Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у Міжнародным стратэгічным форуме ў славенскім Бледзе, дзе таксама прысутнічалі: Антоніу Кошта — Прэзідэнт Еўрапейскай рады; Кая Калас — Вярхоўная прадстаўніца ЕС па знешняй палітыцы і бяспецы, віцэ-прэзідэнтка Еўракамісіі; дзясяткі прэзідэнтаў, прэм’ер-міністраў і міністраў з розных краінаў, а таксама прадстаўнікі ваенных структураў з Еўропы і ЗША.
У сваім выступе Ціханоўская закранула: Сцэнары развіцця падзеяў у Беларусі і рэгіёне, будучыню пасля пераменаў, еўрапейскую перспектыву і месца Беларусі ў агульным еўрапейскім развіцці.
Акрамя таго, яна распавяла пра працу дэмакратычных сілаў, пераслед беларусаў унутры краіны і праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы за мяжой. Ціханоўская заклікала да падтрымкі беларускіх журналістаў, праваабаронцаў і культурніцкіх ініцыятываў, нагадала пра пагрозу беларускай незалежнасці (бо рэжым дзейнічае ў інтарэсах Масквы, а не беларускага народа), і адказала на пытанні пра адносіны з Украінай.
На палях форуму Ціханоўская сустрэлася з Прэзідэнткай Славеніі Наташай Пірц-Мусар, міністаркай замежных справаў Славеніі Таняй Фаён; еўракамісаркай Хаджай Лабіб, віцэ-міністрам замежных справаў Украіны Аляксандрам Мішчанкам; а таксама з іншымі дыпламатамі, чыноўнікамі і экспертамі.
Асобная сустрэча адбылася з дзяржаўным сакратаром МЗС Германіі Флорыянам Ханам. Абмяркоўваліся працяг падтрымкі незалежных медыя (у тым ліку беларускай рэдакцыі Deutsche Welle), падтрымка Міжнароднай платформы збору доказаў (IAPB), падрыхтоўка да візіту ў Берлін у кастрычніку, намаганні па прыцягненні рэжыму да адказнасці, супольныя дзеянні ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях, а таксама праблемы беларусаў з дакументамі ў Германіі.
У закрытых сустрэчах на форуме закраналіся і магчымыя новыя крокі дзеля вызвалення палітвязняў па гуманітарным трэку.
Напрыканцы кароткага візіту Ціханоўская наведала горад Крань, дзе адкрылася выстава беларускага фотамастака Паўла Крычко, прысвечаная падзеям 2020 года і беларускаму дэмакратычнаму руху
Ціханоўская дала інтэрв’ю славенскім, харвацкім і міжнародным медыя.