Спампаваць дайджэст па пытаннях адукацыі і навыкі магчыма па спасылцы.
- Рэпрэсіі
– За «захоўванне і распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі» затрыманая і асуджаная да 13 сутак адміністрацыйнага арышту былая выкладчыца філфака БДУ, вядомая паланістка, прафесарка Ала Кожынава. Раней яе з палітычных прычынаў звольнілі з БДУ пасля 33 гадоў працы.
– Суд Заводскага раёна г. Мінска прысудзіў экс-дацэнтцы кафедры італьянскай мовы МДЛУ Наталлі Дулінай 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Перад гэтым Наталля, вядомая сваёй пратэстнай актыўнасцю, запісала відэа ў падтрымку Украіны.
– Студэнт БНТУ Мікіта Антаневіч быў затрыманы і прыгавораны судом Цэнтральнага раёна г. Мінска да 15 сутак адміністрацыйнага арышту за тое, што 1 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы сфатаграфаваў жанчыну з плакатам «Спыніце вайну».
– Настаўніца гісторыі СШ No27 г. Бабруйска Ларыса Секержыцкая была затрыманая ў школе за наяўнасць жоўта-сіняй стужачкі ў сваёй прычосцы па даносе настаўніцы матэматыкі Наталлі Сіманенка і дырэктаркі школы Наталлі Вінакур.
– У Беларусі распачалі першую крымінальную справу за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (арт.361-4 ч.1 КК РБ) у дачыненні да непаўнагадовага. Навучэнец ліцэя быў затрыманы за тое, што ў канцы лютага – пачатку сакавіка сфатаграфаваў расійскую вайсковую тэхніку і яе перамяшчэнне, даслаўшы здымкі ў тэлеграм-канал, прызнаны беларускімі ўладамі экстрэмісцкім. Падлетку пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Таксама, за спробу ўночы паглядзець на месца дыслакацыі расійскай вайсковай тэхнікі на Гомельшчыне былі затрыманыя двое школьнікаў і ліцэіст. На бацькоў падлеткаў склалі пратаколы за невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей (арт.10.3 ч.2 КаАП).
– У Лагойскім раёне затрыманыя двое падлеткаў 14 і 15 гадоў, якія нанеслі надпісы на тэму ўдзелу Расіі і Беларусі ў вайне супраць Украіны на вясковы мемарыял загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Праводзіцца праверка, іх дзеянням будзе дадзеная прававая ацэнка.
– У Наваполацку 27 лютага на выбарчым участку была затрыманая студэнтка ПДУ Аляксандра Бука. Дзяўчына прыйшла на ўчастак са сваім знаёмым, які сфатаграфаваў свой бюлетэнь, што і стала нагодай затрымання абодвух. Яна правяла трое сутак у ІЧУ і была адпушчаная без суда.
– 19-гадовы студэнт БДТУ Максім Тужык асуджаны да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму за зняцце дзяржаўнага сцяга з фасада аўтавакзала «Цэнтральны». Даслаць ліст Максіму можна на адрас: 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, ПК №1.
– Вядомы беларускі сацыёлаг, кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт кафедры сацыяльных камунікацый Полацкага дзяржуніверсітэта Аляксей Ластоўскі паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку пра тое, што быў вымушаны звольніцца з універсітэта «па згодзе бакоў» і, улічваючы абставіны звальнення, цяпер выключае магчымасць уладкавацца на якую-небудзь іншую працу ў Беларусі.
– 7 сакавіка – Дзень нараджэння ў прадстаўніцы Святланы Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў палітзняволенай Аланы Гебрэмарыям. З 12 лістапада 2020 года яна знаходзіцца за кратамі па сфабрыкаванай справе. Павіншаваць Алану з Днём нараджэння і напісаць ёй добрыя словы можна на адрас: ВК №4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3 Алана Тадэге Гебрэмарыям.
- Палітыка рэжыму
– У сацыяльных сетках устаноў адукацыі Гомельшчыны з’явіліся звароты да бацькоў з інфармацыяй пра крымінальную і адміністрацыйную адказнасць дзяцей за каментары «пра розныя палітычныя і міжнародныя падзеі».
– Беларускія школьнікі распавялі, што ім кажуць настаўнікі пра вайну ва Украіне: ад «Украіна напала на Беларусь і Расію, а мы проста абараняемся» да «давайце памаўчым за дзетак Украіны».
- Санкцыі ў дачыненні да Беларусі
– Рэктар Вааскага Універсітэта (Вааса, Фінляндыя) заявіў пра тое, што яго навучальная ўстанова, згодна з рэкамендацыяй Міністэрства адукацыі і культуры Фінляндыі, прыпыніла ўсе сумесныя праекты і супрацоўніцтва з беларускімі і расійскімі ВНУ і навуковымі ўстановамі, што, аднак, не павінна адбіцца на магчымасці студэнтаў і навукоўцаў з гэтых краінаў вучыцца і працаваць ва ўніверсітэце.
– З-за садзейнічання беларускага рэжыму ваеннаму ўварванню Расіі ва Украіну Гданьскі ўніверсітэт прыпыніў супрацоўніцтва з беларускімі ВНУ і навуковымі цэнтрамі.
– З-за ўдзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны арганізатар міжнародных чэмпіянатаў па развіцці прафесійных навыкаў у моладзі World Skills International адмовіўся супрацоўнічаць з беларускімі калегамі з World Skills Belarus, на што тыя адрэагавалі заявай: «мы людзі мірныя».
– Сусветны банк, вядомы сваім удзелам у праграмах па мадэрнізацыі сістэмы адукацыі, вырашыў неадкладна згарнуць усе праграмы дапамогі ў Расіі і Беларусі ў сувязі з сітуацыяй ва Украіне.
- Грамадзянская супольнасць і адукацыя
– Больш за тысячу прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі падпісаліся пад зваротам, у якім выказваецца рашучы пратэст супраць вайны, развязанай кіраўніцтвам Расійскай Федэрацыі. Падпісаць зварот можна тут.
– Аргкамітэт Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі апублікаваў зварот з нагоды нападу РФ на Украіну, у якім ад імя беларускай акадэмічнай супольнасці рашуча асуджаецца «ваенная агрэсія Расіі супраць незалежнай і суверэннай Украіны», а таксама адзначаецца памылковасць прыпынення супрацоўніцтва Украіны, краінаў ЕС і ЗША з беларускімі вучонымі на фоне аказання рэжымам рознабаковай дапамогі войскам РФ.
– Найбуйнейшыя беларускія гісторыкі – Генадзь Сагановіч, Алесь Смалянчук, Алесь Краўцэвіч, Андрэй Чарнякевіч – у звароце да калег з Украіны і да ўсяго ўкраінскага народа выказалі салідарнасць і падтрымку ў барацьбе за права жыць у незалежнай і свабоднай краіне.
– «Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў» ад імя беларускага студэнцтва салідарызавалася з заявай беларускай грамадзянскай супольнасці пра ўдзел рэжыму ў вайне супраць Украіны: «нелігітымная ўлада рэалізуе палітыку, якая супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным нормам».
– Святлана Ціханоўская ў размове з паслом Эстоніі закранула пытанне пра рашэнне Тартускага ўніверсітэта абмежаваць прыём дакументаў для паступлення ў 2022/2023 гг. для грамадзянаў Расіі і Беларусі з-за агрэсіі гэтых краінаў супраць Украіны. Пасол запэўніў, што ўрад Эстоніі не заклікаў эстонскія ўніверсітэты адмаўляцца ад прыёму беларускіх студэнтаў на навучанне, і што прэзідэнт Эстоніі Алар Карыс заявіў пра неабходнасць пераглядзець гэтае рашэнне. У Офісе Святланы Ціханоўскай назвалі дадзенае абмежаванне «дыскрымінацыяй па нацыянальнай прыкмеце».
– 25 сакавіка адбудзецца публічная дыскусія «Галасы ўсходнееўрапейскага антрапацэна» з удзелам пісьменніцы, нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч на тэму вайны Расіі супраць Украіны і новай ядзернай пагрозы. Мерапрыемства правядзе прафесар Каледжа Брын-Мор (ЗША, Пенсільванія) Хасэ Вергара. Дыскусія адбудзецца на рускай мове з перакладам на англійскую. Для ўдзелу неабходна прайсці рэгістрацыю. Кантакт для сувязі з арганізатарам: jvergara@brynmawr.edu
– Доктарка філасофскіх навук, прадстаўніца Офіса Святланы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы Таццяна Шчытцова звярнулася да міжнароднай акадэмічнай супольнасці з заклікам не забараняць супрацоўніцтва з беларускімі вучонымі.
- Падрыхтоўка да рэформы адукацыі
– У межах праекта «Беларуская адукацыя на шляху пераменаў» 23 лютага адбылася дыскусія «Ад ідэалогіі да грамадзянскай адукацыі». Удзельнікі дыскусіі, эксперты Таццяна Пашавалава і Андрэй Лаўрухін абмеркавалі пытанні грамадзянскай адукацыі ў новай Беларусі і дэмакратычных краінах, паказалі яе прынцыповае адрозненне ад ідэалагічнай адукацыі сучаснай Беларусі.
- Міжнародныя магчымасці
– 15 сакавіка пачынаецца новы набор на стыпендыяльную праграму К. Каліноўскага для беларускіх студэнтаў, якія зведалі палітычныя рэпрэсіі. На гэты раз праграма дае магчымасць не толькі атрымання вышэйшай адукацыі на льготных умовах, але і ўдзелу даследчыкаў у навуковых стажыроўках. Заяўкі прымаюцца да 15 траўня.
– У сувязі з новай хваляй рэпрэсій пасля антываенных пратэстаў Офіс па адукацыі для новай Беларусі ў межах праграмы Каралеўства Нідэрландаў «Orange Scholarships» адкрывае прыём заявак на пакрыццё тэрміновых выдаткаў сумай да 500 еўра для студэнтаў, якія зведалі або якім пагражаюць рэпрэсіі, з мэтай іх экстраннага выезду, найму жылля ў бяспечным месцы або навучання за мяжой.
– Даследчы цэнтр Усходняй Еўропы пры Брэменскім універсітэце прапануе дадатковыя стыпендыі даследчыкам-уцекачам з Украіны і вучоным з Расіі і Беларусі, якім пагражае небяспека. Стыпендыі прызначаныя для магістрантаў, аспірантаў, малодшых і старэйшых навуковых супрацоўнікаў, якія займаюцца даследаваннямі ў галіне гісторыі, культуры, палітыкі, эканомікі. Заяўку неабходна падаваць на англійскай ці нямецкай мове. Кантакт для сувязі з арганізатарам: manuela.putz@uni-bremen.de
– Міністэрства адукацыі Славацкай Рэспублікі прапануе ўрадавыя стыпендыі для навучання больш як па 40 спецыяльнасцях у галіне прыродазнаўчых, тэхнічных, грамадскіх і гуманітарных навук. Праграма прадугледжвае навучанне на славацкай мове, выдаткі на вывучэнне якой пакрываюцца арганізатарам.
– «Універсітэт Новай Еўропы» сабраў у брашуры інфармацыю пра магчымыя маршруты экстранага выезду з Украіны, фонды і арганізацыі, якія дапамагаюць экстрана пакінуць тэрыторыю Украіны і ўладкавацца ў іншай краіне, а таксама пра розныя праграмы падтрымкі і стажыроўкі для навукоўцаў, студэнтаў, дзеячаў культуры, праваабаронцаў і журналістаў, якія знаходзяцца ў небяспецы ва Украіне, Беларусі і Расіі.
Больш міжнародных магчымасцяў — на сайце «Честного университета».