29 кастрычніка ў Таліне Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з міністаркай культуры Эстоніі Хейдзі Пурга. Абмеркавалі развіццё беларуска-эстонскага культурнага супрацоўніцтва, падтрымку беларускіх творцаў, пераклады літаратуры, інтэграцыю беларусаў у Эстоніі і сумесныя ініцыятывы ў сферы культуры і спорту.
Святлана Ціханоўская падзякавала Эстоніі за паслядоўную падтрымку беларускай культуры і дапамогу творцам, якія праз рэпрэсіі былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Яна адзначыла важнасць таго, каб беларускія мастакі, пісьменнікі, музыкі і іншыя дзеячы культуры маглі працягваць сваю працу, прадстаўляць беларускую культуру на міжнароднай сцэне і знаходзіць новыя магчымасці для творчай дзейнасці.
Галоўныя пытанні сустрэчы:
– Роля культуры ў захаванні беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Ціханоўская падкрэсліла, што сёння беларуская мова, літаратура і мастацтва па-ранейшаму адыгрываюць важную ролю ў захаванні нацыянальнай самабытнасці і супрацьстаянні русіфікацыі.
– Літаратурныя пераклады як кірунак супрацоўніцтва. Абмеркавалі падтрымку перакладу беларускіх твораў на эстонскую мову, а таксама эстонскай літаратуры на беларускую. Такія праекты дапамогуць чытачам абедзвюх краін лепш пазнаёміцца з культурай, гісторыяй і літаратурнай спадчынай адно аднаго. Хейдзі Пурга выказала гатоўнасць разгледзець магчымасці падтрымкі перакладчыцкіх праектаў праз Фонд інтэграцыі і культурныя фонды Эстоніі.
– Пашырэнне падтрымкі беларускіх культурных ініцыятываў. Ціханоўская заклікала разгледзець магчымасці дапамогі беларускім пісьменнікам, кінематаграфістам, музыкам і культурным арганізацыям, у тым ліку праз грантавыя праграмы. Адзначылі, што ў Эстоніі зарэгістраваная Беларуская Рада культуры, а таксама дзейнічаюць іншыя беларускія ініцыятывы, якія маюць патрэбу ў падтрымцы.
– Магчымасці ўдзелу беларускіх музыкаў, артыстаў і творчых калектываў у эстонскіх фестывалях, культурных імпрэзах і сумесных праектах. Такое супрацоўніцтва дазволіць пашыраць прысутнасць беларускай культуры ў Эстоніі і наладжваць сувязі паміж творчымі супольнасцямі дзвюх краін.
– Інтэграцыя беларусаў у Эстоніі. Абмеркавалі дзейнасць беларускай супольнасці, магчымасці яе ўдзелу ў жыцці краіны, а таксама праблемы, з якімі беларусы сутыкаюцца пры вывучэнні эстонскай мовы. У прыватнасці, звярнулі ўвагу на недахоп месцаў на моўных курсах.
Паколькі Міністэрства культуры Эстоніі адказвае таксама за сферу спорту, падчас сустрэчы абмеркавалі і спартыўнае супрацоўніцтва. Разгледзелі магчымасць правядзення дабрачыннага футбольнага матчу ці турніру з удзелам беларускіх і эстонскіх удзельнікаў.
Асобна абмеркавалі пытанне ўдзелу беларускіх спартоўцаў у міжнародных спаборніцтвах. Бакі падкрэслілі важнасць індывідуальнага падыходу, які дазваляе адрозніваць незалежных беларускіх атлетаў ад прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі і тых, хто падтрымлівае расійскую агрэсію супраць Украіны.
Пасля сустрэчы Святлана Ціханоўская і Хейдзі Пурга разам узялі ўдзел у «Ночы расстраляных паэтаў» у Таліне. Мерапрыемства было прысвечанае памяці беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, навукоўцаў і іншых прадстаўнікоў інтэлігенцыі, забітых сталінскім рэжымам у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года.
Падчас памятнага вечара міністарка культуры Эстоніі прачытала на эстонскай мове верш расстралянага беларускага паэта Юркі Лявоннага «Я хачу няшмат чаго…».
