29 верасня ў Бруселі адбыліся перамовы Святланы Ціханоўскай з сустаршынёй Парламенцкай асамблеі Еўранэст Сяргеем Лагадзінскім. Адна з галоўных тэм сустрэчы — удзел прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі ў працы Еўранэсту.
Пасля 2020 года ўдалося размарозіць 10 месцаў, прадугледжаных для Беларусі ў Асамблеі, і дамагчыся магчымасці для прадстаўнікоў дэмакратычных сіл удзельнічаць у пасяджэннях і выступаць па беларускім пытанні ў якасці гасцей.
Цяпер задача — зрабіць гэты ўдзел больш сістэмным і атрымаць статус назіральніка.
Што гэта азначае?
– магчымасць удзельнічаць у працы камісій;
– удзел у пленарных пасяджэннях;
– доступ да іншых фарматаў парламенцкай працы.
Права голасу пры гэтым не прадугледжваецца. Але статус назіральніка дазволіць прадстаўнікам Беларусі быць больш актыўна ўключанымі ў працу Асамблеі і пастаянна даносіць пазіцыю дэмакратычных сіл.
Зараз працягваецца праца над прававымі пытаннямі і фармулёўкамі. Калі дамоўленасці будуць дасягнутыя, рашэнне можа быць вынесена на разгляд бліжэйшай сесіі Еўранэсту ў пачатку наступнага года.
Для Беларусі гэта важна, бо парламенцкая дыпламатыя — гэта не толькі магчымасць выступіць з трыбуны. Гэта штодзённая праца, кантакты з еўрапейскімі парламентарыямі і ўдзел у абмеркаванні рашэнняў, якія ўплываюць на будучыню рэгіёну.
