• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай на другім EU Parliamentary Democracy Forum

    29 верасня, 2026

    29 верасня ў Бруселі Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай на другім EU Parliamentary Democracy Forum, арганізаваным прэзідэнткай Еўрапейскага парламента Рабертай Метсолай пры падтрымцы віцэ-прэзідэнтаў Катарыны Барлі і Эстэбана Гансалеса Понса.

    У Форуме бяруць удзел прадстаўнікі European Endowment for Democracy, Council of Europe, International IDEA, European Partnership for Democracy, Civil Society Europe, ALDA, European Movement International, FEPS і іншых арганізацыяў.

    Святлана Ціханоўская:

    «Шаноўныя сябры,

    Роўна шэсць гадоў таму я ўпершыню ўвайшла ў гэты будынак. Я дагэтуль памятаю гэтае пачуццё: я дрыжала.

    Тады я была палітычным пачаткоўцам, кінутым у глыбокія воды палітыкі.

    У мяне не было палітычнага вопыту. Маё рашэнне балатавацца супраць дыктатара было спантанным.

    Часам жыццё не пытаецца, гатовы ты ці не. Ты проста робіш тое, што лічыш правільным.

    Мы толькі што перамаглі на выбарах, але, як гэта часта бывае пры дыктатуры, дыктатар адмовіўся сысці і развязаў жорсткі тэрор супраць уласнага народа. Людзей білі, стралялі, забівалі і саджалі ў турмы.

    Сотні тысяч мірна пратэставалі на вуліцах. Але мы хутка зразумелі, што нашы сілы няроўныя. Нам была патрэбна міжнародная падтрымка.

    І адным з першых месцаў, куды я прыехала, быў Еўрапейскі парламент. Таму што я ведала, што тут, у самым сэрцы еўрапейскай дэмакратыі, я знайду саюзнікаў. І многія з іх сталі сапраўднымі сябрамі.

    Тут мне не даводзілася тлумачыць, чаму дэмакратыя мае значэнне ці чаму важная наша барацьба. Многія еўрапейскія нацыі — палякі, чэхі, славакі, літоўцы, латышы, эстонцы, грэкі, іспанцы, партугальцы — маюць уласны вопыт жыцця пры дыктатуры.

    Еўрапейскі парламент адразу падтрымаў наш дэмакратычны рух і фармалізаваў адносіны з дэмакратычнай Беларуссю, а не з нелегітымным рэжымам.

    Прэзідэнт Давід Сасолі, а затым Раберта Метсола наведвалі мяне ва Вільнюсе, дзе мы толькі пачыналі фармаваць урад у выгнанні.

    За прыкладам Еўрапейскага парламента нацыянальныя парламенты — германскі, італьянскі, ірландскі, шведскі, французскі і іншыя — таксама падтрымалі нас, робячы заявы, беручы шэфства над палітвязнямі і патрабуючы ад сваіх урадаў дзеянняў — шляхам увядзення санкцый. Дваццаць чатыры парламенты па ўсёй Еўропе стварылі групы «За дэмакратычную Беларусь».

    Я ўбачыла рэальную сілу парламенцкай дэмакратыі.

    Калі ў Беларусь прыйдуць змены — а я ведаю, што яны прыйдуць — адной з нашых першых задач будзе аднаўленне рэальнай сілы і сэнсу парламента. Парламент мусіць служыць народу, а не рэжыму. Больш за тое, моцная парламенцкая дэмакратыя — гэта адзін з найлепшых антыдотаў супраць дыктатуры.

    Пры дыктатуры хочуць, каб людзі маўчалі, былі паслухмянымі і лаяльнымі. Хочуць, каб людзі трымаліся далей ад палітыкі. З школы цябе вучаць: не вылучайся. Будзь як усе. Палітыка — не твая справа. Менавіта гэта і трымае дыктатуру на плаву.

    Менавіта гэта дапамагло Лукашэнку прыйсці да ўлады 30 гадоў таму і ўтрымлівацца так доўга — калі людзі не ўдзельнічаюць у палітыцы і не задаюць пытанняў. Дзякуючы гэтаму дыктатар можа ствараць ілюзію стабільнасці і міру.

    Шмат гадоў я і сама была такой. Як і многія, я імкнулася пазбягаць палітыкі. Але ў рэшце рэшт палітыка не проста прыйшла ў мой дом, яна ледзь не знішчыла краіну і ўцягнула яе ў вайну.

    Дыктатары, якія не паважаюць уласны народ, не будуць паважаць і сваіх суседзяў.

    Таму сёння я хачу звярнуцца перш за ўсё да моладзі ў гэтай залі. Калі вы хочаце абараніць сваю свабоду і дэмакратыю — вылучайцеся. Гаварыце гучна. Удзельнічайце. Балатаруйцеся ў парламент. Не дазваляйце нікому скрасці ваш голас.

    Ніколі не прымайце дэмакратыю як належнае. Дэмакратыю трэба берагчы, яе трэба абараняць кожны божы дзень. І гэта задача не толькі ўрадаў, але і людзей, грамадзянскай супольнасці, бізнесу. Не дазваляйце папулізму і аўтарытарным лідарам забіць вашу дэмакратыю знутры.

    Дэмакратыям не патрэбная «цвёрдая рука». Нам патрэбныя разумныя галовы, моцныя інстытуты і адказныя грамадзяне.

    Абараняйце свабоду дома, але таксама дапамагайце тым, хто змагаецца за яе кожны дзень. Лёс дэмакратыі вырашаецца сёння ў Беларусі, Малдове, Грузіі, але насамрэч найперш у Украіне.

    Украіна плаціць найвышэйшую цану — чалавечымі жыццямі — абараняючы саму будучыню Еўропы і будучыню дэмакратыі. Я цвёрда веру, што поспех Украіны адкрые акно магчымасцяў і для маёй любімай Беларусі.

    І я ведаю, што часам узнікае спакуса дамовіцца з дыктатарамі — Пуціным, Лукашэнкам і іншымі. Але дыктатары ўспрымаюць слабасць як запрашэнне. У нас не павінна быць ілюзій. Дыктатары разумеюць мову сілы. І дэмакратыі мусяць быць гатовыя паказаць зубы.

    Мы павінны захоўваць санкцыі супраць Расіі і Лукашэнкі. Але адначасова з тым — умацоўваць грамадства. Адной толькі ваеннай моцы недастаткова. Патрэбныя людзі, гатовыя абараняць свае каштоўнасці.

    Вось чаму важны «Еўрапейскі шчыт дэмакратыі» (European Democracy Shield). Еўропа прызнала пагрозы — замежнае ўмяшанне, дэзынфармацыю, атакі на выбары і дэмакратычныя інстытуты. Цяпер нам патрэбныя дзеянні, а не проста занепакоенасць.

    Мы, беларусы, гатовыя зрабіць уласны ўнёсак. У нас за плячыма дзесяцігоддзі вопыту супраціву дыктатуры, прапагандзе і расійскаму ўмяшанню. Гэты вопыт можа быць карысным для Еўропы.

    Таму што больш дэмакратыі дома і ў нашым суседстве азначае больш бяспекі для Еўропы.

    І чым мацнейшыя ды больш устойлівыя нашы дэмакратыі, тым менш прасторы застаецца дыктатарам для выкарыстання нашых слабасцяў.

    Шаноўныя сябры,

    Дыктатуры могуць выглядаць стабільнымі да таго самога моманту, калі яны пачынаюць рушыцца. І гэты момант часта надыходзіць тады, калі яго ніхто не чакае. Але мы мусім быць гатовыя.

    Дзякуй усім арганізатарам, міжнародным гасцям і прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці, якія прыйшлі сюды сёння. Дзякуй парламентарыям з усёй Еўропы ў асобе спікеркі Вероны Мёрфі, якія працягваюць адстойваць дэмакратычныя інстытуты і правы чалавека.

    Мая асобная падзяка прэзідэнтцы Раберце Метсоле, віцэ-прэзідэнтам Катарыне Барлі і Эстэбану Гансалесу Понсу, а таксама генеральнаму дырэктару Санне Лепале і яе бліскучай камандзе — за скліканне гэтага Форуму і за магчымасць для абаронцаў дэмакратыі быць за гэтым сталом.

    Мы тут сёння не для таго, каб маўчаць.

    Мы тут, каб гаварыць. Каб вылучацца. Каб абараняць нашу дэмакратыю.

    І адно паведамленне мусіць быць вельмі зразумелым: мы не здадзімся.

    Жыве Еўропа!

    Слава Украіне!

    І Жыве Беларусь!»

    Апошнія навіны