Федэральны прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер сёння цёпла сустрэў Святлану Ціханоўскую ў прэзідэнцкім палацы, іх сустрэча доўжылася даўжэй за запланаваны час. Штанмаер пагадзіўся з Ціханоўскай, што нельга перамяшчаць фокус і разглядаць міграцыйны крызіс асобна ад беларускага.
Ціханоўская і Штайнмаер абмеркавалі сітуацыю з каранавірусам і пастаўкай еўрапейскіх вакцын у Беларусь – Германія гатова дапамагчы беларусам справіцца з пандэміяй. Таксама казалі пра тое, як зрабіць падтрымку грамадзянскай супольнасці больш эфектыўнай для беларусаў, магчымае запрашэнне Ціханоўскай на саміт G7, які ў наступным годзе пройдзе ў Германіі, і падтрымку беларусаў на канферэнцыі ў Вене.
Прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер пагадзіўся падтрымаць Дзень салідарнасці з палітвязнямі Беларусі 27 лістапада. Святлана Ціханоўская пакінула запіс у гасцявой кнізе прэзідэнта і падзякавала «за падтрымку і салідарнасць у такія гістарычныя часы для нашай краіны».
Гэта не першая сустрэча беларускай лідаркі з нямецкім прэзідэнтам – Ціханоўская і Штайнмаер сустракаліся ў снежні мінулага года.