• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Рэліз Канцэпцыі кампенсацыі шкоды, удзел у Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 25 верасня – 1 кастрычніка 2023

    01 кастрычніка, 2023

    КАМПЕНСАЦЫЯ ШКОДЫ. Офіс Святланы Ціханоўскай у супрацоўніцтве з беларускімі праваабарончымі арганізацыямі, НДА, юрыстамі і былымі адвакатамі, распрацаваў праект Канцэпцыі кампенсацыі шкоды. Мэта Канцэпцыі – аднаўленне справядлівасці для ўсіх тых, хто сутыкнуўся з рэпрэсіямі і парушэннямі правоў чалавека падчас праўлення Лукашэнкі з 20 ліпеня 1994 года. Кампенсацыя шкоды – гэта перш за ўсё аднаўленне ў юрыдычных, грамадзянскіх, палітычных, працоўных і іншых правах тых, хто пацярпеў ад дзеянняў рэжыму. Сярод ключавых прынцыпаў Канцэпцыі – вызваленне ахвяр рэпрэсій, права на кампенсацыю і прававую абарону, вяртанне маёмасці і поўнае аднаўленне ў правах. У Канцэпцыі таксама ёсць кола тых асоб, хто зможа прэтэндаваць на рэабілітацыю.

    Цалкам з праектам можна азнаёміцца па спасылцы. Прапановы адносна дакументу прымаюцца праз тэлеграм-бот @AskOffice_Bot, электронную пошту transitionaljustice@tsikhanouskaya.org і гугл-форму.


    КАНГРЭС ДАСЛЕДЧЫКАЎ. 22-24 верасня ў Гданьску прайшоў 11-ты Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі, у якім удзельнічалі старэйшы палітычны дарадца Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі, дарадца Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька, дарадца Ціханоўскай па адукацыі і навуцы Таццяна Шчытцова, прэс-сакратарка Ціханоўскай Ганна Красуліна. Падчас Кангрэса прайшла дыскусія, прысвечаная прэзентацыі напрацовак па праекце Канстытуцыі Новай Беларусі і законапраектаў у дапаўненне да яе. Прадстаўнікі і прадстаўніцы Офіса ўдзельнічалі ў шматлікіх дыскусіях падчас Кангрэса. 

    ДЗЕНЬ НАСТАЎНІКА. 1 кастрычніка, у Дзень настаўніка, Святлана Ціханоўская звярнулася да беларускіх педагогаў і павіншавала іх з прафесійным святам: «Настаўнік – гэта пра гатоўнасць аддаваць, не чакаючы нічога наўзамен. Вас могуць балюча параніць паведамленні ў чатах бацькоў. Вы сутыкаецеся з крыўдай вучняў на нізкія адзнакі. Але вы ўсё роўна кожны дзень вяртаецеся ў клас з усмешкай і верай у дзяцей. Верай у тое, што іх пакаленне вырасце лепшым за нас з вамі. Дарагія настаўнікі! Прашу, не апускайце рукі і не губляйце матывацыю працаваць сумленна і творча. Я думаю, для кожнага з вас вялікае шчасце, калі вучні знаходзяць сябе ў жыцці і дамагаюцца поспеху. Але самае галоўнае, каб кожны з іх вырас добрым чалавекам. З Днём настаўніка, дарагія педагогі!»

    Напярэдадні дня настаўніка ў Беларусі каманда Офіса з дапамогай ініцыятывы hutka.help падрыхтавала спіс педагогаў, якім патрэбная нашая дапамога. Гэтая ініцыятыва не з’яўляецца фондам, таму ў вас ёсць магчымасць дапамагчы чалавеку наўпрост. Імёны і гісторыі настаўнікаў, якім патрэбная дапамога, вы знойдзеце па спасылцы.

    ПРАГРАМА «ДЗЕЦІ ЧАРНОБЫЛЯ». Рэжым хоча ліквідаваць праграму «Дзеці Чарнобыля», якая больш за 30 гадоў дапамагала беларускім дзецям з найбольш пацярпелых ад радыяцыі раёнаў. Беларуская лідарка пракаментавала: «Я сама – дзіцё Чарнобыля. Напачатку 2000-х я брала ўдзел у гэтай праграме. У Ірландыі да мяне ставіліся як да члена сям'і – з цеплынёй і клопатам. Я ўпэўнена, што ў новай Беларусі праграмы кшталту «Дзяцей Чарнобыля» атрымаюць маштабнае развіццё».

    САЛІДАРНАСЦЬ З ПАЛІТВЯЗНЯМІ. 25 верасня, у дзень нараджэння нобелеўскага лаўрэата, старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, Святлана Ціханоўская павіншавала яго: «Усё жыццё вы, паважаны Алесь, працягваеце змагацца за свабоду і правы беларусаў. А нашая задача зараз – працягваць вашую справу. Нават у зняволенні вы працягваеце натхняць і падтрымліваць усіх нас. Бо вы лепш за ўсіх нас ведаеце, што пасля зімы заўсёды наступае Вясна. Дарагі Алесь, жадаю вам моцнага здароўя і як мага хутчэй апынуцца побач з сям’ёй і паплечнікамі».

    БІЗНЕС-ФОРУМ. 20 верасня ў Варшаве Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой (АВВА) правяла III Беларускі бізнес-форум. У ім удзельнічалі больш за 200 дэлегатаў як мінімум з 13 краінаў, палова з іх – прадстаўнікі беларускага бізнесу. На адкрыцці форума выступіла Святлана Ціханоўская. Пра галоўныя вынікі форума распавёў дарадца Ціханоўскай па эканамічных рэформах і адзін з арганізатараў форума Алесь Аляхновіч.

    МОЛАДЗЕВАЯ ПАЛІТЫКА. Дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтве Маргарыта Ворыхава сустрэлася са студэнтамі Каледжа Еўропы, якія цікавяцца беларускім кантэкстам. На сустрэчы абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі. Праблемы, з якімі сутыкаецца беларуская моладзь, і шляхі іх вырашэння. Маргарыта распавяла пра падыходы, якія выкарыстоўваюць беларускія актывісты і моладзевыя арганізацыі, каб адстойваць правы беларусаў. У Каледжы Еўропы адкрытыя магістарскія праграмы для беларусаў і ёсць магчымасць атрымаць стыпендыю. 

    АКАДЭМІЯ Ў ВЫГНАННІ. Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова прыняла ўдзел у панэльнай дыскусіі «Academia in Exile» у Берліне. Дыскусія была прысвечаная тэме свабоды навукі ў дэмакратычным грамадстве і вучоным у выгнанні. Выступ Таццяны Шчытцовай стала магчымасцю прыцягнення ўвагі міжнароднай акадэмічнай супольнасці на сітуацыю ў Беларусі і становішча беларускіх навукоўцаў як унутры краіны, так і ў выгнанні. Паглядзець запіс дыскусіі можна па спасылцы.

    ВАЛАНЦЁРЫ ОФІСА. 27 верасня Валанцёры Офіса правялі размову з сузаснавальніцай грамадзянскай арганізацыі «Экадом» Ірынай Сухіх. Размова ішла пра экалагічныя праблемы ў Беларусі і дзейнасць «Экадома». Хутка на канале з’явіцца тэкставая версія размовы.

    РАЗМОВЫ З БЕЛАРУСАМІ. У сераду, 27 верасня, Святлана Ціханоўская правяла штотыднёвыя асабістыя размовы з беларусамі. Прачытаць пра тое, што такое асабістыя размовы і як яны праходзяць, можна тут.

    МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Зеркало (Беларусь), БелСАТ (Беларусь), TV3 Plus (Літва), Маланка (Беларусь).

    Апошнія навіны