Святлана Ціханоўская ініцыюе міжнародную канферэнцыю «Дэмакратычныя выбары для вырашэння крызісу ў Беларусі» 1-2 чэрвеня 2021 года. Мэта канферэнцыі – абмеркаваць, як прыйсці да датэрміновых выбараў прэзідэнта Беларусі для вырашэння крызісу і як іх правесці. Канферэнцыя арганізаваная па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай сумесна з міжнароднымі партнёрамі – IFES (ЗША), International IDEA (Швецыя), DRI (Германія).
Офіс Ціханоўскай прапанаваў удзел прадстаўнікам рэжыму, у тым ліку кіраўніку адміністрацыі Ігару Сяргеенку, намесніцы кіраўніка адміністрацыі Вользе Чупрыс, чальцу Палаты прадстаўнікоў Святлане Любецкай.
Ціханоўская: «Захоп самалёта з Раманам Пратасевічам, знішчэнне TUT.by, самагубства 17-гадовага Дзмітрыя Стахоўскага, які не вытрымаў палітычнага пераследу, – гэта ўсё наступствы таго, што Лукашэнка сфальсіфікаваў выбары і трымае ўладу сілай.
Мы змагаемся за тое, каб спыніць гвалт, вызваліць палітвязняў і вярнуць у нашую краіну сумленныя, свабодныя выбары. Толькі выкананне ўсіх трох гэтых мэтаў можа комплексна вырашыць крызіс у Беларусі.
Мы ведаем, што да новых выбараў трэба рыхтавацца загадзя, і міжнародная канферэнцыя дапаможа нам у гэтым. Таму мы запрасілі да ўдзелу нашых замежных партнёраў, ЦВКі дэмакратычных дзяржаў – яны гатовыя абменьвацца з намі вопытам. Гэта яшчэ раз даказвае, што міжнародная супольнасць закрывае свае дзверы для рэжыму, але адкрывае – для Беларусі і беларусаў.
Лукашэнка з гэтага часу ізгой ва ўсім свеце, ён не прызнаны ні ўнутры краіны, ні па-за ёй. Дэмакратычныя лідары, у той жа час, прызнаныя народам Беларусі і міжнароднай супольнасцю, таму дыялог пра новыя выбары зараз не толькі ў нашых інтарэсах, але і ў інтарэсах прадстаўнікоў рэжыму, якім самы час задумацца пра сваю будучыню. І мы ўжо даслалі ім персанальныя запрашэнні».
Запрашаем прадстаўнікоў палітычных партый, грамадскіх і дзяржаўных структур і арганізацый з Беларусі і іншых краін прыняць удзел у анлайн-канферэнцыі і зарэгістравацца па спасылцы.
Індывідуальныя ўдзельнікі змогуць сачыць за канферэнцыяй у анлайн трансляцыі на афіцыйным YouTube-канале Святланы Ціханоўскай на рускай мове. Пазней на канале будуць даступныя запісы канферэнцыі на англійскай і беларускай мовах.