• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Марафон салідарнасці з палітзняволенымі, Канферэнцыя Новая Беларусь 2023. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 24-30 ліпеня 2023

    31 ліпеня, 2023

    МАРАФОН САЛІДАРНАСЦІ. 29 ліпеня прайшоў марафон салідарнасці з палітзняволенымі і іх сем’ямі, які ініцыявала прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова. Галоўная мэта марафону – сабраць грошы для палітычных зняволеных і іх сем'яў. Да яго далучыліся больш за 40 беларускіх ініцыятываў, арганізацыяў, фондаў і незалежных медыя. Відэа-трансляцыю марафону можна паглядзець тут. Святлана Ціханоўская запісала відэа па выніках анлайн-марафону – за першы дзень удалося сабраць больш за 350 тысячаў еўра.

    Па выніках марафону беларусы разам сабралі 574 617 еўра для дапамогі палітзняволеным і іх сем'ям. Святлана Ціханоўская падзякавала ўсім, хто ахвяраваў грошы і прыняў удзел у марафоне. «Беларусы, я намі ганаруся! Гэты марафон зноў даў веру ў тое, што мы, беларусы, здольныя аб’яднацца. Для дапамогі адно аднаму не патрэбная нейкая нагода ці асаблівая дата. Салідарнасць і ўзаемны клопат заўсёды былі і будуць нашай сілай», – адзначыла беларуская лідарка.

    КАНФЕРЭНЦЫЯ НОВАЯ БЕЛАРУСЬ. 6 жніўня ў Варшаве Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб'яднаны Пераходны Кабінет і Каардынацыйная Рада правядуць Канферэнцыю Новая Беларусь 2023. Святлана Ціханоўская запісала відэа, у якім падрабязней распавяла пра Канферэнцыю і яе мэты: «Мы адкрыта абмяркуем: чаго мы ўсе дамагліся за гэты час, якія былі дасягненні і няўдачы, якія нашыя далейшыя планы, якое бачанне будучыні нашай краіны. Мы павінны адказаць на гэтыя пытанні не толькі людзям, але і самім сабе. І зразумець, як мы можам наблізіцца да дасягнення таго, што пачынае здавацца немагчымым». 

    Каб Канферэнцыя была даступная для ўсіх, мы зробім анлайн-трансляцыю, дзе вы зможаце задаваць пытанні ўдзельнікам. Таксама мы ўжо зрабілі анлайн-форму, дзе кожны з вас можа падзяліцца сваім меркаваннем пра працу дэмакратычных сілаў. Падрабязней пра праграму Канферэнцыі можна даведацца на сайце. Калі ў вас ёсць пытанні – пішыце @ConfNewBelarus2023.

    ДЗЕНЬ САЛІДАРНАСЦІ З БЕЛАРУССЮ. 9 жніўня па ўсім свеце пройдзе Дзень салідарнасці з Беларуссю. Святлана Ціханоўская заклікала ўсіх беларусаў далучыцца: «Разам мы можам шмат – дык давайце зробім так, каб наш голас стаў яшчэ гучнейшым па ўсім свеце». Беларусы замежжа могуць арганізаваць акцыі ў сваіх гарадах ці вывесіць нацыянальныя сцягі. Беларусы ў краіне могуць напісаць ідэю для плаката, з якім беларусы замежжа выйдуць на акцыі салідарнасці.

    Больш інфармацыі пра тое, што рабіць у Дзень салідарнасці – шукайце на сайце: https://standwithbelarus.org/.

    СУВЕРЭНІТЭТ І НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ. 27 ліпеня ​​была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Святлана Ціханоўская пракаментавала: «Я не аналітык і не эксперт, я не раблю прагнозаў. Але гісторыя паказала, што мы – беларусы – умеем бараніць сваё. І я веру, што беларусы атрымаюць сваю незалежнасць і сваю краіну, якую заслугоўваюць. І як бы зараз ні здавалася складана, пазней мы будзем узгадваць гэтыя моманты як гісторыю. Гісторыю барацьбы за волю і незалежнасць. І гэтыя складаныя дні стануць яе старонкамі».

    СУПРАЦА З ІНІЦЫЯТЫВАМІ. 26 ліпеня Святлана Ціханоўская, галоўны дарадца Франак Вячорка і кіраўнік аддзела па знешніх сувязях Данііл Гаркавы правялі званок з партнёрскімі грамадзянскімі ініцыятывамі, якія ўдзельнічаюць у праграме рэзідэнцтва ў Хабе Офіса. Яны падзяліліся апошнімі навінамі пра вынікі і планы Офіса, расказалі як ідзе падрыхтоўка да Канферэнцыі Новая Беларусь і да Дня салідарнасці 9 жніўня. Таксама на званку была прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова, якая распавяла пра марафон салідарнасці з палітзняволенымі і іх сем’ямі 29 ліпеня.

    ВАЛАНЦЁРЫ ОФІСА. 27 ліпеня валанцёры Офіса правялі размову з журналісткай і даследчыцай у Atlantic Council Ганнай Любаковай. На сустрэчы Ганна расказвала, як аналітыка па Беларусі дапамагае замежным партнёрам і як прасоўваць беларускі парадак дня на міжнародным узроўні.

    Далучыцца да валанцёрскай праграмы можна тут, а падтрымаць яе – праз BYSOL.

    РАЗМОВЫ З БЕЛАРУСАМІ. У пятніцу, 28 ліпеня, Святлана Ціханоўская разам са сваім намеснікам у Аб’яднаным Пераходным Кабінеце Валерам Кавалеўскім правяла штотыднёвыя асабістыя размовы з беларусамі. Прачытаць пра тое, што такое асабістыя размовы і як яны праходзяць можна тут.

    МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Зеркало (Беларусь), TBS (Японія), Наша Нiва (Беларусь), БелСАТ (Беларусь), Verdens Gang (Нарвегія), PAP polska (Польшча), TVP World (Міжнароднае), Радыё Свабода (1, 2, 3) (Беларусь), RUV (Ісландыя), Радыё Рацыя (Беларусь), Дождь (Расія па замежжы), Foreign Policy (Міжнароднае), Позiрк (Беларусь), Маланка (1, 2) (Беларусь).

    Апошнія навіны