«У гэтым годзе трагедыі спаўняецца 35 гадоў. І за гэты час Чарнобыль так і не сышоў у мінулае. Ён усё яшчэ застаецца нашым сучасным і будучым, бо сляды радыяцыі будуць уплываць на нашыя жыцці яшчэ стагоддзямі.
На жаль, Беларусь зараз перажывае другі палітычны і гуманітарны Чарнобыль.
35 гадоў таму дзяржава прадэманстравала, што чалавечыя жыцці для яе нічога не значаць. І тое ж самае мы бачым цяпер: тыя, хто называе сябе ўладай, не служаць беларусам, а знішчаюць беларусаў – катаваннямі ў турмах, гвалтам на вуліцах, крымінальнымі справамі за жаданне пераменаў.
35 гадоў таму дзяржава вырашыла хлусіць людзям пра катастрофу. І цяпер нам зноў хлусяць: пра маштабы пандэміі, пра вынікі выбараў, пра тое, што ў Беларусі няма сотняў зняволеных па палітычных матывах. І, як і тады, гэтая хлусня літаральна адчуваецца ў паветры.
Я і мой муж Сяргей Ціханоўскі – родам з поўдня Беларусі, самага заражанага рэгіёну краіны. Мы абодва былі маленькімі дзецьмі, калі здарыўся выбух на Чарнобылі. Некалькі дзён нашыя бацькі нічога не ведалі і не падазравалі, што трагедыя з-за радыяцыі стане не проста часткай нашай гісторыі, а літаральна часткай нас. І зараз увесь боль і ўсё пераўтварэнні, праз якія праходзяць беларусы як нацыя, – гэта таксама частка кожнага з нас.
Я добра ведаю: калі дзеліш боль з іншымі, становіцца лягчэй. Таму запрашаю ўсіх сёння ў 20:30 запаліць свечкі ў памяць пра Чарнобыль каля найбуйнейшага храма ў вашым горадзе. Калі вы жывяце ў Мінску, вы можаце зрабіць ланцуг са свечак і лампад на вуліцы Леніна ці прынесці іх да касцёлу Святой Марыі ці сабору Святога Духа. Я таксама пастаўлю свечку – за тое, каб такая хлусня, бяспраўе і чалавечыя ахвяры ў гісторыі Беларусі больш не паўтарыліся ніколі».