5 верасня 2025 года ў Вене Святлана Ціханоўская выступіла перад прадстаўнікамі краінаў АБСЕ ў межах Групы сяброў дэмакратычнай Беларусі. На сустрэчы прысутнічалі больш за 30 прадстаўнікоў краінаў-сяброў, у тым ліку амбасадараў і кіраўнікоў дэлегацыяў з Вялікабрытаніі, Канады і ЗША. Дыскусія працягвалася больш за паўтары гадзіны.
У цэнтры ўвагі былі пытанні бяспекі ў Еўропе, санкцыяў, падтрымкі рэпрэсаваных, вызвалення палітвязняў, праблемаў беларусаў з эміграцыяй, пытанні візаў і легалізацыі, мабільнасці, адукацыі, а таксама падтрымкі культуры і нацыянальнай ідэнтычнасці. Усе гэтыя тэмы былі дэталёва абмеркаваныя, што дазволіла стварыць поўную карціну сітуацыі ў Беларусі і патрэбаў міжнароднай супольнасці для падтрымкі беларускага народа.
Святлана Ціханоўская выступіла з асноўным дакладам, пасля чаго прадстаўнікі краінаў задавалі ўдакладняючыя пытанні і актыўна ўдзельнічалі ў дыскусіі.
Падчас прамовы беларуская лідарка падкрэсліла важнасць міжнароднай падтрымкі беларускага народа, заклікала да неадкладнага вызвалення палітвязняў і спынення сістэмных рэпрэсіяў з боку рэжыму Лукашэнкі. Паводле яе словаў, Беларусь — гэта ключавы фактар рэгіянальнай бяспекі: «Не будзе бяспечнай Еўропы без вольнай Беларусі. Калі ў Беларусі няма дэмакратыі, Расія заўсёды будзе спрабаваць кантраляваць беларускі «балкон», каб пагражаць Украіне і іншым еўрапейскім краінам».
Асобна яна спынілася на пытанні нацыянальнага дыялогу, падкрэсліўшы, што вызваленне палітвязняў і спыненне рэпрэсіяў павінны стаць першым крокам да мірнай перадачы ўлады: «Мы бачым вызваленне вязняў і спыненне рэпрэсіяў як першы крок да нацыянальнага дыялогу і мірнай перадачы ўлады. Таму ў мінулым месяцы мы абвясцілі кампанію нацыянальнага круглага стала. Мэта — даслаць ясны сігнал наменклатуры, што мы гатовыя размаўляць з усімі, хто падзяляе незалежнасць Беларусі. Я ведаю, што многія ў сістэме падтрымліваюць наш падыход. Яны таксама хочуць незалежную Беларусь — і ў Еўропе».
Беларуская лідарка таксама падкрэсліла, што нягледзячы на рэпрэсіі, грамадства захавала веру ў змены, і дэмакратычныя сілы ўжо ствараюць практычныя рашэнні для беларусаў у выгнанні: «Калі момант надыдзе, мы павінны быць гатовыя ўзяць уладу, пачаць рэформы і аднавіць правапарадак».
Ціханоўская заклікала адрозніваць рэжым і беларусаў і разглядаць беларусаў як саюзнікаў: «Адрознівайце беларускі народ і беларускі рэжым. Разглядайце беларусаў як вашых патэнцыйных саюзнікаў у абароне міру і бяспекі. Інвестуйце ў людзей, а не ў рэжым».
Асобна Ціханоўская ўзгадала пра вызваленне свайго мужа: «Два месяцы таму быў вызвалены мой муж Сяргей. Гэта паказвае, што ўсё магчыма, калі мы разам і салідарныя».
Завяршаючы выступ, Святлана Ціханоўская падкрэсліла ўпэўненасць у непазбежнасці пераменаў: «Змены ў Беларусі непазбежныя. Мы павінны рыхтавацца да Беларусі пасля Лукашэнкі. Гэта нашая задача і адказнасць, але мы не можам зрабіць гэта самастойна. Я ўпэўненая, што разам з нашымі міжнароднымі сябрамі мы здолеем дасягнуць пераменаў».