Святлана Ціханоўская: «33 гады таму была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.
Шлях беларусаў да аднаўлення сваёй дзяржавы быў значна больш цяжкім, чым у многіх іншых народаў. Два стагоддзі мы знаходзіліся пад прэсам расійскай імперыі, і нават марыць пра незалежнасць было забаронена. Тыя, хто спрабавалі ператварыць мару ў дзеянне, былі пакараныя смерцю разам з Кастусём Каліноўскім, загінулі падчас Слуцкага паўстання ў абарону незалежнасці БНР, палеглі ў Курапатах ці былі закатаваныя ў ГУЛАГу.
І ўсё ж мару беларусаў пра сваю дзяржаву знішчыць не ўдалося. Дэкларацыя аб суверэнітэце была прынятая ў часы, калі беларуская нацыя вызвалялася з-пад панавання ўлады, якую Васіль Быкаў называў «нялюдскай», калі беларусы жылі надзеямі і верылі, што наперадзе – толькі светлае.
Але рэалізаваць сваё імкненне аб незалежнасці аказалася няпроста: сёння рэжым Лукашэнкі кавалак за кавалкам здае суверэнітэт нашай краіны. Ён купляе права на сваё існаванне коштам дабрабыту і здароўя людзей – робіць Беларусь ядзернай мішэнню і прытулкам для галаварэзаў. Мы ўсе даўно пераканаліся, што сапраўдная незалежнасць магчымая толькі тады, калі рэжым будзе адхілены ад улады.
Я не аналітык і не эксперт, я не раблю прагнозаў. Але гісторыя паказала, што мы – беларусы – умеем бараніць сваё. І я веру, што беларусы атрымаюць сваю незалежнасць і сваю краіну, якую заслугоўваюць. І як бы зараз ні здавалася складана, пазней мы будзем узгадваць гэтыя моманты як гісторыю. Гісторыю барацьбы за волю і незалежнасць. І гэтыя складаныя дні стануць яе старонкамі.
Жыве Беларусь!»