• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • «Дзяржава не мае права ўмешвацца ў справы царквы». Пазіцыя Офіса Святланы Ціханоўскай

    19 кастрычніка, 2021

    Свабода думкі, сумлення і рэлігіі – базавае права чалавека. Яна адносіцца да паслядоўнікаў рэлігійных і нерэлігійных перакананняў і ўключае свабоду кожнага з нас як аднаасобна, так i разам з iншымi, публічна ці непублічна, вызнаваць сваю рэлігію або перакананні ў набажэнстве, выкананні рэлігійных і рытуальных абрадаў і ў навучанні. Гэта прапісана і ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах (арт. 18), і ў Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека (арт. 9). Рэлігія – гэта не толькі пра малітвы і абрады, права на свабоду сумлення цесна звязанае са свабодай выказвання меркавання, у тым ліку і па пытаннях грамадскай важнасці.

    Свабода рэлігій або перакананняў можа быць абмежаваная толькі па законе і толькі ў тых выпадках, калі гэта неабходна ў дэмакратычным грамадстве – на ахову грамадскай бяспекі, парадку, здароўя, маральнасці або абароны правоў і свабод іншых людзей. І калі такой пагрозы няма, дзяржава не мае права ўмешвацца ў справы царквы.

    Дзяржава не мае права ўмешвацца ва ўнутраную свабоду рэлігійнай супольнасці і дыктаваць, у што ім верыць, як маліцца, як арганізоўваць сваё адміністрацыйнае кіраванне і каго выбіраць або прызначаць сваімі лідарамі або супрацоўнікамі.

    У 1981 годзе Генеральная Асамблея ААН прыняла Дэкларацыю аб ліквідацыі ўсіх формаў нецярпімасці і дыскрымінацыі на аснове рэлігіі або перакананняў. У ёй замацавана: ніводная супольнасць, заснаваная на рэлігіі або агульных перакананнях, не павінна падвяргацца дыскрымінацыі з боку дзяржаў, арганізацый ці людзей. Ні адзін чалавек не павінен падвяргацца дыскрымінацыі з-за сваёй рэлігійнай прыналежнасці. Усе мы павінны імкнуцца жыць у свеце роўных правоў і свабод і роўнасці перад законам.

    Рэлігійныя арганізацыі – гэта паўнапраўныя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Яны могуць рабіць свой унёсак у развіццё краіны і салідарнасці сярод народа. Таму палітычныя структуры павінны падтрымліваць пастаянны адкрыты дыялог з рэлігійнымі супольнасцямі і супольнасцямі, заснаванымі на перакананнях. Гэта тычыцца пытанняў заканадаўства, знешняй і ўнутранай палітыкі дзяржавы.

    Апошнія навіны