Сённяшні дзень у новым Офісе быў насычаны падзеямі: Святлана Ціханоўская правяла сустрэчы з міжнароднымі партнёрамі, разам з мэрам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім урачыста адкрыла Офіс і распавяла пра яго далейшую працу і ролю ў беларускім дэмакратычным руху.
На міжнароднае адкрыццё завіталі дыпламаты, польскія палітыкі, эксперты і прадстаўнікі міжнародных арганізацый. З прамовамі да гасцей звярнуліся Святлана Ціханоўская, Рафал Тшаскоўскі і намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка.
У межах адкрыцця беларуская лідарка таксама правяла працоўную сустрэчу з мэрам Варшавы, падчас якой абмеркавалі падтрымку беларусаў у польскай сталіцы, новыя сумесныя культурныя і спартыўныя ініцыятывы, а таксама магчымасць дадаць беларускую мову на афіцыйны сайт мэрыі. Акрамя таго, Ціханоўская адказала на пытанні беларускіх, польскіх і міжнародных журналістаў падчас двух прэс-брыфінгаў.
А ўвечары адбылося адкрыццё Офіса для беларускай супольнасці. У новай прасторы сабраліся былыя палітвязні, прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, беларускіх арганізацый і ініцыятыў, незалежных медыя і дзеячы культуры.
Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з прамовай. Таксама перад гасцямі выступілі Павел Латушка, спікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан і кіраўнік Беларускага Моладзевага Хаба Алесь Лапко. Вечар працягнуўся музычнай праграмай і нефармальнымі зносінамі.
Ужо цяпер беларусы, арганізацыі і ініцыятывы могуць падаваць заяўкі на правядзенне ўласных мерапрыемстваў у новай грамадскай прасторы пры Офісе.