна Эльзы» і Лявона Вольскага. Калі пераходзяць на беларускую мову ў сацыяльных сетках і вучаць яе па шоу на YouTube. Калі ўсталёўваюць VPN, каб чытаць «Нашу Ніву» і глядзець «Белсат». Дэмакратыя – гэта не толькі вялікае дабро, але і вялікая адказнасць. За рашэнні, за выбар, за ўчынкі. Але я ведаю, што мы да яе гатовыя. І не ў нейкай адлеглай будучыні, а тут і цяпер. Мы захавалі ўнутраную свабоду, навучыліся шанаваць адзін аднаго, паверылі ў сябе. І цяпер дакладна ведаем, на якім падмурку будаваць новае грамадства».
МІНСКІ ФОРУМ XXI. 12 верасня ў Вільнюсе адбыўся XXI Мінскі Форум, дзе абмяркоўваліся шляхі ўтрымання міжнароднай увагі на Беларусі і беларуская ідэнтычнасць. У Форуме ўзялі ўдзел старэйшы палітычны дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі і кіраўнік аддзелу па знешніх сувязях Данііл Гаркавы.
ВАЛАНЦЁРЫ ОФІСА. 15 верасня Валанцёры Офіса правялі размову з намеснікам кіраўніцы і прадстаўніком па замежных справах у Аб’яднаным Пераходным Кабінеце Валерам Кавалеўскім. Падчас размовы абмеркавалі новы беларускі пашпарт і перспектывы яго прызнання, стаўленне ўкраінскіх уладаў да дэмакратычнай Беларусі і апошнюю рэзалюцыю Еўрапарламента. Хутка на канале з’явіцца тэкставая версія размовы.
АДУКАЦЫЯ. 13 верасня дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова ўзяла ўдзел у дыскусіі «Academia In Exile», якая адбылася ў Берліне. Падчас дыскусіі навукоўцы і студэнты ў выгнанні асвятлялі сітуацыю ў краінах свайго паходжання і апісваюць сваё бачанне дэмакратычнай будучыні. Паглядзець як прайшла дыскусія можна па спасылцы.
ПЛАНЫ НА НАСТУПНЫ ТЫДЗЕНЬ. 18-19 верасня Святлана Ціханоўская возьме ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў падчас Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку. Там збіраюцца лідары амаль усіх краінаў свету. Запланаваныя сустрэчы з шэрагам міністраў замежных справаў і палітычных лідараў. Таксама беларуская лідарка возьме ўдзел у дыскусіі, арганізаванай дэлегацыяй ЕС пры ААН на тэму беларускай незалежнасці і суверэнітэту.
МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю POLITICO (Міжнароднае), Dagens Nyheter (Швецыя), Delfi (Літва).