У Варшаве Святлана Ціханоўская выступіла на EDS Summer University 2026 — штогадовым форуме Еўрапейскай асацыяцыі студэнтаў-дэмакратаў. Форум сабраў маладых лідараў, палітыкаў і экспертаў з розных краін Еўропы: у ім прынялі ўдзел прадстаўнікі еўрапейскіх моладзевых палітычных арганізацый, эксперты і польскія палітыкі.
Падчас выступу Ціханоўская адзначыла, што рэжым захаваў уладу толькі дзякуючы падтрымцы з боку Расіі, расплачваючыся за гэта беларускім суверэнітэтам. Нягледзячы на гэта, Еўропа ўсё часцей успрымае Беларусь не як працяг Расіі, а як частку сваёй будучыні. Ціханоўская нагадала, што лёс Беларусі непарыўна звязаны з бяспекай усяго рэгіёну.
Яна адзначыла, што рэжым Лукашэнкі ператварыў краіну ў плацдарм для расійскай агрэсіі, але гэта не азначае, што беларусы падтрымліваюць вайну ці адмовіліся ад сваёй незалежнасці.
Асобную ўвагу лідарка дэмакратычных сіл надала салідарнасці з Украінай, неабходнасці захавання міжнароднага ціску на рэжым і падтрымцы беларускага грамадства, якое працягвае супраціўляцца рэпрэсіям.
«Падтрымлівайце маладых беларусаў. Пакідайце еўрапейскія ўніверсітэты адкрытымі для беларускіх студэнтаў. Працягвайце падтрымліваць незалежныя медыя і грамадзянскую супольнасць. Працягвайце запрашаць беларусаў да ўдзелу ў вашых мерапрыемствах і праектах. Мы хочам быць карыснымі, дзяліцца сваім досведам і вучыцца ў вас. Польшча прыняла сотні тысячаў беларусаў, якія былі вымушаныя ўцякаць ад рэпрэсій, бо палякі добра ведаюць са сваёй гісторыі, што такое дыктатура. Сёння Польшча дапамагае тым, хто працягвае змагацца за свабоду. Я веру, што салідарнасць — гэта наша найвялікшая сіла. Менавіта яна дапамагае».
