• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • «Я заклікаю Эстонію пачаць супрацу з Аб’яднаным Пераходным Кабінетам». Выступ Святланы Ціханоўскай перад дэпутатамі ў эстонскім парламенце

    24 кастрычніка, 2022

    «Паважаны Спікер Парламента Юры Ратас,
    Паважаныя дэпутаты,

    Я разумею, што выступ іншаземкі ў парламенце Эстоніі – рэдкая падзея. Для мяне гонар выступаць ад імя беларусаў, якія ўжо больш за два гады змагаюцца за сваю свабоду, незалежнасць і еўрапейскую будучыню. 

    Кожны раз, прыязджаючы ў Эстонію, я адкрываю для сябе новыя сувязі паміж нашымі народамі. Я даведалася, што ў Тартускім універсітэце вучыўся Антон Луцкевіч, які стаяў ля вытокаў нашай дзяржаўнасці. У 1918 годзе ён ініцыяваў абвяшчэнне незалежнасці ад Расіі і стаў прэм'ер-міністрам Беларускай Народнай Рэспублікі.

    Эстонія адной з першых прызнала Беларускую Народную Рэспубліку і завязала з ёй дыпламатычныя адносіны. Недалёка адсюль, на вуліцы Вэнэ 19, адкрылася беларускае пасольства, і працягвала працаваць нават тады, калі Беларусь ужо была пад Савецкай акупацыяй.  

    Сто гадоў таму такі крок стаў магчымы дзякуючы палітыкам Эстоніі, якія праявілі рашучасць і салідарнасць з нашым народам, нягледзячы на імперскія пагрозы.

    Антон Луцкевіч змагаўся супраць імперыі, ён бачыў Беларусь часткай Еўрапейскай сям'і. Паміж лёсам Антона Луцкевіча і доляй эстонскага народа ёсць і страшная паралель. 14 чэрвеня 1941 года ён быў сасланы ў лагеры ГУЛАГа, дзе і памёр. У той жа самы дзень 10 000 эстонцаў былі дэпартаваныя ў савецкія лагеры для ваеннапалонных. Там яны падзялілі трагічны лёс многіх тысячаў беларусаў.

    Падчас краху савецкай імперыі эстонцы і беларусы здолелі аднавіць сваю незалежнасць. І мы вучымся ў эстонцаў таму, без чаго немагчыма збудаваць трывалы дзяржаўны дом – павазе да ўласнай культуры і мовы.

    Я не ведаю эстонскай мовы. Але я ведаю слова, якое зразумее кожны беларус: сыбэр. Па-беларуску гэтае ж слова гучыць падобна: сябар. Эстонія паказала сябе нашым надзейным сябрам. 

    Паважаны Міністр Урмас Рэйнсалу,
    Паважаны Марка Міхкельсан,

    Вялікі вам дзякуй за сяброўства. Мы не прымаем гэта як належнае. Беларусы бачаць вашую падтрымку і ніколі яе не забудуцца. 

    Як вы ведаеце, я не прафесійны палітык. Яшчэ два гады таму я палітыкай не цікавілася. Але я хутка вучуся. І ў эстонскіх палітыкаў я вучуся прынцыповасці і рашучасці. 

    Менавіта Эстонія ў першыя дні пасля скрадзеных выбараў 2020 года выдала заяву аб непрызнанні Лукашэнкі прэзідэнтам і наладзіла сувязь з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

    Эстонія стала заступнікам беларусаў у ААН: тройчы арганізавала слуханні ў Радзе Бяспекі, а нядаўна, дзякуючы міністру Рэйнсалу, я прадстаўляла Беларусь на Генасамблеі ААН. Эстонія паказала прыклад вялікім дзяржавам.

    Эстонія вылучыла дапамогу беларускім медыям і актывістам. Я прашу вас: прымайце больш беларускіх студэнтаў, яны стануць элітай Новай Беларусі. Прымаючы больш беларусаў, вы атрымліваеце больш сяброў і інвестуеце ў будучыню адносінаў паміж нашымі народамі.
     
    Эстонскі парламент сярод першых ініцыяваў стварэнне парламенцкай групы ў падтрымку палітвязняў і дэмакратыі ў Беларусі. Дзякуй вам, паважаныя спадары Міхаіл Лотман, Леа Кунас, Тарма Круузімяэ, Хелір-Валдар Сеэдэр, Райва Там. Я мару пра той дзень, калі ў Эстонію прыбудзе дэлегацыя дэмакратычна абранага парламента Беларусі. 

    Пасля пачатку вайны Эстонія пачала выдаваць беларусам гуманітарныя візы. Я ведаю, што ў Эстоніі абмяркоўвалі візавы бан супраць беларусаў, але гэта кепская ідэя. Важна адрозніваць Беларусь ад Расіі, а беларусаў – ад узурпатарскага рэжыму Лукашэнкі. 

    Сёння мая краіна знаходзіцца фактычна пад акупацыяй, у закладніках двух крыважэрных дыктатараў. Нягледзячы на беспрэцэдэнтны тэрор, беларусы больш за два гады працягваюць барацьбу. Многія тысячы паплаціліся свабодай, а некаторыя – жыццём. Беларусы даказалі сваёй барацьбой, што заслугоўваюць жыць у дэмакратычнай краіне, а не ў губерні на задворках імперыі. 

    Безумоўна, сёння наш лёс моцна звязаны з лёсам Украіны. Пасля пачатку вайны паўтары тысячы чалавек запісаліся ў добраахвонікі, і бяруць удзел у контрнаступе ўкраінскай арміі. Нашыя партызаны спыняюць расійскія цягнікі, праводзяць акты сабатажу і непадпарадкавання. 

    Расіянам дагэтуль не ўдалося ўцягнуць беларускіх вайскоўцаў у вайну – гэта сведчанне моцнага грамадскага супраціву. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі, як і ў Расіі, працуе праваенная прапаганда, больш за 90% беларусаў супраць далучэння да вайны.

    Я ведаю, што Эстонія моцна падтрымлівае Украіну, і заклікаю вас працягваць гэта рабіць. Сёння любая падтрымка Украіне – гэта і дапамога свабоднай Беларусі. Але падтрымка свабоднай Беларусі сёння – гэта дапамога Украіне. Нішто не стане большай санкцыяй для Пуціна, чым Свабодная Беларусь. 

    Дарагія дэпутаты,

    Надышоў час скончыць з вар’яцтвам, распачатым дыктатарамі. І самае галоўнае – спыніць іх беспакаранасць.

    На мінулым тыдні Эстонскі парламент прызнаў Пуцінскі рэжым тэрарыстычным. Але не забывайцеся пра Лукашэнку і яго злачынствы. Нельга дазволіць яму пазбегнуць адказнасці. 

    Будуць тыя, хто прапануе змірэнне. Саступкі. Дыялог. Стомленасць ад вайны будзе накаплівацца. Будзе спакуса перагарнуць старонку. Гэта тое, чаго хочуць дыктатары. І нам з вамі трэба будзе праявіць рашучасць і адзінства. 

    Працягвайце эканамічны ціск праз санкцыі, пазбаўляйце рэжым рэсурсаў. Неабходна закрыць лазейкі абыходу санкцыяў і карупцыйныя схемы.

    Трэба пазбавіць Лукашэнку і Пуціна трыбуны ў ААН і АБСЕ. Лукашэнка павінен панесці адказнасць за захоп самалёта Ryanair, штучны міграцыйны крызіс, злачынствы супраць чалавечнасці. Адкрывайце справы па ўніверсальнай юрысдыкцыі. Павінен быць створаны трыбунал супраць Лукашэнкі і Пуціна. 

    Шаноўныя сябры Беларусі,

    Я не прашу вас вызваляць Беларусь за нас. Я разумею, што дэмакратычныя перамены і незалежнасць нашай краіны – гэта справа саміх беларусаў. Але я прашу – будзьце побач. Сёння нам зноў патрэбнае, як ніколі, плячо вернага сябра.

    Магчыма, 1350 палітычных зняволеных у Беларусі – дробязь на фоне гуманітарнай катастрофы ва Украіне. Магчыма, мы не маем права скардзіцца на катаванні, калі ў суседняй краіне ракеты забіваюць дзяцей. Але гэта ўсё ўзаемазвязаныя рэчы. Без свабоднай Беларусі не будзе бяспечнай Украіны. Без свабоднай Беларусі не будзе бяспекі ва ўсёй Еўропе. 

    Я заклікаю Эстонію наладжваць супрацоўніцтва з дэмакратычнымі структурамі новай Беларусі. Я заклікаю Эстонію пачаць супрацу з Аб’яднаным Пераходным Кабінетам, куды ўвайшлі прадстаўнікі асноўных дэмакратычных сілаў. 

    Я спадзяюся на вашую падтрымку ў міжнародных арганізацыях. Падтрымайце ўключэнне прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў у Парламенцкую асамблею Рады Еўропы са статусам назіральнікаў. Падтрымайце ініцыятыву выключэння дэлегацыі Лукашэнкаўскага парламента з Парламенцкай Асамблеі АБСЕ.

    Далучайцеся да парламенцкай групы сяброў дэмакратычнай Беларусі і станавіцеся апекунамі палітычных зняволеных. Я ведаю, што Марка Міхкельсан і іншыя дэпутаты  сустракаліся з Дар’яй Лосік, жонкай Ігара Лосіка, асуджанага на 15 гадоў. На мінулым тыдні яе затрымалі. Ёй пагражае 7 гадоў турмы. Іх 4-гадовая дачка засталася без бацькоў. Прашу вас: не пераставайце гаварыць пра нашых палітвязняў і рабіць захады для іх вызвалення.

    Паважаныя сябры,

    Сто гадоў таму мы разам паказалі, што нашыя народы маюць права на ўласны дом. Разам мы змагаліся з імперыяй. Разам мы пераадолелі і акупацыю СССР, які быў турмой для нашых народаў. І зараз нам трэба зноў аб'яднацца, каб вызваліць Еўропу ад тыранаў».

    Апошнія навіны