• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Вынікі візіту Святланы Ціханоўскай у Ісландыю

    03 ліпеня, 2021

    Святлана Ціханоўская здзейсніла працоўны візіт у Ісландыю. Галоўная тэма ўсіх сустрэч – як Ісландыя можа дапамагчы незалежным медыя, працоўным, лекарам і ўсёй грамадзянскай супольнасці Беларусі ва ўмовах, калі рэжым рэагуе на санкцыі узмацненнем рэпрэсій над людзьмі. Вынікі:

    – Ціханоўскую прымалі на вышэйшым узроўні. Яна сустрэлася з прэзідэнтам Гвюдні Ёўханесанам, прэм'ер-міністаркай Катрын Якабсдаўцір, міністрам замежных спраў Гудлёйгур Тор Тардарсанам і прадстаўнікамі парламента.

    – Святлана Ціханоўская сказала, што для беларусаў вельмі важна, каб санкцыі ў адносінах да рэжыму былі хуткімі і эфектыўнымі, таму што рэпрэсіі ўзмацняюцца. Яна распавяла гісторыю студэнткі юрфака Кацярыны Віннікавай, якая атрымала 15 сутак за тое, што падчас выпускной прамовы назвала імёны рэпрэсаваных выкладчыкаў і адвакатаў, і іншых беларусаў, якія прама зараз пакутуюць у турмах. Ціханоўская згадала велізарны паток нелегальных мігрантаў на мяжы з Літвой як рэакцыю рэжыму на актыўную падтрымку літоўскім урадам беларусаў.

    – З прэм'ер-міністаркай абмеркавалі ўзмацненне дапамогі СМІ, тэлеграм-каналам і YouTube-праектам. Прэм'ер сама працавала журналісткай і разумее, наколькі важныя незалежныя медыя. На сустрэчах Ціханоўская распавядала пра самаарганізацыю беларусаў: «Рабочы рух», праект тэлемедыцыны okdoc.me, самвыдат.

    – Міністр замежных спраў папрасіў у Ціханоўскай спіс канкрэтных дзеянняў, якія Ісландыя можа зрабіць для беларусаў. Ён сказаў, што будзе ўздымаць пытанне Беларусі ў АБСЕ і Паўночна-Балтыйскай васьмёрцы.

    – З прэзідэнтам Ісландыі яны казалі ў тым ліку пра ўсталяванне помніка Торвальду Кадрансану – місіянеру і падарожніку, які быў у ліку першых хрысціцеляў Беларусі і памёр у Полацку.

    – Дэпутаты парламента пыталіся, як яны могуць дапамагчы Беларусі – і Ціханоўская прапанавала ім дапамагчы ўключэнню тэмы вырашэння крызісу ў Беларусі ў парадак дня Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ).

    – З рэктарам універсітэта Рэйк'явіка Ціханоўская абмеркавала стыпендыі і навучальныя праграмы для рэпрэсаваных студэнтаў, у першую чаргу, дыстанцыйныя.

    – Таксама падчас сустрэч абмяркоўваліся актуальныя гандлёвыя сувязі з Беларуссю, напрыклад, экспарт морапрадуктаў. Ціханоўская падкрэсліла важнасць празрыстасці вядзення бізнесу і павагі да правоў чалавека. Калі бізнес вядзецца па карупцыйных схемах з рэжымам, а правы супрацоўнікаў парушаюцца, гэта прычына траплення ў санкцыйныя спісы.

    – Ціханоўская заклікала ісландцаў пісаць палітвязням, і першая ледзі падтрымала гэтую ідэю. Прэзідэнт Ісландыі разам з Ціханоўскай выйшаў да дыяспары і павітаў беларусаў.

    Апошнія навіны