Беларуская лідарка дала інтэрв’ю «Зялёнаму еўрапейскаму журналу», дзе распавяла, што лічыць страхам беларусаў, выкрыла падманную сутнасць безвыбараў, а таксама патлумачыла, як пераплятаецца будучыня Украіны і Беларусі.
Прыводзім самыя яркія цытаты з размовы:
📌 «Беларускі парламент – гэта фарс і цырк. Рэжым кажа пра выбары, якія не маюць нічога агульнага з дэмакратыяй. Лідары апазіцыйных партыяў у турме, паўмільёна чалавек былі змушаныя бегчы з краіны. За кратамі тысячы палітвязняў, няма незалежных СМІ, НДА стаяць на каленях. Як у такой рэальнасці можна гаварыць пра сумленныя выбары?»
📌 «Беларусы і ўкраінцы сутыкаюцца з адным і тым жа ворагам: імперыялістычнымі амбіцыямі Расіі. Расія не бачыць ні Украіну, ні Беларусь самастойнымі незалежнымі дзяржавамі. Расія глядзіць на іх як на непаслухмяных дзяцей, якія хочуць адлучыцца ад імперыі. Але гэта нашае права! Мы – асобныя нацыі!»
📌 «Ведаеце, чаго баяцца людзі ў Беларусі? Што Беларусь можа апынуцца на стале, але не за сталом. Што наш голас не будзе пачуты, і што Беларусь аддадуць Пуціну ў якасці суцяшальнага прыза».
📌 «Большасць людзей у Беларусі выступаюць супраць рэжыму, але гэта звычайныя людзі, а не палітычная партыя, якая імкнецца да ўлады. Беларусы ўнутры краіны ненавідзяць гэты рэжым. Зараз яны не могуць адкрыта заявіць пра гэта, але яны не здрадзілі сабе – яны працягваюць змагацца».