Пасля завяршэння афармлення новых унёскаў колькасць краін-удзельніц фонду дасягне 15. Агулам яны накіруюць на падтрымку беларусаў каля €200 тысяч.
Дырэктар Офіса Святланы Ціханоўскай у Вільні Дзяніс Кучынскі правёў размову з генеральнай сакратаркай Нарвежскага Хельсінкскага камітэта Берыт Ліндэман. Камітэт выступае аператарам Міжнароднага гуманітарнага фонду дапамогі ахвярам рэпрэсій у Беларусі.
Падчас размовы бакі абмеркавалі актуальны стан фонду, выкарыстанне ўжо атрыманых сродкаў і працу па далучэнні новых дзяржаў. Большая частка папярэдніх паступленняў ужо была накіраваная на дапамогу людзям, якія пацярпелі ад рэпрэсій, у тым ліку палітзняволеным, вызваленым цягам апошняга года.
Таму важна прыцягваць новыя паступленні і загадзя рыхтаваць дастатковы запас сродкаў на выпадак наступных вызваленняў.
Цяпер завяршаецца афармленне ўнёскаў яшчэ ад дзвюх краін. Іх агульная сума складзе каля €200 тысяч.
Далучэнне новых краін стала вынікам перамоваў, якія Святлана Ціханоўская і яе каманда праводзілі з кіраўніцтвам гэтых дзяржаў. Колькасць краін-удзельніц фонду дасягне 15. Такім чынам будзе выкананая мэта, якую каманда ставіла перад сабой раней.
Падтрымка фонду не абмяжоўваецца першымі ўнёскамі. Ісландыя ўжо зрабіла тры ўнёскі, а Эстонія і Нарвегія паўторна накіравалі сродкі ў 2026 годзе. Працягваюцца перамовы і з іншымі дзяржавамі, якія разглядаюць магчымасць новых паступленняў: сярод іх Фінляндыя і Іспанія.
За 2024–2026 гады краіны зафіксавалі ўнёскі ў фонд на суму больш за €3 мільёна. Гэтыя сродкі размяркоўваюцца праз беларускія праваабарончыя і гуманітарныя арганізацыі, якія непасрэдна працуюць з палітзняволенымі, вызваленымі людзьмі і сем’ямі, што пацярпелі ад рэпрэсій.
Наступная мэта — пашырыць кола ўдзельнікаў да 18–20 краін да канца года. Гэта неабходна, каб фонд мог не толькі рэагаваць на сённяшнія запыты, але і меў рэзерв для хуткай дапамогі падчас новых вызваленняў.
Офіс Святланы Ціханоўскай дзякуе Берыт Ліндэман, камандзе Міжнароднага гуманітарнага фонду, краінам-донарам, а таксама беларускім праваабарончым і гуманітарным арганізацыям, якія штодня ператвараюць міжнародную падтрымку ў канкрэтную дапамогу людзям.
