29 кастрычніка ў Таліне Святлана Ціханоўская сустрэлася са спецыяльнымі пасланнікамі па Беларусі, прадстаўнікамі міністэрстваў замежных справаў і інстытутаў Еўрапейскага саюза. Галоўнымі тэмамі сталі вызваленне беларускіх палітвязняў, падтрымка ахвяраў рэпрэсій, захаванне незалежнасці Беларусі і каардынацыя міжнародных намаганняў для вырашэння беларускага крызісу.
У сустрэчы былі прадстаўленыя 17 краін: Эстонія, ЗША, Данія, Фінляндыя, Латвія, Літва, Францыя, Ірландыя, Вялікабрытанія, Германія, Швецыя, Нарвегія, Чэхія, Ісландыя, Канада, Украіна і Польшча. Таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў і Еўрапейскай камісіі.
Падчас сустрэчы абмеркавалі шэсць асноўных пытанняў.
1. Вызваленне палітвязняў і далейшыя дыпламатычныя намаганні
Адной з цэнтральных тэмаў стала вызваленне беларускіх палітычных зняволеных і магчымыя наступныя крокі для спынення рэпрэсій у Беларусі.
Святлана Ціханоўская падзякавала адміністрацыі ЗША, спецыяльнаму пасланніку Джону Коўлу і яго камандзе за намаганні, дзякуючы якім удалося дамагчыся вызвалення сотняў людзей. Яна адзначыла важнасць працягу амерыканскіх дыпламатычных намаганняў і выкарыстання міжнародных інструментаў уплыву для дасягнення далейшых вызваленняў.
Асобную падзяку Ціханоўская выказала Еўрапейскаму саюзу і краінам-партнёрам, якія працягваюць аказваць ціск на рэжым Лукашэнкі і паслядоўна ўздымаюць пытанні палітвязняў і парушэнняў правоў чалавека.
Ціханоўская падкрэсліла, што вызваленне людзей павінна суправаджацца спыненнем новых арыштаў і палітычнага пераследу. Яна адзначыла, што беларускія дэмакратычныя сілы выступаюць за шырокую палітычную амністыю і пачатак унутрыбеларускага дыялогу як шлях да выхаду з палітычнага крызісу.
2. Дапамога вызваленым палітвязням і ахвярам рэпрэсій
Удзельнікі абмеркавалі падтрымку беларусаў, якія выйшлі з месцаў зняволення, у тым ліку тых, хто пасля вызвалення быў прымусова вывезены з Беларусі.
Асаблівую ўвагу надалі практычным патрэбам гэтых людзей: медыцынскай і псіхалагічнай рэабілітацыі, атрыманню дакументаў, легалізацыі ў краінах знаходжання, забеспячэнню жыллём і дапамозе ў адаптацыі пасля зняволення.
Святлана Ціханоўская падзякавала міжнародным партнёрам за падтрымку праваабарончага цэнтра «Вясна», праваабарончых арганізацый і Міжнароднага гуманітарнага фонду. Да падтрымкі фонду ўжо далучыліся 15 дзяржаў.
Асобна яна адзначыла дапамогу Літвы, Польшчы і Германіі ў прыёме вызваленых палітвязняў і арганізацыі неабходнай падтрымкі пасля іх вызвалення.
3. Падтрымка незалежных медыяў, моладзі і беларускай культуры
Падчас сустрэчы закранулі неабходнасць захавання міжнароднай падтрымкі беларускіх незалежных медыяў, праваабарончых арганізацый, адукацыйных і культурных ініцыятываў.
Асобна абмеркавалі праграмы для беларускай моладзі, магчымасці атрымання адукацыі і падтрымку беларускай мовы і культуры.
Ціханоўская адзначыла, што ва ўмовах працяглых рэпрэсій і русіфікацыі гэтыя ініцыятывы маюць асаблівае значэнне. Яны дапамагаюць беларусам атрымліваць незалежную інфармацыю, захоўваць нацыянальную ідэнтычнасць, падтрымліваць сувязі паміж сабой і развіваць навыкі, неабходныя для будучых дэмакратычных пераменаў.
4. Расійская вайсковая прысутнасць і эканамічная залежнасць Беларусі
Бакі абмеркавалі пагрозы беларускаму суверэнітэту, звязаныя з узмацненнем расійскай вайсковай прысутнасці і павелічэннем залежнасці рэжыму Лукашэнкі ад Расіі.
Асобную ўвагу надалі выкарыстанню беларускай тэрыторыі і інфраструктуры ў ваенных мэтах, а таксама пагрозам, якія гэта стварае для суседніх краін і бяспекі ўсяго рэгіёна.
Таксама закранулі эканамічную залежнасць Беларусі ад Расіі, удзел беларускіх прадпрыемстваў у выкананні заказаў расійскага ваенна-прамысловага комплексу і спробы абыходу міжнародных санкцый.
Удзельнікі абмеркавалі неабходнасць далейшага маніторынгу гэтых працэсаў і каардынацыі міжнародных дзеянняў для абароны незалежнасці Беларусі.
5. Супольная стратэгія Еўропы, ЗША і Канады ў дачыненні да Беларусі
Адной з тэмаў стала далейшая каардынацыя міжнароднай палітыкі ў дачыненні да Беларусі.
Абмеркавалі, як узгадняць дыпламатычныя намаганні ЗША, Еўрапейскага саюза, Канады і іншых партнёраў, каб спрыяць вызваленню палітвязняў, спыненню рэпрэсій і стварэнню ўмоў для дэмакратычных пераменаў.
Святлана Ціханоўская падкрэсліла важнасць захавання адзінства міжнародных партнёраў і паслядоўнай палітыкі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Яна адзначыла, што гуманітарныя намаганні па вызваленні людзей неабходна працягваць, адначасова захоўваючы міжнародны ціск за парушэнні правоў чалавека.
6. Мірныя перамовы па Украіне і будучыня Беларусі
Асобная частка размовы была прысвечаная магчымым перамовам аб завяршэнні расійскай вайны супраць Украіны і іх наступствам для Беларусі.
Святлана Ціханоўская адзначыла, што будучыня Беларусі непасрэдна звязаная з развіццём сітуацыі ва Украіне. Паводле яе, моцная і незалежная Украіна створыць новыя магчымасці для дэмакратычных пераменаў у Беларусі і ўмацавання бяспекі ў рэгіёне.
Ціханоўская падкрэсліла, што Беларусь не павінна стаць разменнай манетай у магчымых дамоўленасцях паміж Расіяй і Захадам. Любыя рашэнні аб будучыні рэгіянальнай бяспекі павінны ўлічваць беларускі суверэнітэт і неабходнасць спынення расійскай вайсковай прысутнасці ў Беларусі.
Яна таксама адзначыла, што міжнародныя намаганні павінны быць накіраваныя на вызваленне Беларусі ад залежнасці ад Расіі і рэжыму Лукашэнкі, а не на захаванне цяперашняй сістэмы ўлады ў краіне.
Напрыканцы сустрэчы Святлана Ціханоўская заклікала міжнародных партнёраў захоўваць адзінства і працягваць скаардынаваную працу па беларускім пытанні.
Яна падкрэсліла, што, нягледзячы на розныя падыходы і погляды, беларускія дэмакратычныя сілы аб’ядноўваюць супольныя мэты: вызваленне ўсіх палітвязняў, спыненне рэпрэсій, аднаўленне справядлівасці, абарона незалежнасці Беларусі і правядзенне дэмакратычных пераменаў.
