З 1 па 8 сакавіка ў Рызе пройдзе міжнародны кінафестываль Artdocfest, у які арганізатары мерапрыемства ўключылі праграму «Жыве Беларусь». У яе межах 2 і 3 сакавіка будуць паказаны чатыры беларускія кінастужкі. «Жыве Беларусь» – гэта шэраг дакументальных фільмаў пра беларусаў і беларусак, якія распавядуць аб тым, як людзі жывуць у дыктатуры і працягваюць змагацца з ёй.
⚪️ «Выпадковая прэзідэнтка» – гэта фільм Майка Лернера і Марціна Херынга, які распавядзе гісторыю Святланы Ціханоўскай. Фільм дакументуе не толькі штодзённую цяжкую працу і падрабязнасці пра сустрэчы з сусветнымі лідарамі, але і эмацыйны бок гэтага шляху – моманты болю, радасці і натхнення.
🔴 У стужцы-ўладальніцы Гран-пры капенгагенскага фестывалю CPH DOX «Радзіма» Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзяка вы дазнаецеся пра жахлівыя падрабязнасці беларускай вайсковай практыкі здзекаванняў, катаванняў і забойстваў прызыўнікоў.
⚪️ Фільм Дар’і Андраянавай і Мікалая Купрыча «Пісюшы» распавядзе аб тым, як беларуская ЛГБТК+ супольнасць спрабуе жыць у краіне, у якой яе прадстаўнікоў быццам бы не існуе ўвогуле.
🔴 «Хачу на вайну» – ваенны дакументальны фільм Алёны Чарняўскай, які распавядзе аб тых беларусах, якія дабравольцамі пайшлі бараніць Украіну і яе незалежнасць.
Святлана Ціханоўская: «Я заўсёды захапляюся тым, як беларусы выражаюць сябе праз творчасць – складаюць песні, здымаюць фільмы, пішуць кнігі, малююць карціны. Кожны з іх расказвае нашую сучасную гісторыю праз сваё мастацтва. І як жа цешыць, што беларуская творчасць натхняе не толькі нас, але і цікавіць міжнародную культурную супольнасць.
Дзякуй усім дзеячам мастацтва і кожнаму, хто ўклаў у сваю працу крупіначку сваёй гісторыі і культуры. Ствараючы і пашыраючы беларускае, вы робіце вялікую працу па захаванні нашай асобнай, адметнай культуры».