Прадстаўнік Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч пракаментаваў інфармацыю пра выдзяленне Беларусі больш за 900 млн даляраў са сродкаў МВФ.
Аляхновіч: «Сёння набыло моц самае буйное ў гісторыі размеркаванне спецыяльных правоў запазычання (SDR) сярод 190 краін-удзельніц Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) на 456 млрд. SDR, што эквівалентна $ 650 млрд. Рада кіраўнікоў Фонду ўхваліла яго ў пачатку жніўня гэтага года, а цяпер гэтыя сродкі паступілі на рахункі ў Фондзе ўсіх краін-чальцоў МВФ.
Варта растлумачыць некалькі важных дэталяў.
1) Вылучэнне SDR з'яўляецца шматбаковым дагаворам, у якім удзельнічаюць усе чальцы МВФ і яно не звязана з ацэнкай сітуацыі з правамі чалавека ў асобных краінах. Такім чынам, ні ў якім разе нельга інтэрпрэтаваць гэтае рашэнне МВФ і размеркаванне SDR як непасрэдна гатоўнасць фінансаваць нелегітымныя ўлады ў Беларусі або як нейкае іх прызнанне.
2) Факт залічэння SDR на краінавы рахунак Беларусі ў МВФ не азначае, што рэжым зможа аўтаматычна імі скарыстацца. Каб абмяняць SDR на вольна канверсоўную валюту, неабходна звярнуцца з афіцыйным запытам у фонд. Офіс Святланы Ціханоўскай, беларуская дыяспара, НАК і іншыя нашыя партнёры прыклалі шмат намаганняў для таго, каб у выпадку, калі нелегітымныя ўлады звернуцца з такім запытам, то МВФ мог бы адмовіць у падтрымцы канвертацыі СДР у валюту. Гэта ў першую чаргу пытанне легітымнасці, а не грошай.
Мы працягнем працаваць над непрызнаннем Фондам легітымнасці цяперашніх «уладаў» Беларусі і абмежаваннем доступу для іх да рахунку SDR і правядзення канвертацыі SDR у валюту. Гэтым пытаннем Офіс Ціханоўскай займаўся з красавіка, працуючы на экспертным і палітычным узроўні. Кульмінацыяй стаў працоўны візіт Святланы Ціханоўскай у Вашынгтон, дзе прайшлі перамовы з сенатарамі і кангрэсменамі. Іх вынікам сталі лісты прэзідэнту ЗША і прадстаўнікам ЗША ў МВФ ад прадстаўнікоў абедзвюх палат Кангрэса.
3) Існуюць прэцэдэнты, калі ўрадам асобных краін быў заблакаваны доступ да іх SDR рахункаў у Фондзе. Гэта адбылося з Венесуэлай і зусім нядаўна з Афганістанам – з той прычыны, што легітымнасць уладаў дадзеных дзяржаў выклікае сур'ёзныя сумневы і пытанні ў міжнароднай супольнасці.
4) Офіс Святланы Ціханоўскай разам з іншымі дэмакратычнымі сіламі і дыяспарай працягне інфармаваць усе афіцыйныя асобы пра падзеі ў Беларусі і паказваць на недапушчальнасць канвертацыі SDR у валюту пры дзеючым у Беларусі рэжыме. У прыватнасці і перш за ўсё мы працягнем інфармаваць Раду кіраўнікоў Фонду, Выканаўчых дырэктарах Фонду, урада і міністраў фінансаў краін-чальцоў МВФ».