У Дзень ведаў Святлана Ціханоўская звярнулася да школьнікаў, студэнтаў, настаўнікаў і бацькоў. Яна заклікала маладых людзей захоўваць цікаўнасць і шукаць свой шлях, падзякавала настаўнікам, якія пад ціскам ідэалогіі працягваюць вучыць дзяцей думаць, а бацькам — за падтрымку і сумленныя размовы з дзецьмі дома.
«Сёння пачынаецца новы навучальны год. Новыя класы і аўдыторыі, новыя знаёмствы, сустрэчы з сябрамі і планы на цэлы год наперад.
Сёння многія бацькі і настаўнікі глядзяць на беларускую адукацыю з трывогай. У школе — усё больш ідэалогіі і забарон, а прасторы для рэалізацыі сваіх талентаў — усё менш.
Адпраўляючы дзяцей у школу, мы спадзяемся, што іх навучаць даведвацца пра новае, шукаць сябе, дадуць магчымасць памыляцца і вучыцца на сваіх памылках. Але ўсё часцей ім прапануюць гатовыя «правільныя» адказы і тлумачаць, якія пытанні лепш не задаваць.
Так не павінна быць. Адукацыя мусіць даваць дзіцяці свабоду думаць, а настаўніку — свабоду вучыць.
Сёння я хачу сказаць усім школьнікам і студэнтам: не страчвайце зацікаўленасці і інтарэсу. Нягледзячы ні на што, шукайце тое, што цікава менавіта вам, развівайце свае таленты, знаёмцеся і знаходзьце сваіх людзей. Веды і ўменні, якія вы здабываеце сёння, застануцца з вамі пры любых абставінах.
Я ведаю, што многія настаўнікі хацелі б займацца тым, дзеля чаго яны калісьці прыйшлі ў прафесію: даваць дзецям веды, заўважаць іх здольнасці, вучыць думаць і не баяцца задаваць пытанні. Але замест гэтага рэжым патрабуе ад вас ідэалагічных мерапрыемстваў і прымушае выконваць чужую працу, рамантуючы класы і мыючы падлогі. І тым каштоўней, што нават у такіх умовах вы працягваеце заставацца сапраўднымі настаўнікамі. Вашая годнасць і гонар — найлепшы ўрок для маладога пакалення.
Я хачу сказаць дзякуй усім бацькам, якія дапамагаюць дзецям развіваць найлепшыя якасці ў сабе. Сёння, калі ў школе не заўсёды можна атрымаць сумленныя адказы на складаныя пытанні, асабліва важна, каб іх можна было задаць дома. Размаўляйце з дзецьмі пра тое, што адбываецца навокал, і падтрымлівайце іх права мець уласнае меркаванне.
Я ведаю, што прыйдзе час, калі беларуская школа зноў будзе месцам ведаў, развіцця і свабоды, а не страху і ідэалогіі. Таму што тое, якую адукацыю атрымліваюць нашы дзеці сёння, вызначае, якой будзе Беларусь заўтра.
З Першым верасня!»
