• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Пазбавіцца залежнасці ад РФ, дапамагаць людзям. Шэсць прыярытэтаў для вываду Беларусі з крызісу

    18 жніўня, 2022

    Святлана Ціханоўская: «Вітаю, Павел, Аляксандр, Дзмітрый, Вадзім, Аляксандр. Дзякую вам за гатоўнасць падзяліцца бачаннем стратэгіі ў першай панэлі. Я падзялюся з вамі тымі шасцю прыярытэтамі, якія бачу я – і займу месца ў зале і з цікавасцю паслухаю вашыя пазіцыі і абмеркаванне. І сярод вашых прапановаў я спадзяюся пачуць і пра вашую гатоўнасць гэтыя прапановы рэалізоўваць.

    Першы прыярытэт – гэта абарона незалежнасці і нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Для гэтага мы павінны зрабіць усё, каб вывесці краіну з міжнароднай ізаляцыі, дабіцца вываду расійскіх войскаў, і пазбавіцца ад татальнай залежнасці ад Расіі, бо менавіта яна стала галоўным спонсарам рэжыма і пагрозай суверэнітэту нашай краіны. Мы павінны перашкаджаць любым спробам выкарыстоўваць Беларусь для чужой агрэсіі. Рыхтаваць кадравы рэзерв кіраўнікоў, чыноўнікаў, афіцэраў, якія будуць служыць свайму народу. Папулярызаваць беларускую мову, культуру, развіваць сістэму адукацыі (напрыклад, дапамагаць адкрыццю беларускіх універсітэтаў, школаў і дзіцячых садкоў у суседніх краінах) – каб узмацняць нацыянальную ідэнтычнасць.

    Другі прыярытэт – гэта ўзмацненне ўнутранага і знешняга ціску на рэжым. Мы мусім падтрымліваць партызанскі рух супраціву, беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, пашыраць план «Перамога». Адкрываць справы па ўніверсальнай юрысдыкцыі. У судзе ААН і Міжнародным Крымінальным судзе – да тых, хто мае дачыненне да агрэсіі ва Украіне і да злачынстваў супраць беларусаў.

    Трэці прыярытэт – дапамога развіццю беларускіх незалежных медыяў і грамадзянскай супольнасці. Гэта крытычна важна, каб беларусы мелі доступ да праўдзівай інфармацыі і магчымасць рэалізоўваць уласныя праекты, ідэі і ініцыятывы. Патрэбныя стажыроўкі для журналістаў і актывістаў, трэнінгі, супрацоўніцтва з Google і Meta. Мы павінны дапамагаць медыям і ініцыятывам знаходзіць рэсурсы, дапамагаць ім з інструментамі для абыходу блакавання і ціску.

    Чацвёрты прыярытэт – дапамагаць беларусам вырашаць іх праблемы. Вялікая колькасць людзей эканомяць, не могуць выязджаць з краіны, не маюць доступу да нармальнай адукацыі, да медыцыны. Таму мы павінны адрываць новыя адукацыйныя, візавыя і іншыя магчымасці. Дапамагаць сем'ям палітвязняў і ўсім, хто зведаў рэпрэсіі. У нас мусіць быць бачанне, як вырашаць праблему эканамічнага крызісу.

    Пяты прыярытэт – прапрацаваць дарожную карту пераходнага перыяду ад дыктатуры – да дэмакратыі. Мы разам распрацуем план дзеянняў для стабілізацыі сітуацыі, якія трэба будзе выканаць хутка і зладжана.

    І шосты прыярытэт – рэарганізаваць наш рух для эфектыўнай працы. Сёння мы будзем абмяркоўваць рэформу Каардынацыйнай Рады, стварэнне аб'яднанага пераходнага кабінета, а заўтра – стварэнне лічбавай платформы для аб'яднання беларусаў. Гэта вельмі важна, каб закласці правільны падмурак для ўсёй далейшай працы.

    Гэта тое, як разумею сітуацыю я. А зараз я перадаю вам слова і я прашу вас расказаць, як бачыце прыярытэты працы вы – каб мы маглі аб'яднаць іх і дзейнічаць разам».

    Апошнія навіны