Дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі ўзяў удзел у панэльнай дыскусіі «Паміж салідарнасцю і асцярожнасцю: успрыняцце Беларусі грамадствам Латвіі, Літвы і Эстоніі».
Падчас дыскусіі абмеркавалі стаўленне грамадстваў краін Балтыі да Беларусі і беларусаў, уплыў рэжыму Лукашэнкі на рэгіянальную бяспеку, а таксама тое, як еўрапейскія краіны могуць падтрымліваць беларускае грамадства, не ўзмацняючы ізаляцыю беларусаў.
У дыскусіі таксама ўдзельнічалі акадэмічны дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч і дырэктар Першага дэпартамента двухбаковых адносін МЗС Латвіі Улдыс Мікуцс. Мадэравала сустрэчу даследчыца Латвійскага інстытута міжнародных спраў Беатэ Ліўданска.
Падчас свайго выступлення Дзяніс Кучынскі акцэнтаваў увагу на ключавых пытаннях рэгіянальнай бяспекі, развянчанні міфаў пра падтрымку вайны беларускім грамадствам і неабходнасці падзелу паміж рэжымам і народам.
Ключавыя тэзы Дзяніса Кучынскага:
– Беларускі народ — не рэжым. Абсалютная большасць беларусаў адпрэчвае вайну і «рускі мір» ды падтрымлівае Украіну. Цішыня ўнутры краіны — вынік шасцігадовых рэпрэсіяў.
– Рэжым Лукашэнкі стварае пагрозу бяспецы Латвіі. Беларуская тэрыторыя фактычна ператварылася ў ваенны плацдарм Расіі. Размяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі і планы па разгортванні ракет «Арэшнік» адбываюцца супраць волі беларускага народа. Адначасова рэжым працягвае выкарыстоўваць гібрыдныя інструменты супраць суседніх краін.
– Дэмакратычная Беларусь — частка рашэння для рэгіянальнай бяспекі. «Свабодная, незалежная і еўрапейская Беларусь — гэта неабходная ўмова для доўгатэрміновай бяспекі Латвіі і ўсяго рэгіёна. Любая альтэрнатыва азначае захаванне расійскай ваеннай прысутнасці непасрэдна каля вашай мяжы», — адзначыў Кучынскі.
– Беларусы робяць унёсак у супольную бяспеку. Беларускія арганізацыі ў выгнанні, у тым ліку BelPol, і аналітычныя цэнтры, такія як iSANS, дапамагаюць выкрываць агентурныя сеткі рэжыму і супрацоўнічаюць з еўрапейскімі інстытутамі. Акрамя таго, тысячы беларускіх добраахвотнікаў з 2022 года ваююць за Украіну. Дарадца заклікаў еўрапейскія краіны забяспечыць добраахвотнікам і ветэранам легальны статус, рэабілітацыю і неабходную падтрымку.
– Беларусы ў выгнанні — не пагроза, а рэсурс для Еўропы. Больш за 790 000 беларусаў былі вымушаныя пакінуць краіну праз рэпрэсіі і палітыку рэжыму, у тым ліку пасля спынення доступу да консульскіх паслуг. Нягледзячы на існуючыя бар’еры, беларусы развіваюць бізнес, ствараюць працоўныя месцы і робяць значны ўнёсак у эканомікі краін ЕС. Больш за 9 300 кампаніяў з беларускім капіталам працуюць у Еўрапейскім саюзе.
– Беларусам патрэбныя гуманітарныя і легалізацыйныя рашэнні. Дзяніс Кучынскі падзякаваў Літве, Іспаніі і Швецыі за рашэнні, якія дазваляюць беларусам атрымліваць неабходныя дакументы і легальна заставацца ў гэтых краінах, і заклікаў Латвію ды іншыя краіны ЕС прымяняць падобныя падыходы. Ён таксама выказаў занепакоенасць абмежаваннямі на куплю нерухомасці, якія могуць прыраўноўваць ахвяр рэжыму да грамадзян краіны-агрэсара.
Напрыканцы дыскусіі Дзяніс Кучынскі сфармуляваў галоўны прынцып у дачыненні да Беларусі: максімальны ціск на рэжым і максімальная адкрытасць для беларускага грамадства. Гэта азначае захаванне санкцый, прыцягненне рэжыму да адказнасці і адсутнасць яго легітымізацыі — адначасова з падтрымкай незалежных медыя і грамадзянскай супольнасці, гуманітарнымі рашэннямі для беларусаў і адмовай ад калектыўных абмежаванняў.
