Крысціна Рыхтэр, дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях, пракаментавала судовы працэс, які пачаўся над Юрыям Гараўскім:
«Сёння швейцарскі суд разглядае абвінавачанні супраць Юрыя Гараўскага. У 2019 годзе былы баец САХР прызнаўся ў датычнасці да выкрадання і забойства беларускіх апазіцыйных палітыкаў: Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, а таксама бізнесоўца Анатоля Красоўскага.
Гэтая справа не мае аналагаў у беларускай гісторыі. Упершыню чалавек, які ўдзельнічаў у палітычна матываваных знікненнях апанентаў Лукашэнкі, паўстане перад судом. Гэта прэцэдэнт, які, спадзяюся, паслужыць прыкладам для іншых краінаў. І ў хуткім часе на рэгулярнай аснове пачнуцца разгляды злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі па ўніверсальнай юрысдыкцыі.
Універсальная юрысдыкцыя – механізм, які дазваляе прыцягнуць да адказнасці вінаватых, нават калі сур'ёзныя злачынствы ажыццяўляліся імі ў іншай краіне. З улікам таго, што прадстаўнікі рэжыму адкрыта здзекуюцца з права і не збіраюцца расследваць шматлікія выпадкі катаванняў беларусаў, гэты механізм можа стаць эфектыўным сродкам для прыцягнення да адказнасці канкрэтных асобаў. У прыватнасці тых, што катавалі і забівалі нашых суграмадзян падчас выбараў 2020 года і пасля іх.
Калі вы з'яўляецеся ахвярай злачынства і зараз знаходзіцеся не ў Беларусі – не маўчыце. Вы можаце дамагчыся правасуддзя так, як зараз дамагаюцца справядлівасці Алена Захаранка, дачка зніклага Юрыя Захаранкі, і Валерыя Красоўская, дачка Анатоля Красоўскага. Каб атрымаць дапамогу па падачы справы па ўніверсальнай юрысдыкцыі, пішыце на адрас legal@tsikhanouskaya.org. Мы дапаможам вам звязацца з нашымі партнёрамі па гэтым профілі».