
Святлана Ціханоўская — абраная прэзідэнтка Беларусі, чыя перамога на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года прызнаецца міжнароднай супольнасцю, кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і лідарка дэмакратычнага руху краіны.
Палітычны шлях Святланы Ціханоўскай пачаўся ў 2020 годзе, калі яна пайшла на выбары пасля арышту свайго мужа Сяргея Ціханоўскага. Паводле платформы «Голас», за Ціханоўскую прагаласавала не менш за тры мільёны чалавек ці 56% выбаршчыкаў з улікам рэальнай яўкі. Аднак нелегітымны рэжым Аляксандра Лукашэнкі адмовіўся прызнаваць перамогу Ціханоўскай, у краіне пачаліся масавыя пратэсты, а сама Святлана Ціханоўская была вымушаная пакінуць краіну.
Пад яе кіраўніцтвам дэмакратычныя сілы Беларусі стварылі альтэрнатыўныя дэмакратычныя інстытуты — Аб’яднаны Пераходны Кабінет і Каардынацыйную Раду, якія адстойваюць інтарэсы беларусаў і рыхтуюць Беларусь да дэмакратычных зменаў.
Святлана Ціханоўская працуе на міжнароднай арэне, дамагаючыся вызвалення палітычных зняволеных, падтрымкі грамадзянскай супольнасці, ізаляцыі рэжыму і абароны правоў грамадзянаў Беларусі. Яе сталае супрацоўніцтва з сусветнымі лідарамі дазволіла ўмацаваць партнёрствы з ЕС, ЗША, Вялікабрытаніяй, Канадай і іншымі дэмакратычнымі краінамі дзеля набліжэння дэмакратычных зменаў у Беларусі і падрыхтоўкі да іх.
Пасля пачатку паўнамасштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Святлана Ціханоўская асудзіла агрэсію, падтрымала Украіну і заклікала прызнаць рэжым Лукашэнкі саўдзельнікам вайны. Яна паслядоўна выступае за ўзмацненне міжнароднага ціску на рэжымы ў Мінску і Маскве дзеля вызвалення палітвязняў, заканчэння рэпрэсіяў і спынення расійскай агрэсіі супраць Украіны.
Дзейнасць Святланы Ціханоўскай адзначана шэрагам прэстыжных узнагародаў, уключаючы прэмію Сахарава «За свабоду думкі» ад Еўрапейскага Парламента, міжнародную прэмію імя Карла Вялікага, Four Freedoms Award (Нідэрланды, 2022), прэмію Свабоды імя Джона Маккейна, прэмію Свабоды ад Сейма Літвы, Крыж за заслугі ад Эстоніі, і іншыя міжнародныя ўзнагароды ў галіне абароны правоў чалавека і дэмакратыі. У 2021 і 2022 гадах была намінаваная на Нобелеўскую прэмію міру.
Святлана Ціханоўская нарадзілася 11 верасня 1982 года ў Мікашэвічах Брэсцкай вобласці. Скончыла Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, па адукацыі — настаўніца англійскай мовы. Да пачатку палітычнай дзейнасці працавала перакладчыцай і выкладчыцай англійскай мовы.
У 2004 годзе яна выйшла замуж за прадпрымальніка Сяргея Ціханоўскага, які пазней стаў блогерам і актывістам. Сяргей быў арыштаваны перад выбарамі 2020 года і прызнаны палітычным вязнем. Пасля больш чым пяці гадоў зняволення Сяргей Ціханоўскі быў вызвалены ў чэрвені 2025 года. У сям’і Ціханоўскіх двое дзяцей — сын і дачка.